«Малінаўкі» пачуем галасок. Ханок перадаў правы на свае хіты сябру Лукашэнкі

Падобна на тое, што скандал з правамі на выкананне папулярных не толькі ў Беларусі хітоў вядомага кампазітара Эдуарда Ханка завершаны — маэстра перадаў правы на выкананне чатырох песень прадзюсарскаму цэнтру «Спамаш», які ўваходзіць у бізнес-актывы набліжанага да Аляксандра Лукашэнкі бізнэсоўца Аляксандра Шакуціна.
У распараджэнні цэнтра апынуліся такія любімыя на постсавецкай прасторы песні як «Малиновка», «Я у бабушки живу», «Завіруха» і «Какой счастливый случай».

Па словах Эдуарда Ханка, «мяне запрасіў да супрацоўніцтва спадар Шакуцін». «Я перадаў асабіста яму і прадзюсарскаму цэнтру правы на музыку чатырох песень. А я з панядзелка здымаю забарону на выкананне гэтых песень».

Зараз, каб атрымаць права на выкананне аднаго з гэтых хітоў, неабходна будзе звяртацца па дазвол у «Спамаш», адзначае ОНТ.

Скандал у айчынным шоў-бізнэсе разгарэўся ў красавіку 2017 года. Ханок забараніў выкарыстоўваць музыку сваіх самых папулярных песень ( «Вы шумiце, бярозы», «Счастливый случай», «Я у бабушки живу», «Завiруха», «Малиновка») Анатолю Ярмоленка і Ядвізе Паплаўскай.

На думку маэстра, названыя выканаўцы груба парушалі яго аўтарскія правы і «грэлі рукі» за кошт яго творчасці.

У сваю чаргу, кіраўнік ансамбля «Сябры» Анатоль Ярмоленка заявіў, што не бачыць парушэнняў: «У яго сваё бачанне — у мяне сваё. У рэшце рэшт, і ён мае права на сваю трактоўку. Час пакажа, хто з нас мае рацыю».

А для Ядвігі Паплаўскай рашэнне Ханка стала шокам: «Гэта настолькі несправядліва. Я да гэтага часу ў шоку, гэта не па-чалавечы».

Як адзначылі тады ў Міністэрстве культуры, пазіцыя кампазітара Эдуарда Ханка, якія забараніў некаторым артыстам эстрады выконваць шэраг песень яго аўтарства, будзе ўлічвацца пры фарміраванні канцэртных праграм.

І вось праз год канфлікт быццам бы вырашаецца.


Паводле naviny.by

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Каментаваць