Майстар дзіцячай хірургіі

Дзіцячы хірургічны цэнтр (ДХЦ) — гэта штогод амаль 4000 аперацый стацыянарна і каля 1800, праведзеных у прыёмным пакоі пры аказанні першай дапамогі. Цэнтр быў заснаваны ў 1969 годзе прафесарам Алегам Север’янавічам Мішаравым з калегамі. Гэта былі людзі сапраўднай інтэлігентнасці, выключна высокай прафесійнай падрыхтоўкі і пачуцця адказнасці, сярод іх — прафесары Уладзімір Кацько, Васіль Аверын, Юры Абаеў, дацэнты Віктар Альхімовіч, Эдуард Ліпень, Уладзімір Бушык, Анатоль Сарока.

(На фота: Доктар Аляксандр Іванавіч Сяўкоўскі)



Дзіцячы хірургічны цэнтр (ДХЦ) — гэта штогод амаль 4000 аперацый стацыянарна і каля 1800, праведзеных у прыёмным пакоі пры аказанні першай дапамогі. Цэнтр быў заснаваны ў 1969 годзе прафесарам Алегам Север’янавічам Мішаравым з калегамі. Гэта былі людзі сапраўднай інтэлігентнасці, выключна высокай прафесійнай падрыхтоўкі і пачуцця адказнасці, сярод іх — прафесары Уладзімір Кацько, Васіль Аверын, Юры Абаеў, дацэнты Віктар Альхімовіч, Эдуард Ліпень, Уладзімір Бушык, Анатоль Сарока.

(На фота: Доктар Аляксандр Іванавіч Сяўкоўскі)


Да гэтай кагорты пачынальнікаў ДХЦ належыць і дацэнт Аляксандр Іванавіч Сяўкоўскі, пра якога мой аповед. І які да гэтага часу — практыкуючы хірург у цэнтры. Адначасова ён чытае лекцыі па медыцыне для студэнтаў БДУ, прычым, для беларускамоўных — па-беларуску. А гэта ўжо ідзе ад сямейных каранёў.

Яго бацька быў філолагам і школьным настаўнікам. У Туганавічах у бытнасць дырэктарам школы яму давялося прымаць удзел у добраўпарадкаванні архітэктурна-паркавага комплексу ля сядзібы пані Марыі Верашчакі на беразе ракі Сэрвач у вёсцы Карчова Баранавіцкага павета. Тут Марыя сустрэла маладога Адама Міцкевіча. Сведка іх сустрэч — валун, які захаваўся да сённяшніх дзён.

Паэзія беларускага краявіду, мовы, гісторыі, па словах Аляксандра Сяўкоўскага, вельмі сугучна гуманістычнай сутнасці прафесіі ўрача, асабліва прафесіі дзіцячага хірурга, якая ёсць сплавам навукі, рамяства і любові да дзяцей.

Па прыступках прафесіі

Аляксандр Іванавіч прайшоў выдатную падрыхтоўку інтэрна і асістэнта. «На апошніх курсаў, — успамінае ён, — нас, педыятраў, што вырашылі стаць дзіцячымі хірургамі, вельмі інтэнсіўна рыхтавалі. Лекцыі чыталі траўматолагі, анестэзіёлагі, рэаніматолагі. Калі я пачынаў самастойную практыку хірурга, у мяне ўжо быў вопыт больш трохсот аперацый. Сёння ж пачынаючы хірург мае іх не больш двух дзесяткаў. Акрамя таго важнай як для ўрача, так і для пацыента з’яўляецца фізічная падрыхтоўка. Адзін з выкладчыкаў нагадваў нам: не забывайце пра фізічную дамінанту. Фізічная актыўнасць садзейнічае выздараўленню, умацоўвае арганізм. Нашы продкі працавалі на зямлі, у нас у генах закладзена патрэба ў фізічнай актыўнасці».

Па заканчэнні Мінскага медінстытута выпускніка Сяўкоўскага накіравалі на працу ў Магілёў. Пашанцавала яму трапіць пад кіраўніцтва тагачаснага магілёўскага свяцілы Зіновія Шагельмана, які паставіўся да маладога доктара з вялікай спагадай. Акрамя хірургіі доктар Шагельман захапляўся мастацкай фатаграфіяй, што стала дадатковай тэмай іх нефармальных размоваў.


Праз тры гады Аляксандра запрасілі на працу ў Дзіцячы хірургічны цэнтр у Мінск. Працаваў ён у аддзяленнях экстранай і гнойнай хірургіі, нёс суткавыя дзяжурствы, рабіў складанейшыя аперацыі, якія вымагалі шмат фізічных і душэўных сілаў. «Мы абралі прафесію, прафесія зрабіла нас», — канстатуе калега Сяўкоўскага, дацэнт Вячаслаў Міхайлавіч Чараўко.

Яны авалодвалі вялікім майстэрствам выпраўляць недахопы прыроды, дарам спачування і чуласці, уменнем усяліць веру ў маленькіх пацыентаў і іх бацькоў, ацаляць і вяртаць да жыцця, захоўваючы чалавечнасць і далікатнасць, адкідаючы скепсіс. Каб дакрануцца да дзіцяці, і каб яно даверыла табе свой боль, даверыла з надзеяй, перамагаючы страх і слёзы, трэба быць вельмі шчырым і добрым чалавекам.

Будні прафесіі

Дзяжурствы ў шпіталі, клінічныя канферэнцыі, сустрэчы з калегамі, лекцыі для студэнтаў, праца над вучэбнымі дапаможнікамі — такім напружаным клопатам запоўнены будні Аляксандра Іванавіча і яго паплечнікаў. На гэты конт ён узгадвае словы ваеннага хірурга, прафесара Дзядзічкіна: «Доктар, які спалучае працу ў аперацыйнай з выкладаннем курса для студэнтаў, на дзве галавы вышэй за звычайнага практыка, таму што яму даводзіцца бесперапынна весці аналітычную працу па перагляду і падсумаванню сімптаматыкі тых ці іншых захворванняў».

А вось для лячэння патрэбна сучаснае абсталяванне. У 90-х гадах істотную дапамогу ДХЦ аказалі нямецкія калегі і сябры з зямлі Паўночная Рэйн-Вестфалія. Яны аснасцілі аперацыйную і аддзяленне рэанімацыі сучаснай еўрапейскай тэхнікай. Неаднаразова бываў у Берліне і стажыраваўся ў нямецкіх клініках і хірург Сяўкоўскі. Шмат што з вопыту замежных калег удалося перанесці і ў практыку цэнтра. У прыватнасці, метады лапараскапіі — малатраўматычнага ўмяшальніцтва, якое дазваляе рабіць аперацыі з дапамогай невялікіх надрэзаў.

У 2005 годзе аддзяленне грудной хірургіі, дзе рабілі аперацыі на сэрцы і лёгкіх, было пераведзена ў новы Кардыёхірургічны цэнтр. У 2007 годзе ДХЦ быў мадэрнізаваны і адрамантаваны, атрымаў новы рэнтгенкабінет з лічбавай тэхнікай ад кампаніі «Сола».

Некалькі разоў мне выпала быць з доктарам у «святая святых» — аперацыйным блоку. Акрамя выключнай стэрыльнасці, яна запомнілася працоўнай атмасферай. Аперацыйная брыгада заўсёды захоўвала ўважлівасць, прысутнасць духу, добразычлівасць і гумар.
 

Узгадваю выпадак з клінічнай практыкі, пра які расказваў студэнтам Аляксандр Іванавіч Сяўкоўскі. Дзяўчынка чатырнаццаці год патрапіла ў дарожную аварыю. У стане непрытомнасці яна доўгі час знаходзілася падключанай да апарата штучнай вентыляцыі лёгкіх. Выкарыстаўшы ўсе сродкі выратавання дзяўчынкі, медыкі сабраліся на кансіліум, каб вызначыць, што рабіць далей. Энцэфалаграма паказвала амаль прамую лінію. Але палатная доктарка змагалася за дзяўчынку з ярасцю і не дазволіла адключыць апарат. Праз некаторы час дзяўчынка, сапраўды, прыйшла ў сябе, а калі паправілася, то расказала, што чула размовы дактароў на кансіліуме, толькі не магла падаць сігнал, нават падміргнуць, але вельмі хацела, каб ёй дапамаглі.

Пераемнасць

Доктар Сяўкоўскі ганарыцца сынам, які таксама абраў прафесію дзіцячага хірурга. «На апошніх курсах Медыцынскага універсітэта, — расказвае ён, — сын пачаў працаваць у цэнтры, дзе набыў сталы вопыт. У мінулым годзе яму прышлося ратаваць трох немаўлятак з эмбрыянальнымі грыжамі. Усе трое паправіліся». Так дынастыя ўрачоў Сяўкоўскіх, дзе акрамя Аляксандра Іванавіча гэту прафесію абралі і два яго браты — Ігар і Якаў, — атрымала працяг у новым пакаленні.

Цяпер Аляксандр Іванавіч часцей наведвае сваю малую радзіму, Баранавіцкі раён, дзе жыве яго маці Ніна Якаўлеўна, якая ганарыцца сынамі і ўнукам, і непахісна верыць у іх лёгкую руку і добрае сэрца.

«У апошнія гады я больш умацаваўся ў духоўных прынцыпах, — гаворыць Сяўкоўскі, — часцей хаджу ў царкву. Калі заканчваю аперацыю, стаўлю маленькі крыжык ёдам. Амаль перастаў ездзіць на паляванне, хаця раней вельмі ім захапляўся».

Прафесія ўрача, на яго погляд, патрабуе найперш высокіх чалавечых якасцей. А тэхніка — усяго толькі інструмент у дапамогу. «У плане тэхнікі мы сталі ў некалькі дзесяткаў разоў больш дасканалымі, нашы магчымасці пашырыліся. Хацелася б, каб калектыў цэнтра, як і раней, сагравалі шчырыя партнёрскія і сяброўскія адносіны, як гэта было ў 60–80-я гады. З нашымі чалавечымі, духоўнымі і інтэлектуальнымі сіламі мы можам нашмат больш зрабіць!» — упэўнены Аляксандр Іванавіч Сяўкоўскі.

Каментаваць