Маці з дачкой сарвалі з клумбы кветкі, цяпер іх хочуць судзіць за групавое рабаванне — да 6 год калоніі

Абсурдны выпадак здарыўся ў Віцебску. Напрыканцы кастрычніка мясцовая жыхарка гуляла ў двары разам з 15-гадовай дачкой. Ля аднаго з дамоў яны ўбачылі кветкі расходнікі на клумбе. Вырашылі сарваць, каб зрабіць ікебану. Пенсіянерка з першага паверху зняла гэта на відэа і адправіла ў Следчы камітэт. А там дзеянні віцеблянкі і яе дачкі расцанілі як рабаванне, цяпер ім пагражае да шасці год зняволення.

Ілюстрацыйны здымак

Ілюстрацыйны здымак


Інфармацыю ў сябе на старонцы ў фэйсбуку апублікаваў віцебскі адвакат Ігар Сцяпанаў, які прадстаўляе інтарэсы абвінавачаных. Па яго словах, калі да яго звярнуліся па кансультацыю, ён нават паверыць не мог, што следчыя ўсур’ёз могуць завесці крымінальную справу па такой дробязі, дый яшчэ па такім сур’ёзным артыкуле. Справа ў тым, што кошт папсаваных кветак ацанілі на 30 рублёў. Гэтага недастаткова для завядзення крымінальнай справы. Максімум, што можа пагражаць віцеблянцы і яе дачцэ, — адміністратыўны штраф.

Адвакат характарызуе сям’ю станоўча, кажа, што ў бацькі юрыдычная адукацыя і свой бізнэс. Аднак праз гэты выпадак у сям’і ўжо пачаліся праблемы — іх паставілі на ўлік як сацыяльна-небяспечную сям’ю. А дзяўчынку ў школе цкуюць аднакласнікі.

Да суда справа пакуль не дайшла. Абаронца ўпэўнены, што складу крымінальнага злачынства ў дадзеным выпадку няма.

Паводле «Нашай Нівы»


Каментаваць