Масавае забойства

Пасля смеху вартых абвінавачанняў удзельнікаў падзей 19 снежня ў спробах здзейсніць дзяржаўны пераварот стала відавочным — уладам бракуе сур’ёзнай аргументацыі. Але не хацелася нават думаць, у якім накірунку могуць пайсці яе пошукі.



Пасля смеху вартых абвінавачанняў удзельнікаў падзей 19 снежня ў спробах здзейсніць дзяржаўны пераварот стала відавочным — уладам бракуе сур’ёзнай аргументацыі. Але не хацелася нават думаць, у якім накірунку могуць пайсці яе пошукі.

Здавалася, што змена ўраду, які не толькі заявіў пра неабходнасць прыняць больш жорсткія меры ў эканоміцы, але і прыступіў да іх выканання, стварае нейкую прастору для супольнага вырашэння задач аператыўнага і стратэгічнага выжывання. Шмат хто зноў убачыў для сябе перспектыву ўдзелу ў так званай канструктыўнай апазіцыі. І ўжо прыкінуў найлепшыя варыянты індывідуальнага выратавання нажытых плённай працай здабыткаў і набыцця новых. Тыя, каго вінавацілі ў адсутнасці, з аднаго боку, неабходнага канструктывізму, а з другога — здольнасці да рэальнага супраціву, выразнай палітычнай волі, пабачылі, што на самай справе рэжым не вельмі цвёрда стаіць на нагах.

І толькі сябры «клуба пікейных камізэлек», якія выступалі на старонках прэсы любой арыентацыі і папярэджвалі, што такія людзі прыходзяць да ўлады вельмі проста, а сыходзяць з вялікімі складанасцямі. Іншы раз ствараюць іх для сябе, але абавязкова — нашмат большыя для навакольных.

Але здарылася тое, што здарылася. Масавае забойства... Кажуць, што гэта быў тэрарыстычны акт. На юрыдычнай або палітычнай мове, магчыма, так яно і ёсць. Але на самай справе гэта было масавае забойства. А смерць — мяжа разумення ўсяго, што існавала, існуе і будзе існаваць. Нават калі будуць злоўленыя і пакараныя злачынцы, ніхто не зможа прывесці поўны пералік прычын, чаму такое ўвогуле магло здарыцца.

Сёння кожны ставіць класічнае пытанне: «Каму было выгадна?» І сам адказвае на яго па меры свайго разумення. Але ж ніякая арганізацыя не заявіла аб сваёй персанальнай зацікаўленасці, як гэта звычайна рабілі і робяць тэрарысты ва ўсім свеце. Што ж тычыцца стану грамадства, то яно было добра падрыхтавана да гэтай падзеі. Бо ўжо неаднаразова адбываліся ўяўныя і рэальныя яе рэпетыцыі. Прыкладам, спецслужбы не аднойчы заміналі правядзенню грамадскіх мерапрыемстваў з той нагоды, што памяшканне замінавана. Далёкай ужо вясной 1995 года такім манерам была сарвана тэлевізійная сустрэча журналістаў з эканамічным дарадцам Лукашэнкі Пятром Капітулам. Журналістам наўпрост заявілі, што студыя на Макаёнка замініравана. У якасці доказу ўказалі на кінолагаў, які патрулявалі падыходы са сваімі адмыслова падрыхтаванымі мухтарамі.

Цікава, што аб’яву аб замінаванні ўласнай студыі зрабіла і само БТ.

Карацей, пастаялі, пасмяяліся, разышліся. Але ўспамін і ўражанне, што калі такое робіцца, то такое рабіць можна, засталося. Пасля былі безліч такіх правакацый з боку спецслужб, з боку неўраўнаважаных кандыдатаў на Навінкі і звычайных п’янюг. Уяўнае мініраванне школ стала ўлюбёным заняткам гультаяватых вучняў, не падрыхтаваных да выканання кантрольных.

Справу рабіла і шматгадовае «аб’яднанне з Расіяй», у выніку якога кожны выбух у Маскве або на Каўказе змушаў задумацца аб тым, як яно будзе, калі на самай справе аб’яднаемся. Бо тады пачне дзейнічаць вядомы прынцып: ваш сябра — наш сябра, ваш вораг — наш вораг.

Пасля кожнага расійскага тэракту нас пачыналі папярэджваць у грамадскім транспарце аб неабходнасці звяртаць пільную ўвагу на падазроных асоб і пакінутыя без нагляду рэчы. Пасля запісалі ўсё гэта на плёнку. Папярэджванні сталі руцінай і ў такім стане страцілі свае прызначэнне. Асобныя пільныя грамадзяне раз-пораз білі трывогу з нагоды знойдзеных без дагляду поліэтыленавых торбаў, але ж на кожны чых не наздароўкаешся...

З іншага боку, улады рабілі ўсё магчымае, каб разбурыць вертыкальныя афіцыйныя каналы сувязі паміж сабой і грамадствам, зліквідаваць магчымасць зваротнай сувязі паміж дзяржаўнымі структурамі і фармальнымі і нефармальнымі грамадскімі структурамі. Усе магчымасці для зацікаўленага дыялогу да скаргаў і прапаноў, якія грамадзянін мог накіраваць у інстанцыю праз так званае «адно вакно». Нават у моргах ёсць такія. Але насамрэч гэтага недастаткова. Асабліва з улікам існавання ў краіне Канстытуцыі, якая быццам бы гарантуе грамадзянам і супольнасцям іх палітычныя і іншыя правы.

Са школы ж усе ведаюць, што калі на кацёл не паставіць рэгулятар ціску, ён абавязкова аднойчы выбухне. Раз-пораз такое здараецца і прыносіць вялікія непрыемнасці. А сацыяльныя працэсы нашмат больш складаныя за фізічныя.

У нас жа атрымалася, што чагосьці падобнага пастаянна чакалі, але ніхто насамрэч не быў да яго гатовым. Чаго вартыя дзеянні ўладаў пасля выбуху ў Мінску 3 ліпеня 2008 года? Злачынцаў спрабавалі злавіць, але выбралі для гэтага вельмі незвычайны і дарагі сродак. Вырашылі зняць адбіткі пальцаў з усяго насельніцтва. Нават спецыяльны закон прынялі. А ці ўлічылі, што ў Беларусі большую частку года холадна, і таму людзі ходзяць у пальчатках?

Падкрэслю яшчэ раз — адбылося масавае забойства. Мы — усе грамадзяне гэтай краіны — зацікаўленыя, каб яно было расследавана па закону і гэтак жа па закону былі пакараны злачынцы. Але ўжо знаходзяцца людзі, якія паднялі вэрхал з патрабаваннямі пакараць тых, хто выступае супраць дзейснай улады.

Прычым яны ўжо ведаюць, дзе іх шукаць.

Каментаваць