Масты. Астравец. Мёры. Мядзел. Ліда. Наваполацк

Масты. Жыроўкі пацяжэюць

Шэраг жыллёва-будаўнічых кааператываў атрымалі паведамленні ЖКГ, што ў бягучым годзе будуць плаціць за камунальныя паслугі па фактычнаму сабекошту.

Масты. Жыроўкі пацяжэюць

Шэраг жыллёва-будаўнічых кааператываў атрымалі паведамленні ЖКГ, што ў бягучым годзе будуць плаціць за камунальныя паслугі па фактычнаму сабекошту.

Гэта рашэнне ЖКГ абгрунтоўвае тым, што з бюджэту не выдзелена адпаведных датацый насельніцтву, якое пражывае ў жыллёвым фондзе, што не абслугоўваецца ЖКГ. У мінулым годзе жыхары шэрагу ЖБК плацілі поўны кошт за вываз «смецця» — 1700 рублёў з чалавека, што болей чым у 3,5 разы перавышала плату з жыхароў, якія абслугоўваюцца ЖКГ (470 рублёў). У разе поўнай аплаты камунальных паслуг сумы ў «жыроўках» грамадзян у кааператывах, якія не абслугоўваюцца ЖКГ, могуць вырасці ў два разы, нягледзячы на заявы ўраду пра тое, што насельніцтва плаціць толькі каля 37% сабекошту камунальных паслуг.

Выйсцем, паводле ЖКГ, з’яўляецца перадача кааператываў на поўнае тэхнічнае абслугоўванне Мастоўскаму РУП ЖКГ. Аднак дэпутат райсавета Дзмітрый Кухлей бачыць сітуацыю інакш: «Кіраўніцтву кааператываў варта штомесячна звяртацца ў фінаддзел Мастоўскага райвыканкаму з адпаведнымі разлікамі неабходнай сумы датацый, якую выканкам павінен кампенсаваць грамадзянам з бюджэту».


Астравец. Кошт АЭС узрастае штодня


За 60 гадоў, на якія разлічаны тэрмін эксплуатацыі атамнай станцыі, перапрацоўка адпрацаванага ядзернага паліва запатрабуе вялікіх выдаткаў. Пра тое, што Расія зможа забіраць гэтыя рэшкі атамнай вытворчасці, распавядаў нядаўна намеснік міністра энергетыкі Міхаіл Міхадзюк. Аднак расійскі фізік-ядзершчык Андрэй Ажароўскі пацвердзіў паведамленне «Еўрарадыё», што расійскае заканадаўства забараняе захоўваць на сваёй тэрыторыі парэшткі АЭС з іншых краін. Яшчэ на грамадскіх слуханнях наконт пабудовы ў Астраўцы АЭС прадстаўнік Расатаму заявіў, што Расія не будзе займацца беларускімі адкідамі. Але ж зараз прэс-служба кампаніі пацвердзіла словы беларускага чыноўніка, што ядзернае паліва, вырабленае ў Расіі і скарыстанае за мяжой, можа вяртацца назад, і гэтаму заканадаўства не пярэчыць. Аднак адной ініцыятывы карпарацыі не дастаткова. Для ўвозу адпрацаванага паліва неабходна станоўчае заключэнне Дзяржаўнай экалагічнай камісіі Расіі нават па кожнаму вагону падобных паставак. А яшчэ гэта выключна рыначная паслуга. І нятанная — кошт аднаго кілаграма такога прадукту вагаецца ад 680 да 1500 долараў. За час эксплуатацыі АЭС Беларусь мусіць сплаціць Расіі за перапрацоўку паліва ад 108 да 240 мільёнаў долараў.


Мёры. Другое жыццё балота


Грамадская арганізацыя «Ахова птушак Бацькаўшчыны» (АПБ) завяршае прыродаахоўны праект на буйнейшым беларускім балоце «Ельня». На працягу двух гадоў працы па аднаўленню гідралагічнага рэжыму цэнтральнай часткі балота, акрамя спецыялістаў, працавалі больш за сотню валанцёраў АПБ з усіх куткоў Беларусі. За гэты час на асушальных калісьці каналах пабудавана больш за 30 плацін са ствалоў гарэлых дрэў і торфу. Ельня — адно з буйнейшых верхавых балот у Еўропе. Размешчана ў Мёрскім і Шаркоўшчынскім раёнах і займае плошчу болей за 200 квадратных кіламетраў. Меліярацыя, што адбылася тут у мінулым стагоддзі, прывяла да зніжэння ўзроўню грунтовых водаў і частых пажараў. У выніку апошняга пажару 2002 года выгарала 70 працэнтаў тэрыторыі балота. Эканамічныя страты ад знішчэння пажарам толькі журавінніку складаюць 100 мільёнаў рублёў штогод. Балота абвешчана ландшафтным заказнікам рэспубліканскага значэння, а таксама тэрыторыяй міжнароднага значэння, важнай для птушкі. Тут пражывае 98 відаў птушак, 23 з якіх занесены ў чырвоную кнігу, і расце 11 відаў рэдкіх раслін, у тым ліку карлікавая бяроза і марошка. Гэта таксама месца прыпынку пералётных птушак.


Мядзел. Ініцыятыва аднаўлення


У сацыяльнай сетцы vkontakte з’явілася суполка, прысвечаная Мя­дзельскай Кальварыі. Адміністратар суполкі Руслан Шошын заклікае неабыякавых інтэрнэт-карыстальнікаў спрычыніцца да распаўсюду інфармацыі і прац па аднаўленні Кальварыі, закладзенай у XVIII стагоддзі. Акрамя таго, выказваецца ідэя наконт правядзення тут каталіцкіх летнікаў і заснавання турыстычнага маршрута, які павінен ахопліваць шэраг гістарычных аб’ектаў.


Ліда. Краязнаўчая школа

Гарадская арганізацыя ТБМ супольна з мясцовым гістарычна-літаратурным музеем стварыла краязнаўчую школу. На паседжанні, куды можа патрапіць кожны аматар даўніны, запрашаюцца знакамітыя пісьменнікі, паэты, навукоўцы, краязнаўцы. Адбываюцца пасяджэнні два разы на месяц. На адкрыцці школы прысутнічаў Уладзімір Арлоў. На чарговае пасяджэнне запрошаны гродзенскі гісторык, прафесар Алесь Краўцэвіч.


Наваполацк. У гонар класікаў


Суполка «Рубон» гарадской арганізацыі Таварыства беларускай мовы імя Ф. Скарыны і бібліятэка імя Я. Коласа ў Наваполацку зладзілі акустычны канцэрт «Купала / Караткевіч». На словы класікаў беларускай літаратуры Я. Купалы і У. Караткевіча выканалі спевы вядомыя маладыя барды Раман Яраш і Андрэй Касцень. Сустрэча адбылася ў межах ініцыятывы «Будзьма беларусамі».
 

Каментаваць