Марш студэнтаў: рэктар БДУ да студэнтаў не выйшаў (фота)

Замест Сяргея Абламейкі студэнтаў сустракалі зачыненыя дзверы БДУ ды людзі ў цывільным з міліцыянтамі.



nn.by


Разрэкламаваны Марш студэнтаў — акцыя пратэсту супраць увядзення аплаты за пераздачу спытаў і залікаў — сабраў у Мінску больш за сотню чалавек.

За пару гадзінаў да акцыі сайт БДУ змясціў абвестку, што сустрэча рэктара БДУ са студэнтамі адмяняецца:

«У сувязі з заклікамі да супрацьпраўных дзеянняў і інфармацыяй пра імаверныя правакацыі, у мэтах гарантавання бяспекі студэнтаў БДУ сустрэча рэктара БДУ акадэміка Сяргея Абламейкі са студэнтамі пераносіцца», — гаворыцца ў паведамленні.

У Міхайлаўскім скверы Мінска (каля чыгуначнага вакзала) сабралася больш за сотню студэнтаў. Яшчэ больш было «асобаў у цывільным», некаторыя з навушнікамі.

Студэнты прайшліся шэсцем ад новага будынка Факультэта міжнародных адносін БДУ на чыгуначным вакзале да цэнтральнага корпуса БДУ — абодва ўваходы аказаліся блакаванымі. На дзвярах у галоўны корпус БДУ з боку плошчы Незалежнасці — паперка «Рамонт», але ў будынак з лёгкасцю траплялі «людзі ў цывільным» і міліцыя, перадае Еўрарадыё.

Каля галоўнага ўвахода студэнты патрабавалі выйсці рэктара, але, вядома, марна. Міліцыя паспрабавала затрымаць дзяўчыну, якую адбілі. Але тут міліцыя скалал некалькі пратаколаў на ўдзельнікаў, праўда, нікога са студэнтаў не затрымалі, адзначае Наша ніва.

Два міліцянты — маёр і капітан — хадзілі сярод студэнтаў, выпытваючы прозвішча і імя, год нараджэння; нехта называў, нехта — наадрэз адмаўляўся.

Дыван, на які выклікалі рэктара, застаўся ляжаць перад зачыненым уваходам у галоўны корпус БДУ. Па выніках акцыі было складзена два адміністрацыйныя пратаколы, затрыманых няма, паведамляе Радыё Свабода.

Напачатку трэцяй гадзіны студэнты паціху пачалі разыходзіцца. Надзеі на сустрэчу з рэктарам не апраўдаліся, а вузел праблемы завязаўся яшчэ тужэй.

Нагадаем, напачатку лістапада адміністрацыя БДУ аб’явіла пра ўвядзенне аплаты за пераздачу іспытаў і залікаў. Аднак студэнты выступілі супраць, сабралі 2,5 тысячы подпісаў і перадалі ў БДУ і міністэрства адукацыі. Нягледзячы на пратэсты, 12 лістапала рэктар БДУ ўвёў аплату за пераздачу іспытаў і залікаў, а таксама за адрпрацоўку пропускаў.

Згодна з прэйскурантам, пераздача заліку ў БДУ ацэненая ў 33—37 тысяч у залежнасці ад навуковай ступені выкладчыка, які яго прымае. Паўторны прыём іспыту — 47—53 тысячы, дзяржіспыту — 350 тысяч. Паўторнае выкананне і абарона курсавой працы танней за ўсё на першым курсе — 516—584 тысячы, даражэй за ўсё на пятым — 833—945 тысяч.

Каментаваць