Максім Вінярскі: «Усе міліцыянты распытвалі ў мяне пра Майдан»

Пасля пятнаццаці сутак арышту выйшаў на свабоду Максім Вінярскі, актывіст «Еўрапейскай Беларусі», які ўвесь гэты час трымаў галадоўку на знак пратэсту супраць прысуду. 



Ля акрэсцінскіх муроў. Максім разам з тымі, хто прыйшоў яго сустрэць пасля вызвалення


20 снежня суддзя Цэнтральнага раёна Мінска Вікторыя Шабуня пакарала Максіма Вінярскага адміністратыўным арыштам на 15 сутак за пікет салідарнасці з Майданам, які ладзіўся ля амбасады Украіны ў Мінску 30 лістапада.
 
 
Суд прызнаў актывіста вінаватым у парушэнні арт. 23.34 КаАП РБ (парушэнне парадку правядзення альбо арганізацыі масавага мерапрыемства).    
 
 
Максім папрасіў суд адтэрмінаваць выкананне пакарання на месяц з прычыны хваробы яго маці. Але яго просьба не была прынята да ўвагі. На знак пратэсту супраць рашэння суддзі Вікторыі Шабуня Максім Вінярскі абвесціў галадоўку.
 
 
Адміністрацыя Цэнтру ізаляцыі правапарушальнікаў (ЦІП) гэтай галадоўкі не прызнавала, прыдумаўшы хітрамудрую фармулёўку:  «Ён проста адмаўляецца прымаць казённую ежу». Хаця ніякай іншай ежы там няма — харчовыя перадачы даўно забаронены. «Хіба што сукамерніка з'есці», — змрочна жартуе заўважна схуднелы Максім. Больш за тое, апошнімі днямі на яго імя нават дазволеныя передачы не прымалі — з вадой і газетамі. 
 
 
Нягледзячы на тое, што ад ежы ён адмаўляўся, рахунак яму выставілі па поўнай — 910 тысяч рублёў за 15 дзён «адпачынку».
 
Сядзеў ён у «двайніку» — двухмеснай камеры пяць крокаў у даўжыню і два ў шырыню. Апошнім часам адміністрацыя ЦІП узяла за моду саджаць туды «палітычных». Мабыць, дзеля таго, каб і тут абмежаваць іх магчымасць распаўсюду ўласных поглядаў. 
 
 
Максім, у якога за плячыма ўжо нямала адміністрацыйных арыштаў, адзначае пагаршэнне рэжыму. «Магчыма, гэта звязана з аб'яднаннем у адным будынку двух установаў — Цэнтру ізаляцыі правапарушальнікаў і Ізалятару часовага ўтрымання». У прыватнасці, арыштаваны цяпер мусіць называць сваё імя і прозвішча падчас ранішняй праверкі. 
 
 
«Але я, вядома, гэтага не рабіў, — кажа Максім. — Хіба яны не ведаюць, хто я такі? Калі ж яны лічаць, што я нехта іншы і трапіў сюды выпадкова, могуць адпускаць, я не супраць».
 
 
Па яго словах, кожны новы нарад на праверцы пытаўся ў яго: «Ну, як яно там было, на Майдане? Крута ці не? І не толькі нарад, здаецца, нават суддзя мне гэтае пытанне задаваў». Максім правёў на Майдане ў Кіеве амаль два тыдні перад арыштам. «Адкуль яны ведалі? Ды Хартыю чытаюць. Сур'ёзна, у мяне нават у пратаколе было пазначана, там міліцыянт пісаў нешта кшталту: «Чытаючы сайт Хартыі'97, я заўважыў..».Вычыталі там слова «еўраінтэграцыя», асабліва на яго і напіралі. У мяне такое ўражанне склалася, як быццам за яе мяне і пасадзілі».

Абмеркаванне:

  • Mikola
  • 2014-01-04 18:11:09
Само слова "МАЙДАН" набывае ўсё большую сілу. Яго рэальна баяцца служкі рэжыму ў Беларусі, а інакш навошта распытваць?
  • Зеневіч
  • 2014-01-04 18:14:32
Як там кажуць пра дэбютантаў ў артыстычным, у спартыўным асяроддзі: запомніце гэта імя - Максім Вінярскі!
  • Будзімір
  • 2014-01-04 19:20:31
Максіма дэбютантам не назавеш. Ён і на Раство 2010-га сядзеў, і на Новы год 2011-га, і ў Маскве двойчы па 15 сутак адседзеў.
  • зеневіч
  • 2014-01-05 10:12:35
Можна сядзець, колькі заўгодна, ды толк з гэтага не заўсёды ёсць
  • ВР
  • 2014-01-04 21:30:11
Максім і ў 2001 г. сядзеў "на сутках"... Помню, як мы з ім спявалі за кратамі.

Каментаваць