Магілёўскі актывіст Партыі БНФ Сяргей Нягацін абвінавачваецца ў парушэнні парадку распаўсюджвання друкаванай прадукцыі

Вечарам 11 красавіка ў суд Ленінскага раёна Магілёва з міліцыі быў дастаўлены актывіст Партыі БНФ Сяргей Нягацін, які абвінавачваецца ў распаўсюджванні перыядычных друкаваных выданняў без выхадных дадзеных.



Вечарам 11 красавіка ў суд Ленінскага раёна Магілёва з міліцыі быў дастаўлены актывіст Партыі БНФ Сяргей Нягацін, які абвінавачваецца ў распаўсюджванні перыядычных друкаваных выданняў без выхадных дадзеных.

Як паведаміў БелаПАН Нягацін, 13 сакавіка ён распаўсюджваў выданне "Тут і цяпер" на Віленскім рынку Магілёва. "У мяне заставалася каля дзясятка асобнікаў з сотні, калі да мяне падышлі двое спецназаўцаў і папрасілі прайсці да іх у машыну", — сказаў Нягацін. Ён быў дастаўлены ў апорны пункт па вуліцы Будаўнікоў, дзе міліцыянеры склалі пратакол канфіскацыі друкаванай прадукцыі, а самога актывіста адпусцілі.

"10 красавіка мне патэлефанавалі з Ленінскага РАУС і запрасілі прыйсці забраць газеты. Аднак, як толькі я прыйшоў, мяне пасадзілі ў машыну і павезлі ў суд", — адзначыў Нягацін. Пратакол аб правапарушэнні склаў старшы лейтэнант міліцыі Бовараў. Нягледзячы на тое, што было ўжо каля 18.00 і ў будынак суда перасталі пускаць наведвальнікаў, суддзя Аксана Ратнікава ўсё ж пачала разгляд справы. Паводле слоў Нягаціна, яна не дазволіла міліцыянеру на ўваходзе прапусціць у будынак праваабаронцу Барыса Бухеля.

"Я маю права на абарону, але запрасіць адваката ў такі позні час магчымасці няма. Таму я хадайнічаў пра перанос пасяджэння на іншы дзень", — паведаміў Нягацін. Хадайніцтва было задаволена, і суддзя перанесла пасяджэнне на 12 красавіка.

Частка 2 артыкула 22.9 КоАП, на падставе якой абвінавачваецца Нягацін, прадугледжвае штраф у памеры ад 20 да 50 базавых велічынь.

Паводле БелаПАН

Каментаваць