Магутнасць выбухоўкі ў мінскім метро завышаная?

За першыя дні пасля выбуху ў мінскім метро беларускія спецслужбы паспелі знайсці меркаваных тэрарыстаў і іх памагатых, ідэнтыфікаваць спосаб і месца прыгатавання выбухоўкі і нават даведацца, якія адзнакі меў у школе адзін з падазраваных.

Аднак засталіся пытанні без ясных адказаў: як “токар і электрык здолелі зрабіць такую складаную выбухоўку; чаму міліцыя, маючы камеры відэаназірання, прамаргала тэрарыста ў метро; як спецслужбы за шэсць год не злавілі хлопца, які здзяйсняў выбухі ажно з 2005 г., з 19-гадовага (!) узросту?



За першыя дні пасля выбуху ў мінскім метро беларускія спецслужбы паспелі знайсці меркаваных тэрарыстаў і іх памагатых, ідэнтыфікаваць спосаб і месца прыгатавання выбухоўкі і нават даведацца, якія адзнакі меў у школе адзін з падазраваных.

Аднак засталіся пытанні без ясных адказаў: як “токар і электрык здолелі зрабіць такую складаную выбухоўку; чаму міліцыя, маючы камеры відэаназірання, прамаргала тэрарыста ў метро; як спецслужбы за шэсць год не злавілі хлопца, які здзяйсняў выбухі ажно з 2005 г., з 19-гадовага (!) узросту?

Выклікае недавер і заяўленая магутнасць выбуху – 5-7 кілаграмаў у трацілавым эквіваленце. Зранку 12 красавіка Цэнтр інфармацыі і грамадскіх сувязяў Камітэта дзяржбяспекі распаўсюдзіў прэс-рэліз “У дачыненні надзвычайнай падзеі, у якім была прадстаўлена наступная інфармацыя: “Па экспертных ацэнках, магутнасць выбуховай прылады эквівалентна 5-ці кілаграмам траціла. У гэты ж дзень дзяржаўнае інфармацыйнае агенцтва БЕЛТА са спасылкаю на прэс-службу прэзідэнта паведаміла:  міністр унутраных справаў Анатоль Куляшоў даклаў на экстранай нарадзе ў прэзідэнта, што магутнасць выбухоўкі – ад 5 да 7 кілаграмаў траціла. Пазней ні першая, ні другая лічбы абвергнутыя не былі.

Дарэчы, гэта не адзінае несупадзенне ў інфармацыі, што паступала журналістам ад праваахоўных органаў: 13 красавіка кіраўнік аператыўна-следчай групы Андрэй Швед заявіў, што ў ноч пасля выбуху былі затрыманыя дзве асобы, троху пазней, але ў той жа дзень Анатоль Куляшоў расказаў пра трох падазраваных, затрыманых у ноч з 11 да 12 красавіка і дадаў, што ўсе тры асобы прызналі сваю віну.

Трацілавы эквівалент – гэта адзінка, якая выкарыстоўваецца ва ўсім свеце для ацэнкі энергіі, што выдзяляецца пры выбухах. Прасцей кажучы, трацілавы эквівалент сведчыць пра ступень магутнасці і разбуральнасці выбуху. У параўнанні з аналагічнымі падзеямі ў Расіі, ацэнкі нашых экспертаў выглядаюць моцна завышанымі. Напрыклад, выбух у маскоўскім метро у 2004 г. прывёў да смерці 41 чалавека і ранення больш за 250 чалавек. Целы загінулых людзей збіралі і ідэнтыфікавалі па фрагментах. Тады магутнасць выбуху ацанілі ў 4 кілаграмы траціла.

У 2010 г. ў маскоўскім метро адбыліся адразу два выбухі на розных станцыях з разбежкаю ў паўгадзіны. Спецыялісты ФСБ  ацанілі супольную магутнасць выбуховых прыладаў у 5,5-6 кілаграмаў у трацілавым эквіваленце.  Падчас гэтай трагедыі загінулі 36 чалавек, а 88 апынуліся ў шпіталях. Дарэчы, пашкоджанні маскоўскіх станцый метро, выяўленыя на агульнадаступных фотаздымках, падобныя на пашкоджанні станцыі метро “Кастрычніцкая у Мінску: адваліліся кавалкі тынкоўкі са сцен, пашкоджаная плітка. Варонак на маскоўскіх станцыях метро не было, бо выбухі здзяйснялі тэрарысты-смертніцы ў вагонах цягнікоў.

Я адмыслова абрала выпадкі ў маскоўскім метро, умовы здзяйснення якіх максімальна падобныя да ўмовы здзяйснення выбуху ў Мінску: аналагічныя савецкія канструкцыі, не забяспечаныя сучаснымі сістэмамі бяспекі (на момант выбуху), час – гадзіна пік, месцы – станцыі пераходу з адной лініі на другую (акрамя выбуха ў Маскве ў 2004-г. – тады выбух адбыўся ў танэлі метро), выбухоўкі былі напоўненыя балтамі і парэзанай арматураю.



Можна прывесці ў прыклад і некалькі выбухаў у падземных пераходах Масквы – шчыльнасць людзей не настолькі вялікая, як у гадзіну пік у вагоне/станцыі метро, але механізм распаўсюду выбуховай хвалі прыкладна такі ж.

У 1999-г. у падземным гандлёвым комплексе “Охотный ряд (побач з аднайменнай станцыяй метро) адбыўся выбух, ад якога загінула 1 жанчына, а 40 атрымалі раненні. Гэты выбух быў ацэнены ў 200 грамаў у трацілавым эквіваленце.

У 2000-г. ў цэнтры Масквы ў падземным пераходзе адбыўся выбух – загінула 13 чалавек, а 122 чалавека былі параненыя. Магутнасць выбуху была прыроўненая да 700 грамаў у трацілавым эквіваленце.

Наўрад ці беларускія спецслужбы не здолелі ацаніць магутнасць выбуху ў Мінску па прычыне невопытнасці – на другі дзень пасля выбуху прыбыла група экспертаў з Ізраіля, у сталіцы працавалі расійскія спецыялісты. І першыя, і другія маюць дастаткова вопыту ў справах выбуху, аднак, пакуль што іх даклады не былі публічна прадстаўленыя грамадскасці. Магчыма, у гэтых справаздачах мы атрымаем больш дакладную і поўную інфармацыю, якая развее сумневы датычна аб’ектыўнай ацэнкі магутнасці выбухоўкі ў мінскім метро.
 

Каментаваць