Марафон салідарнасці

З 10 верасня ў сядзібе БНФ распачаўся марафон салідарнасці з палітвязнямі. На працягу тыдня кожны дзень у падтрымку палітвязняў тут будуць выступаць вядомыя беларускія творцы.
 

11 верасня ў сядзібе БНФ заспяваў Зміцер Вайцюшкевіч, а вядомы мастак Алесь Пушкін прадставіў шэраг сваіх карцін.

«Рашэнне правесці такі марафон з’явілася спантанна», — расказала Юлія Сцяпанава, адна з каардынатараў групы «За Волю». Паводле яе слоў, такая ідэя з’явілася на мінулым круглым стале, які быў прысвечаны Змітру Дашкевічу. Варта зазначыць, што на мэце марафона стаіць не толькі абуджэнне хвалі салідарнасці з палітвязнямі, але і падтрымка іх сем’яў. Юлія Сцяпанава падкрэсліла, што многія сем’і згубілі адзіных кармільцаў, таму падчас сустрэч будзе арганізаваны збор сродкаў для падтрымкі сваякоў палітзняволеных.

Па словах мастака Алеся Пушкіна, ён прыняў удзел у марафоне салідарнасці для таго, каб засведчыць тое, што ён выступае супраць палітычных зняволенняў у Беларусі. «З людзьмі трэба дыскутаваць, спрачацца, а не хаваць за краты», — зазначыў Алесь Пушкін. Ён лічыць, што наяўнасць палітвязняў — вынік страху ўлады перад імі.

Выступ Змітра Вайцюшкевіча адзначыўся невялікай прэм’ерай. Акрамя вядомых хітоў ён выканаў некалькі песень з будучага альбома, які рыхтуецца на вершы Генадзя Бураўкіна. Гэты альбом — спроба стварыць «беларускі шансон», а калі дакладней — беларускія турэмныя песні.

Напрыканцы імпрэзы Юлія Сцяпанава зрабіла Вайцюшкевічу і Пушкіну сімвалічныя падарункі — плюшавых мядзведзікаў з бел-чырвона-белымі сцяжкамі ў лапах.
 

Каментаваць