Patryjoty 1200 100 2e1c7308a3a48a13db21bf292e831989ae0299303b01379966627b13afde24a1

Конкурс маладых журналістаў

Мару пабачыць Егіпет!

Яўген падчас свята Божага Нараджэння вырашыў горача маліцца, каб Бог падарыў яму жонку: «Напэўна, адзінае, чаго я зараз вельмі моцна жадаю, — сям’ю». Якіх яшчэ цудаў чакаюць бяздомныя, пра што яны мараць?
 

Калі жыве надзея

Збіраць мары бяздомных я пайшла ў сталічную начлежку, якая месціцца ў Сухарава. Вышуквае, прывозіць, адкормлівае і рэабілітуе бяздомных тут «Іваныч» — былы вайсковец, які вырашыў прысвяціць сябе служэнню бадзягам.

Холадна. У буржуйцы трашчаць дровы. Бяздомныя моўчкі сёрбаюць ранішнюю каву. Замест лямпы — свечка: Іваныч беражэ электраэнергію.

Уладзімір хутаецца ў кажух і першым уключаецца ў размову. Тут ён жыве ўжо тры гады. Часцяком выступае ў ролі кухара — гатуе макароны з мясам, бульбу і супы — боршч і гарохавы. У свае 62 гады Уладзімір выглядае добра і па-інтэлігентнаму. Усё жыццё ён пражыў у Мінску, ажаніўся ў 22 гады, вырасціў дачку. «Мая Таццяна выйшла замуж за немца, таму цяпер жыве ў Германіі. Толькі вось я ўсё ніяк не наведаю яе», — з жалем кажа ён. Працаў памяняў шмат, апошні раз працаваў электрыкам. Мне было цяжка паверыць, што такі інтэлігентны мужчына страціў усё праз гарэлку.

Уладзімір кажа, што жонка яго выгнала. Так ён апынуўся на вуліцы. Аднойчы на адным з абедаў, якія арганізоўвалі ў Мінску для бяздомных, яго пабачыў Іваныч і прывёз у начлежку.


Уладзімір


«Мог бы разоў сем адсюль збегчы, — разважае Уладзімір. Умовы ж тут складаныя: не толькі проста не піць і не паліць, але Іваныч яшчэ абавязвае займацца сацыяльным служэннем — развозіць разам з ім ежу для «цяжкадаступных» бяздомных, напрыклад, для тых, хто жыве на цеплатрасе. Але я не збег. Думаю, што нешта трымае мяне тут».

Цяпер Уладзімір дапамагае іншым ужо не па загадзе Іваныча, а па ўласным жаданні. «Вельмі добра, што прыходзяць да нас і дапамагаюць — і вопраткай, і словам. Часам і нас трэба падтрымаць…» — зноўку засумаваў мужчына.

Аднойчы перад Калядамі ў адным з мінскіх пунктаў харчавання для бяздомных Ула­дзімір пачуў, што ў Кафедральным касцёле арганізоўваецца святкаванне спецыяльна для такіх, як ён. «Нам далі цудоўны канцэрт! — згадвае Уладзімір. — І пакармілі. Ежа была такая хатняя, смачная. А пасля нават і падарункі далі». На тыя Каляды ён загадаў жаданне быць зноў патрэбным, зноў знайсці сябе. І амаль адразу пасля гэтага трапіў у начлежку ў Сухарава. Таму Калядаў і Новага года Уладзімір чакае, загадвае жаданне і ве­рыць у цуды.

Зараз ён вырашыў загадаць жаданне больш маштабнае — у наступным годзе хоча злятаць у Егіпет. «Я мару злятаць у Егіпет. Пабачыць нешта новае, заўжды любіў знаёміцца з людзьмі, — усміхаецца Уладзімір. — А яшчэ мару пабываць у Жыровіцкім манастыры. Але гэта паспеецца».

Мужчына кажа, што грошы з пенсіі для гэтай вандроўкі ён адкладвае не адзін год.

А яшчэ ён марыць, каб людзі станавіліся больш міласэрнымі і перасталі адварочвацца ад такіх, як ён.


І я буду шчаслівы…

Уладзімір глядзіць на га­дзіннік: 11.30, трэба наведаць хворую цётку. Пераапранаецца і кідае кажух.

У куце, абмотаны пледам, сівы дзядуля падбірае гэты кажух. Дзядулю б’е моцны кашаль. «Тут напэўна лёгка захварэць», — кажу я. — «Не, гэта я такі дурань! Пайшоў у завіруху прагуляцца ў вятроўцы!»

Станіслаў — так завуць дзядулю — маўклівы, засцярожаны і негаваркі. Перад тым, як патрапіць да Іваныча, ён паба­дзяўся шмат дзе — ад вакзала да цеплатрасы. Кажа, што раней быў адным з кіраўнікоў у рыбнай прамысловасці. «Колькі я мораў бачыў!» — уздыхнуў Станіслаў. Але, як з кіраўніка стаў бадзягай, расказваць не захацеў.

Яго сябры сталі жартаваць: «Стасік наш марыць падняць рыбную прамысловасць!». «Стасік» летуценна пра нешта падумаў, а пасля сплюнуў: «Я мару, каб хутчэй паправіцца мне... І я буду шчаслівы».


Яўген

Яўгену крыху за трыццаць. У гэтай халоднай начлежцы, дзе няма ні ацяплення, ні гарачай вады, ён апынуўся ўлетку. Яшчэ не так даўно, кажа Яўген, у Мінску ў яго была кватэра. «Я хацеў яе прадаць. Але мяне падманулі рыэлтары». Маленькія няшчасці былі патрэбныя Яўгену для вялікага шчасця: «Я дзякую Богу, што я аказаўся на вуліцы! Інакш я б так і не стаў на гэты шлях выпраўлення. Цяпер я намагаюся дапамагаць і служыць». Вуліца навучыла яго марыць.

Падчас свята Божага Нараджэння Яўген вырашыў горача маліцца, каб Бог падарыў яму жонку: «Напэўна, адзінае, чаго я зараз вельмі моцна жадаю, — сям’ю».


Дзіма i Iваныч

Дзіма — самы малады з усіх жыхароў прытулку. Яму яшчэ няма і трыццаці. Ён старанна закідвае дровы ў буржуйку, ля якой грэюцца бяздомныя каты. На мае спробы разгаварыць Дзіму, малады чалавек адказваў кароткай усмешкай. Размаўляць пра сябе не захацеў.

«А пра што вы марыце?» — пытаюся. Апускае вочы мармыча: «Не ведаю, не думаў, не мару…» І сыходзіць. Праз хвіліну вяртаецца, глядзіць мне ў твар і ціха прамаўляе: «Каб я здолеў прыняць гэтую волю Божую на маё жыццё».



Каментаваць