«Мала краін з такім узроўнем падтрымкі». Касцевіч — аб дапамозе, страхавым стажы і пенсійным узросце

«У свеце мала краін з такім узроўнем падтрымкі», — заявіла Ірына Касцевіч, распавядаючы пра памеры дапамог на дзяцей, паведамляе «Мінская праўда». Міністр таксама закранула пытанне павышэння пенсійнага ўзросту і праблему страхавога стажу.
Міністр нагадала, што «сёння беларускія жанчыны маюць магчымасць знаходзіцца ў адпачынку па доглядзе за дзіцем да трох гадоў».

— Дапамога на першага дзіцяці складае 35% ад сярэдняй зарплаты па краіне, а на другое і наступных — 40%. У свеце мала краін з такім узроўнем падтрымкі, — падкрэсліла Ірына Касцевіч. — Ніхто ва ўрадзе не разглядае варыянт скарачэння адпачынку па догляду за дзіцем. Але на сустрэчах з наймальнікамі часта падымаецца праблема страты прафесіяналізму жанчынай падчас адпачынку па доглядзе за дзіцём. Але галоўнае — жаданне ў жанчыны павышаць свой прафесійны ўзровень.

Міністр перакананая, што «развіццё сучасных тэхналогій дае магчымасць жанчыне, якая знаходзіцца ў дэкрэце, не адставаць ад сваіх калегаў у прафесійным росце».

— Гэта і аддаленая праца, і дыстанцыйнае навучанне, і разнастайныя курсы. Выйшаўшы з адпачынку па доглядзе за дзіцем праз тры гады, маладая мама без праблем зможа ўключыцца ў працу і пабудаваць паспяховую кар'еру, — удакладніла міністр.

Нагадаем, Мінпрацы прапануе ўнесці змены ў Працоўны кодэкс і ўзаконіць фрыланс.

Ірына Касцевіч нагадала таксама аб тым, што з 1 студзеня гэтага года пачаўся чарговы этап павышэння пенсійнага ўзросту: цяпер жанчыны выходзяць на пенсію ў 56 гадоў, мужчыны — у 61 год. За кошт паэтапнага павелічэння да 2022 года жанчыны змогуць скарыстацца сваім правам на заслужаны адпачынак у 58 гадоў, мужчыны — у 63. На пытанне, ці павялічацца гэтыя лічбы ў перспектыве, міністр адказала:

— Пакуль мы не абмяркоўваем пытанне далейшага павышэння пенсійнага ўзросту. Трэба прааналізаваць, як гэтая рэформа паўплывае на пенсійнае забеспячэнне, — адзначыла Ірына Касцевіч. — Скажам, у 2017 годзе колькасць грамадзян, якія атрымліваюць пенсію, у параўнанні з 2016 годам скарацілася на 25 тысяч. Гэта значыць, гэтыя людзі засталіся на рынку працы без атрымання пенсіі з прычыны павелічэння пенсійнага ўзросту. Які ўплыў гэтая рэформа будзе аказваць у далейшым — пакажа час. Але, думаю, да 2019-2020 года мы зноў падыдзем да абмеркавання гэтага пытання.

Міністр адзначыла, што пра тое, «як ты будзеш жыць у старасці, трэба думаць ужо ў маладосці».

— Часта на прыёмах грамадзян сутыкаешся з тымі, хто не напрацаваў страхавога і працоўнага стажу, атрымлівае маленькую сацыяльную пенсію і пытаецца: «Як на гэтыя грошы можна пражыць?». Афіцыйная занятасць стварае падушку бяспекі для грамадзян у старасці, — сказала Ірына Касцевіч.

Міністр таксама закранула пытанне беспрацоўя. На аднаго беспрацоўнага цяпер прыходзіцца 2,6 вакансіі, удакладніла Ірына Касцевіч. Паводле яе слоў, існуе «праблема з захаваннем балансу паміж попытам і прапановай».

— Сёння наймальнік мае патрэбу ў кваліфікаваных кадрах. А ў службу занятасці пераважна звяртаюцца грамадзяне з нізкім узроўнем адукацыі: яны хочуць працаваць вартаўнікамі, ахоўнікамі, прыбіральшчыкамі, — патлумачыла міністр.


Паводле tut.by

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Каментаваць