Марыупаль: баязлівы і безыдэйны сепаратызм

Прарасійскія актывісты ў Марыупалі не ведаюць імёнаў сваіх загінулых аднадумцаў і не спяшаюцца іх гераізаваць. Бо ніхто, падобна, не спяшаецца паўтарыць іхны лёс.  



 

Зусім не сакрэт, што я сімпатызаваў Майдану і сімпатызую зараз тым, хто выступае за адзіную Украіну. Пры гэтым я добра засвоіў, што журналісту пажадана заставацца бесстароннім і стараюся датрымлівацца гэтага правіла. Але яно, натуральна, не азначае, быццам пра ўсіх трэба пісаць аднолькава добра.  
 
 
Калі б я пабачыў на прарасійскіх мітынгах у паўднёва-усходніх гарадах Украіны годных, разумных і смелых людзей са сваёй праўдай, як бы я да той праўды не ставіўся, я б напісаў, што за сваю праўду там стаяць годныя, разумныя і смелыя людзі. 
 
 
Не тое каб такіх людзей там зусім не было. Падчас першага прыезду ў Данецк, ужо больш за месяц таму, я іх сустракаў. Але яны якраз выходзілі не за федэралізацыю, пагатоў не за  далучэнне да Расіі, а за тое ж, за што выходзіў Майдан — за справядлівасць і грамадзянскія правы. Супраць бяспраўя і разрабавання краіны. 
 
 
Неаднойчы я чуў, што Майдан насамрэч пачаўся ў паўднёва-усходнім рэгіёне — на Мікалаеўшчыне, у райцэнтры Урадзіеўка. Потым, дзякуючы масіраванай прапагандзе, удалося пераканаць вялікую колькасць жыхароў украінскага паўднёвага ўсходу, што ў Кіеве стаяць за чужыя і нават варожыя ім мэты, таму выступленні ў яго падтрымку былі тут досыць кволымі. Аднак падзенне Януковіча і кампаніі ўзарвала сітуацыю — хваля майданнага настрою накрыла і гэты рэгіён. 
 
 
На вялікі жаль, не знайшлося сілы, якая магла б выкарыстаць гэтую пратэстную хвалю на карысць агульнай з Майданам мэты — дзеля пабудовы новай краіны. Знайшлася іншая, якая завязала пратэстоўцам георгіеўскія стужкі, сунула ў рукі трыкалоры і патлумачыла, што іх адзінае выратаванне ў Расіі. З гэтага моманту пратэст на паўднёвым усходзе перастаў быць адэкватным. 
 
 
Бо праблемы, ад якіх яны стаміліся ва Украіне, а менавіта — страшэнная карупцыя, чыноўніцкае і паліцэйскае самавольства, празмерная адміністратыўная цэнтралізацыя, развал сацыяльнай сферы, прамысловасці і сельскай гаспадаркі — у самой Расіі не вырашаныя і вырашаць іх, падобна, ніхто не думае. Не кажучы ўжо аб тым,  што ў Расіі за падобнае выказванне ўласнай грамадзянскай пазіцыі яны даўно хлябталі б турэмную баланду.  
 
 
Разумным гэты пратэст ніяк не назавеш. Яшчэ меней яго можна назваць годным і смелым. 
 
 
Для тых, хто не чытаў майго артыкулу аб падзеях у Харкаве на мінулых выходных, сцісла перакажу, у чым там была справа. Усе страшна баяліся суботняга шэсця футбольных фанатаў (т.зв. «ультрас») супраць Пуціна. Баяліся абывацелі, баяліся каардынатары Майдану, баяліся прарасійскія актывісты, баялася міліцыя і міліцэйскі міністр Авакаў. На плошчы Свабоды, пад помнікам Леніна, дзе стаіць прарасійскі мітынг, панавала сапраўдная паніка. 
 
 
І што адбылося? Ды нічога, шэсце прайшло без інцыдэнтаў. 
 
 
А вось назаўтра, у нядзелю, здарылася жудаснае пабоішча — азвярэлы натоўп пад расійскімі трыкалорамі накінуўся на сход  рамантычнай інтэлігенцыі каля помніка Шаўчэнкі. Дзе было вельмі многа жанчынаў, дзяцей, старых. 
 
 
Калі антымайданаўцы хацелі памерацца сіламі з «баявікамі», у іх быў такой шанец. Як распавёў мне адзін з фанатаў, яны ў суботу меркавалі ўсё зрабіць па сваёй фанацкай завядзёнцы — дамовіцца, каб «каларадасы» не нападалі на мірныя мітынгі, што яны неаднаразова рабілі, прызначыць ім сустрэчу ў аддаленным месцы, без тэлекамераў, і «зарубіцца». Тыя на сустрэчу ў такім фармаце не пагадзіліся. Замест чаго вырашылі адыграцца на слабейшых... 
 
 
Я не магу назваць гэтыя паводзіны іначай, чым баязлівай подласцю. 
 
 
У баязлівасці прарасійскіх пратэстоўцаў я пераканаўся і ў Марыупалі, дзе быў 19 красавіка, у суботу. Тут мелася прайсці пахаванне аднаго з трох забітых падчас штурму вайсковай часткі Нацгвардыі ў ноч з 16 на 17 красавіка. Дарэмна я чакаў убачыць масавую маніфестацыю з клятвамі не забыць і не дараваць смерць героя, падхапіць сцяг, які выпаў з ягоных рук, падвоіць барацьбу супраць ворагаў і г.д. 
 
 
Прысутныя на мітынгу былі заклапочаныя тым, што іх мала паказваюць па тэлевізару, а калі паказваюць, дык «усё перакручваюць». Уедліва распытвалі журналістаў, хто яны і адкуль. «Бандэраўцам інтэрв'ю не дадаваць, толькі расіянам!», — камандавала нейкая бабулька. Да здымачнай групы CNN падскочыў дзядок і спрабаваў уцягнуць іх у канфлікт: «Гэта вы ўчора ў шпіталь прыходзілі, каб пасмяяцца з нашых параненых, га? Я вас запомніў, гэта вы, вы з раненых нашых пасмяяца прыходзілі!» Іншы, пачуўшы англійскую мову, гучна прамовіў: «Гэта немцы! Як не немцы, чуеш, яму перакладаюць з рускай, ён сам не разумее!.. Няма сэнсу ім расказваць, немцам гэтым, што ўлады пазбавілі нас 8 сакавіка. Яны самі не святкуюць яго і не ведаюць, хто такая Клара Цэткін!». Больш пашанцавала «карэйскаму ці кітайскаму», а насамрэч японскаму журналісту — яго ўпрошчвалі перадаць у сябе дома «наверх», каб там прызналі Данецкую рэспубліку. 
 
 
Мы тут былі разам з вядомым беларускім фатагрофам Сяргеем Грыцам і нас таксама ўедліва распыталі. Мужчына, які нас распытваў, быў шакаваны, калі даведаўся, што мы не рускія: «А хто ж тады?!» Адказ выклікаў у яго дваістыя пачуцці. З аднаго боку, «беларусы — гэта нават лепей», а з іншага, неяк падазрона, што мы адмовіліся назвацца рускімі тады.  
 
 
Пад сценамі захопленай гарадской рады апоўдні знаходзілася каля ста пяцідзесяці чалавек. І ніхто не мог нічога ўцямнага сказаць пра пахаванне. Хтосьці казаў, што «на Вялікдзень увогуле хаваць нельга» ці «яшчэ праводзіцца судмедэкспертыза». Ані імя загінулага, ані кантактаў яго сваякоў тут не ведалі. Мемарыяла загінулым таксама нідзе не было бачна. Хаця б фотаздымак з жалобнай палоскай і парай свечак. Нічога. 
 
 
Урэшце дзелавітая жанчына, падобная да якой-небудзь  гарвыканкамаўскай супрацоўніцы, дала наводку — адрас невялікай піўной, уладальнікам якой нібыта быў загінулы, хаця называецца яна «Піва ў Лены». Магчыма, у гонар дачкі або жонкі. У піўной сказалі, што пахаванне ўжо скончылася, сваякі і знаёмыя збіраюцца на памінкі. 
 
 
Памінкі спраўлялі на ўскраіне горада ў кавярні пад назвай «Інтрыга» з выявай агіднага грыфа на шыльдзе. Расказаць пра тое, якім чалавекам быў нябожчык, ніхто з тых, хто стаяў на ганку кавярні, не захацеў. Пра іншых загінулых тут таксама нічога не ведалі. 
 
 
Вярнуўшыся да захопленага будынку гарадской рады, я пачуў выступы са скаргамі на «ганебную баязлівасць марыупальцаў» і на «недапушчальнае прытармажванне справы Данецкай рэспублікі». Загінулых узгадалі ў абязлічанай форме — маўляў, марыўпальцы, якія «сядзяць на канапах каля тэлевізару», не вартыя такіх ахвяраў. Ні імёнаў, ні «славы героям» не прагучала. 
 
 
Абмеркаваўшы з калегамі гэтую дзіўную акалічнасць, мы прыйшлі да высновы, што сепаратысты ўяўляюць сабой «разрознены безыдэйны натоўп». Які заканамерна разбегся пры першай сапраўднай небяспецы.
 
 
І гераізаваць загінулых яны не спяшаюцца, бо ніхто не хоча паўтарыць іхны лёс. Таму што зусім не жыццёва важнае для іх далучэнне да Расіі (гаворка ідзе менавіта пра далучэнне, «федэралізацыя гэта проста першы крок», як патлумачыў адзін з актывістаў), яны і самі, мабыць, добра разумеюць тое ў глыбіні душы.  

Абмеркаванне:

  • Паўло
  • 2014-04-20 14:18:19
Дзякуй, спадар Зміцер! Вельмі пераканаўча. Хай ба ў Расеі такая інфармацыя была вядомай. Маю на ўвазе не кіраўніцтва той краіны - яны гэта, безумоўна, ведаюць - а тых, хто ў шавіністычным дурмане
зараз прадае душу д'яблу... Дзякуй яшчэ раз! Буду чакаць наступныя матэрыялы, калі вы яшчэ там застаецеся. Ім ёсць давер.
  • Мікіта
  • 2014-04-20 18:21:05
Цікавы артыкул. Сорамна за беларускія сцягі ш прарасійскіх актывістаў
  • Марианна
  • 2014-04-20 19:53:54
Друзья по несчастью с россиянами - вместе стыдиться придётся!
  • Сяргей
  • 2014-04-20 23:28:19
А чаго саромецца, хіба гэта сапраўдны беларускі сцяг?
  • Тутэйшы
  • 2014-04-21 02:08:49
Хай тыя і саромяцца, хто ўспрымае гэты сцяг як сапраўдны сімвал радзімы!
  • Татьяна
  • 2014-04-21 17:12:35
Сообщаю всем заинтересованным: Дмитрия с иностранными журналистами, задержанных сепаратистами в Славянске, недавно выпустили - они едут в такси на вокзал. Дай Бог, чтобы остаток обратного пути прошёл
безо всяческих новых приключений!
  • Тутэйшы
  • 2014-04-22 21:09:25
Вось яшчэ адсылка на сёнешняе інтэрв'ю са Зміцерам - на гэты раз ужо пра Славянск:
http://www.russian.rfi.fr/ukraina/20140422-dmitrii-galko-zhiteli-slavyanska-ne-znayut-otkuda-prishli-iz-zashchitniki-iz-narodn#comment-14543
  • Алена
  • 2014-04-22 21:38:42
Спадзяемся, Зміцер яшчэ апіша ўсе падзеі ў сваім чарговым артыкуле і для чытачоў Новага часу.
  • Віктар
  • 2014-12-29 01:12:50
Насамрэч гэта сцяг Мадагаскарa!! Пашукайце ў Інтэрнэце!

Каментаваць