«Малады Фронт» будзе дабівацца прызнання «сутачнікаў» вязнямі сумлення

Маладафронтаўцы збіраюцца звяртацца ў міжнародныя арганізацыі з мэтай прызнання адміністратыўна арыштаваных актывістаў руху вязнямі сумлення. Гэта звязана з тым, што часцей за ўсё хлопцам «шыюць» хуліганку, а не палітычны артыкул, таму іх нельга прызнаць палітвязнямі. Аб гэтым 21 мая на адмысловай прэс-канферэнцыі паведаміў  актывіст «Маладога Фронту» Алесь Кіркевіч.



Маладафронтаўцы збіраюцца звяртацца ў міжнародныя арганізацыі з мэтай прызнання адміністратыўна арыштаваных актывістаў руху вязнямі сумлення. Гэта звязана з тым, што часцей за ўсё хлопцам «шыюць» хуліганку, а не палітычны артыкул, таму іх нельга прызнаць палітвязнямі. Аб гэтым 21 мая на адмысловай прэс-канферэнцыі паведаміў  актывіст «Маладога Фронту» Алесь Кіркевіч.


Такі крок будзе рабіцца ў рамках двухтыднёвай кампаніі салідарнасці з маладафронтаўцамі, што зараз адбываюць адміністрацыйныя арышты ў ізалятары на Акрэсціна. Акрамя зваротаў да міжнароднай супольнасці актывісты «Маладога Фронту» збіраюцца звяртацца да партнёрскіх моладзевых арганізацый за мяжой і наладжваць кантакты з амбасадамі заходніх краін у Беларусі, расказаў Алесь Кіркевіч.


«У той час, калі вядуцца кулуарныя перамовы датычна магчымых саступак рэжыму, мы будзем патрабаваць, каб адной з умоваў было спыненне рэпрэсій у дачыненні да актывістаў “Маладога Фронту. Ва ўмовах працягу такой палітыкі з боку ўладаў ні аб якой лібералізацыі гаворкі быць не можа. Гэта наша пазіцыя», — кажуць маладафронтаўцы.


Актывісты зазначаюць, што ў апошні час улады сталі часцей прымяняць тактыку затрыманняў постфактум — калі актывістаў затрымліваюць не на акцыі, а праз некалькі дзён пасля яе, арыентуючыся па паведамленнях у СМІ.


Паводле слоў удзельнікаў прэс-канферэнцыі, за апошні час адміністратыўным арыштам падвяргаліся 16 маладафронтаўцаў. Актывістаў арганізацыі затрымлівалі нават пасля дазволеных акцый, у судах і на ўласных кватэрах. Па суме ўсіх арыштаў яны адседзелі ад 27 да 83 сутак у ЦІП на Акрэсціна.


Больш за ўсіх не пашанцавала Раману Васільеву — ён правёў у зняволенні 83 дні і ночы. Да таго ж, падчас «адсідкі» за акцыю каля МЗС ён захварэў на гаймарыт, а адміністрацыя Акрэсціна доўгі час адмаўлялася выклікаць яму хуткую дапамогу.


Зараз на Акрэсціна сядзяць пяць актывістаў «Маладога Фронту»: Павел Сяргей, Уладзімір Яроменак, Мікола Дземідзенка, Зміцер Крэменецкі і Раман Васільеў. Павал Сяргей мусіць выйсці на волю ўжо 21 мая, астатнія вызваляцца цягам гэтага тыдня.

Каментаваць