Мадэрнізацыя пры Лукашэнку: місія невыканальная?

20,9% нашых грамадзян ведаюць або чулі пра ініцыятыву ЕС "Еўрапейскі дыялог аб мадэрнізацыі з Беларуссю". Такую лічбу дало вераснёўскае нацыянальнае апытанне НІСЭПД. Лічба нечакана высокая. Яшчэ больш уражвае колькасць тых, хто лічыць, што такая праграма патрэбна краіне, — 40,3%.



Інакш кажучы, дыялог аб мадэрнізацыі апрыёры, з ходу, арыентуючыся толькі на лапідарную фармулёўку сутнасці, падтрымліваюць многія з тых, хто да апытання пра яго і не падазраваў.

Гэты феномен дзіўны таму, што дзяржаўныя мужы і падначаленыя ім СМІ брусельскую ініцыятыву не мілуюць, замоўчваюць. Атрымліваецца, такі эфект дала інфармацыя з незалежнай медыясферы?

Шмат у чым — так, згаджаюцца эксперты. Але пры гэтым раяць не цешыць сябе.

"Лашчыць слых набор слоў: мадэрнізацыя, дыялог, Еўропа"

На думку спецыялістаў, на станоўчае стаўленне да еўрапейскай ініцыятывы спрацаваў камулятыўны эфект. Справа не толькі ў намаганнях незалежных СМІ, але і ў тым, напрыклад, што людзям у прынцыпе не падабаецца цяперашняя сітуацыя, найперш эканамічная. Акрамя таго, "лашчыць слых набор слоў: мадэрнізацыя, дыялог, Еўропа", лічыць эксперт НІСЭПД Сяргей Нікалюк.

У каментарыі для Naviny.by ён нагадаў: згодна з папярэднім, чэрвеньскім, апытаннем гэтай сацыялагічнай службы, 77,3% нашых суайчыннікаў перакананы, што краіна мае патрэбу ў пераменах. "Але гаварыць, што народ гатовы чымсьці ахвяраваць у імя перамен, было б неабдумана", — перакананы аналітык. Хутчэй, гэта сімптом нездавальнення ўзроўнем спажывання.

Тое ж тычыцца і лозунга мадэрнізацыі, мяркуе Нікалюк: "Пакуль я не думаю, што гэта ідэя, якая ахапіла масы". Проста ўсе мы "ловім рэха медыйных падзей", і паколькі "слова "мадэрнізацыя" гучыць з кожнага праса" (бо на свой лад яго стаў раскручваць і кіраўнік дзяржавы), то яно на слыху, моднае, тлумачыць эксперт.

На справе ж, падкрэслівае ён, у грамадства велізарная інерцыя. Любой мадэрнізацыі хтосьці працівіцца. З іншага боку, уладам "зусім не трэба рабіць Беларусь мадэрным грамадствам". Лукашэнка заўсёды толькі заклапочаны эфектыўнасцю вытворчасці і па-свойму (у асноўным праз замену абсталявання на заводах) спрабуе вырашыць праблему, мяркуе Нікалюк.

"Але галоўнае пытанне — хто суб'ект мадэрнізацыі", — тлумачыць суразмоўца Naviny.by. Сёння ў нас такім суб'ектам (гэта значыць тым, хто яе праводзіць) з'яўляецца чыноўнік. І таму мадэрнізацыя паводле задумы цяперашняга кіраўніцтва краіны — без падключэння бізнесу, грамадзянскай супольнасці, незалежных экспертаў; мадэрнізацыя, якую "не хочуць выпускаць за прахадныя", — асуджана, мяркуе аналітык.

Але пры гэтым улада ўжо не зможа і заставацца ў межах старой мадэлі. Бо тая не здольная забяспечыць рост даходаў. Наверсе цудоўна ўсведамляюць, наколькі сур'ёзныя праблемы ў эканоміцы, адносінах з Расіяй, перакананы Нікалюк.

"З перыяду стабільнасці ўлада ўжо выйшла, — гаворыць эксперт НІСЭПД. — Больш за тое, яна сама будзе вымушана парушаць гэтую стабільнасць, уносячы штосьці новае". У выніку "не выключана, што працэс пойдзе, як гарбачоўская перабудова".

Парадокс еўрапейскай мадэрнізацыйнай праграмы: "Дапамога патрэбна, але прыняць яе не можам"

Сацыёлаг Андрэй Вардамацкі, са свайго боку, падкрэслівае: важна разабрацца, што беларусы разумеюць пад словам "мадэрнізацыя". У верасні "Беларуская аналітычная майстэрня", якую ён узначальвае, правяла серыю якасных дыстанцыйных даследаванняў фокус-груп, вывучаючы грамадскую думку аб мадэрнізацыйным пакеце для Беларусі.

У прыватнасці, адзначыў Андрэй Вардамацкі ў інтэрв'ю для Naviny.by, "у людзей ёсць сумненні наконт неабходнасці і магчымасці рэалізацыі праграмы". Ён тлумачыць гэта двума фактарамі — недахопам інфармацыі аб сутнасці прапанаваных рэформ і недастатковым разуменнем матываў ЕС.

Інакш кажучы, беларус не разумее: з якой ласкі Брусель разгоніцца даваць нам грошы? Напэўна, ёсць двайное дно, нейкая хітрая задума. Гэтае чаканне падвоху, на думку Вардамацкага, сфарміравана як вопытам савецкага жыцця (там усё было з двайным дном), так і цяперашняй беларускай прапагандай.

"І тут вялікае поле дзейнасці для незалежных СМІ — зняць невядомасць, неразуменне, недавер адносна дыялогу аб мадэрнізацыі", — лічыць сацыёлаг.

Пры гэтым ён адзначае і дынаміку: калі ў чэрвені, падчас папярэдняга такога даследавання, рэспандэнты практычна нічога не ведалі пра саму ініцыятыву ЕС, то "цяпер яны ўжо патрабуюць канкрэтыкі".

І яшчэ момант: раней сумненні ў поспеху праграмы мадэрнізацыі матываваліся тым, што ўлады гэтага не хочуць. Цяпер жа рэспандэнты робяць акцэнт на нявер'і ў тое, што магчымая кансалідацыі ўлады і грамадства, адзначае сацыёлаг.

Дададзім: а яшчэ ж і само грамадства расколата. Такім чынам, мадэрнізацыя ў цяперашніх беларускіх умовах нагадвае місію, якая ў прынцыпе невыканальная.

"Не столькі адгарадзіцца, колькі, груба кажучы, не аддацца"

Тая ж "Беларуская аналітычная майстэрня" правяла ў верасні і колькаснае апытанне беларусаў (выбарка — больш за тысячу чалавек), якое дала цікавыя вынікі.

Так, адказваючы на пытанне: "Якія меры павінна прыняць кіраўніцтва Рэспублікі Беларусь у першую чаргу, каб радыкальна палепшыць эканамічную сітуацыю ў Беларусі і ўзяць узровень жыцця насельніцтва?" — толькі 7,7% параілі "дабіцца буйнога крэдыту". Такім чынам, маса разумее, што гэта коўзкая дарожка.

Затое варыянт "правесці мадэрнізацыю ў прамысловасці" выбралі 37,3%, "правесці мадэрнізацыю у сельскай гаспадарцы" — 22,8%.

Пры гэтым 18,1% мяркуюць, што па дапамогу ў правядзенні мадэрнізацыі трэба звярнуцца да ЕС, а 32,3% — да Расіі. У сваю чаргу 49,8% тых, хто ўскладае ў гэтым плане надзеі на еўрапейцаў, матывуюць сваё меркаванне тым, што "ў іх высокі навукова-тэхнічны патэнцыял". Але таксама шмат — 42,4% — тых, хто выбраў наступную матывацыю: "Гэта дазволіць Беларусь стаць паўнавартаснай еўрапейскай краінай, умацуе еўрапейскі вектар развіцця Беларусі".

У групе тых, хто супраць апеляцыі да Еўропы, самы распаўсюджаны матыў (41,6%) — "ЕС не ў стане дапамагчы нават членам сваёй супольнасці (Грэцыя), не гаворачы пра іншых". Так, напэўна таксама спрацаваў медыйны эфект — маляўнічыя рэпартажы аб вулічных баях разлютаваных мас з паліцыяй на зямлі Элады ахвотна даюць усе каналы, ад "Еўраньюс" да дзяржаўных беларускіх.

Нарэшце, 17,7% беларусаў перакананы, што мадэрнізацыю краіна павінна праводзіць толькі сваімі сіламі, без нейкай дапамогі. На думку Андрэя Вардамацкага, гэта вялікі сегмент.

Калі глядзець шырэй, то наогул прыкметна падзенне арыентацый беларусаў і на Еўропу, і на Расію, паведаміў сацыёлаг. І гэта "нельга называць ізаляцыянізмам як такім, тут складаны матывацыйны клубок".

За гэтым стаіць разуменне, што асноўныя знешнія гульцы маюць свае інтарэсы, лічыць суразмоўца Naviny.by. "І тут прысутнічае жаданне не столькі адгарадзіцца, колькі, груба кажучы, не аддацца", — мяркуе Вардамацкі.

Галоўная ж цяжкасць у тым, дадае ён, што якраз улада не арыентавана на эфектыўнае выкарыстанне ўнутраных сіл, а шукае знешнія крыніцы вырашэння эканамічных праблем.

Ментальны бар'ер беларускага кіраўніцтва

Такім чынам, з-за таго што пры цяперашніх адносінах з Захадам чакаць адтуль шчодрых падарункаў не даводзіцца (і нават фармальна апалітычны МВФ не дасць грошай без рэформ), разлік беларускага кіраўніцтва — у асноўным на Маскву. Аднак у Масквы ж таксама свае разлікі адносна Беларусі. Дзе кіпцюрок ўшчаміўся, там і ўсёй птушцы гінуць.

Але нават калі ўявіць Крэмль белым і пушыстым, Расія ў прынцыпе не здольная мадэрнізаваць не тое што Беларусь, але і саму сябе.

А галоўны тормаз — гэта ментальны бар'ер самога беларускага кіраўніцтва. Ламаць сістэму страшна.

Таму слова "мадэрнізацыя" для беларуса сёння — толькі ледзянец, які прыемна пакатаць на языку. У рэфарматарскі патэнцыял цяперашняй улады, гэтай піраміды Лукашэнкі, народ не верыць.

Каментаваць