«Маладому фронту» — тузін гадоў

«Жыве Беларусь! Жыве «Малады фронт!» Шматкроць гэтыя словы гучалі ўвечары 7 верасня ў сядзібе Партыі БНФ, дзе свае дванаццатыя ўгодкі адзначаў зарэгістраваны ў Чэхіі «Малады фронт».



«Жыве Беларусь! Жыве «Малады фронт!» Шматкроць гэтыя словы гучалі ўвечары 7 верасня ў сядзібе Партыі БНФ, дзе свае дванаццатыя ўгодкі адзначаў зарэгістраваны ў Чэхіі «Малады фронт».

На ўрачыстую імпрэзу сабраліся дзесяткі былых і цяперашніх маладафронтаўцаў. Павіншаваць маладзёнаў прыйшлі першы кіраўнік незалежнай Беларусі прафесар Станіслаў Шушкевіч, каардынатар Еўрапейскай кааліцыі Мікалай Статкевіч, Народная артыстка Беларусі Зінаіда Бандарэнка, былы дэпутат Вярхоўнага Савета 13-га склікання Валеры Шчукін, ідэйны натхняльнік стварэння МФ Вячаслаў Сіўчык, старшыня мастацкай суполкі «Пагоня» Аляксей Марачкін, адзін з каардынатараў «Хартыі–97» Зміцер Бандарэнка ды іншыя вядомыя асобы.

Усе выступоўцы адзначалі, што «Малады фронт» выбіваецца з агульнага дэмакратычнага руху краіны тым, што ў самых цяжкіх умовах актывісты арганізацыі знаходзяцца ў першых шэрагах змагароў за незалежнасць Беларусі і дэмакратыю. Маладафронтаўцы найчасцей апыналіся ў пастарунках і вязніцах, найбольш цярпелі ад дзеянняў супрацоўнікаў праваахоўных органаў падчас вулічных акцый і не толькі. Цяперашні лідэр «Маладога фронту» Зміцер Дашкевіч быў асуджаны паводле артыкула 193-1 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь на паўтара гады пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму за дзейнасць ад імя незарэгістраванай арганізацыі, яшчэ некалькі сябраў «МФ» таксама падпалі пад крымінальны пераслед па гэтым артыкуле, хоць для іх справа скончылася не так драматычна.

«Жадаю вам заставацца такімі ж «бязбашаннымі» і захаваць у сабе Бога», — сказаў нядаўні палітычны зняволены, моладзевы актывіст Андрэй Кім. «Я ганаруся, што маладафронтаўцы пачалі «рэйдэрскія захопы ўлады ў партыях», а таксама замацаваліся ў іншых палітычных і грамадскіх структурах, у незалежных сродках масавай інфармацыі», — пажартаваў адзін з заснавальнікаў «Маладога фронту», новаабраны адказны сакратар управы Партыі БНФ Уладзімір Лабковіч.

Сярод тых, хто вітаў новае пакаленне маладафронтаўцаў, былі таксама і ветэраны арганізацыі, якія цяпер працуюць ці дзейнічаюць у іншых структурах — сустаршыня незарэгістраванай Партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» Віталь Рымашэўскі, журналістка «Комсомольской правды в Белоруссии» Вольга Анціповіч, якая была першай прэс-сакратаркай «Маладога фронту», палітыкі Алесь Міхалевіч, Юрась Губарэвіч, новаабраны старшыня Партыі БНФ Аляксей Янукевіч ды іншыя.

Да гадавіны «МФ» выдаў кнігу «Маладафронтаўцы», у якой сабраны інтэрв’ю пяцідзесяці самых вядомых за мінулыя дванаццаць гадоў сябраў арганізацыі. Дарэчы, усім заснавальнікам «Маладога фронту», апроч гэтай кнігі, цяперашні лідэр арганізацыі Зміцер Дашкевіч уручыў пасведчанні «ганаровых сяброў «МФ».

Заснавальнік і першы кіраўнік «Маладога фронту» Павел Севярынец прэзентаваў «Радыё МФ» — гумарыстычны слэм пра актуаліі арганізацыі. Маладафронтаўцы зрабілі яшчэ і свой уласны фільм «Малады фронт. Кіднэпінг–2». Гэта своеасаблівы адказ на фільм Беларускага тэлебачання пра тое, што маладафронтаўцы «ўцягваюць у свае шэрагі добрых хлопчыкаў і дзяўчат», паказаны нядаўна на канале БТ. Завяршылася імпрэза паяданнем тортаў, печыва і цукерак пад каву, гарбату і сок. Усім прысутным Павел Севярынец і Зміцер Дашкевіч уручылі значкі «Маладога фронту».

Каментаваць