Малітвай і справай

Выступы бардаў, моладзевых лідэраў і кандыдатаў у прэзідэнты: штодзень а 19-й гадзіне ля касцёла святога Язэпа ў Мінску гучаць малітвы за яго вяртанне вернікам.

Змагароў за святыню падтрымаў і пісьменнік Уладзімір Арлоў. Ён прыйшоў на сустрэчу з тымі, хто ўжо больш за 20 дзён кожны вечар збіраецца ля храма. На яго прыступках пісьменнік прыгадаў Полацк свайго дзяцінства.



Выступы бардаў, моладзевых лідэраў і кандыдатаў у прэзідэнты: штодзень а 19-й гадзіне ля касцёла святога Язэпа ў Мінску гучаць малітвы за яго вяртанне вернікам.

Змагароў за святыню падтрымаў і пісьменнік Уладзімір Арлоў. Ён прыйшоў на сустрэчу з тымі, хто ўжо больш за 20 дзён кожны вечар збіраецца ля храма. На яго прыступках пісьменнік прыгадаў Полацк свайго дзяцінства.

— У мурах Сафійскага сабора тады былі зваленыя кнігі, — распавёў ён. — Такая велізарная піраміда, якую мы бачылі, калі глядзелі ў вокны. Як мне потым стала вядома, туды звозілі кнігі “сумнеўных аўтараў, якія выехалі за мяжу, нечым правінаваціліся перад савецкай уладай. Вось гэта піраміда, кінутая на вырак лёсу, у мяне і цяпер стаіць перад вачыма.

А ўзімку 1964 года ў Полацку ўзарвалі сабор святога Стэфана. “На месцы таго сабора, прыгажосць якога і, можа быць, дух якога мы яшчэ толькі дзіцячымі сэрцамі, а не розумамі маглі спасцігнуць, мы ўбачылі велізарную крушню, — расказаў Уладзімір Арлоў. — На некалькі дзесяткаў метраў у вышыню — куча камення. Гэта адзін з моцных і вострых успамінаў з майго дзяцінства. Тады ў нас у дзіцячыя душы можа ўпершыню прыйшла думка, што дарослыя таксама могуць памыляцца. Што ў нас на вачах здзейснілася нейкае злачынства.

На думку пісьменніка, зараз, калі храмы і не руйнуюцца, шмат якія з іх па-ранейшаму ў небяспецы. Над імі вісіць дамоклаў меч знішчэння альбо чалавечымі рукамі, альбо проста часам, стыхіяй ці надвор’ем.

Уладзімір Арлоў падарыў змагарам за касцёл сваю кнігу “Імёны свабоды, якая выйшла ў бібліятэцы “Радыё Свабода. У ёй дзясяткі старонак прысвечаныя змагарам за свабоду веравызнання. “Гэтае змаганне яшчэ, як мы бачым, не скончылася. Але я веру, што прыйдзе час, калі мы ўсе сустрэнемся ў касцёле святога Язэпа на малітве, — лічыць Уладзімір Арлоў.

Як вядома, зараз у касцёле знаходзяцца два дзяржаўныя музеі. Аднак побач камунальнае ўнітарнае прадпрыемства “Мінская спадчына будуе гатэльны комплекс. І за касцёлам плануецца замацаваць частку гатэля. “Але я проста шчыра веру, што да гэтага не дойдзе. І гэты храм будзе вернуты вернікам, — кажа адна з удзельніц пратэсту, сябра БХД Ірына Губская.

— Гэта святыня — культурная спадчына, — падкрэсліла яна. — Мы як беларусы не можам аддаць яе ў варварскія рукі ўлады. Храм Божы павінен належыць вернікам. Гэта аксіёма. І ў месцы, дзе стагоддзямі манахі і вернікі ўзносілі свае малітвы да Бога, гэта павінна працягвацца. Як дзіцёнка аднойчы хрысцілі, і ён заўсёды ёсць дзіцём Божым. Так і храм, аднойчы асвечаны, заўсёды з’яўляецца месцам святым.

Арганізатары акцыі атрымалі лісты на свае звароты ад адміністрацыі прэзідэнта, Палаты прадстаўнікоў і “Мінскай спадчыны. Камунальнае прадпрыемства заявіла, што не збіраецца мяняць свае планы. А два другія адрасаты “спусцілі звароты ў іншыя інстанцыі. “Цэлы пакунак бюракратычных адказаў, — падсумаваў лідэр БХД Павел Севярынец. — Будзем іх абмяркоўваць і дасылаць новыя звароты.

Нагадаем, што за гэты час міліцыянты двойчы затрымлівалі ўдзельнікаў акцыі. Спыніць яе гэта не змагло. Зараз супрацоўнікі ў цывільным вымушаны кожны вечар выконваць свае прафесійныя абавязкі ля касцёла святога Язэпа. Яны пільна сочаць за тым, што там адбываецца, але не ўмешваюцца. А аператар у цывільным увесь час неадрыўна здымае сустрэчы на відэа. Як жартуюць вернікі, яго працу для гісторыі немагчыма ацаніць. Цяпер яны ведаюць, дзе шукаць для нашчадкаў самыя поўныя матэрыялы пра сённяшнія падзеі — у архівах МУС і КДБ.
 

Каментаваць