Масты. Гродна

Масты. Трыццаць гадоў без гарачай вады


Амаль 30 гадоў жыхары 40-кватэрнага дома па вуліцы Будаўнікоў, 16 у горадзе Масты Гродзенскай вобласці чакаюць гарачай вады.

Масты. Трыццаць гадоў без гарачай вады


Амаль 30 гадоў жыхары 40-кватэрнага дома па вуліцы Будаўнікоў, 16 у горадзе Масты Гродзенскай вобласці чакаюць гарачай вады.

Дом заселены ў 1982 годзе. Заказчыкам выступіла ўпраўленне капітальнага будаўніцтва райсавета. Каб зэканоміць дзяржаўныя грошы, быў утвораны будаўнічы кааператыў «Вулей». Будучыя жыхары аплацілі не толькі пабудову дома, але і падвядзенне камунікацый, у тым ліку ўнутрыдамавую разводку гарачага водазабеспячэння. Засяліліся, а гарачай вады няма. Часова сітуацыю вырашылі наступным чынам: усталявалі газавыя воданагравальныя калонкі. Такім чынам многія жыльцы дома забяспечвалі сябе гарачай вадой больш за дзесяць гадоў; але тым, хто жыве на верхніх паверхах, даводзілася грэць яе ў каструлях, паколькі з-за слабага ціску вады карыстанне калонкай магло прывесці да выбуху.

У другой палове 1990-х гадоў газавая служба РБ прыняла новыя стандарты ўтрымання грамадзянамі газавых калонак. У гэтым доме не адна з іх не адпавядала стандарту, і таму ўсе яны былі адключаны. Сітуацыя ўскладнілася яшчэ і тым, што цеплатраса мела занадта доўгую працягласць ад кацельні ААТ «Мастоўдрэў», і таму дом быў падключаны да разводкі СШ №5 ды дзіцячага садка. Зімой было холадна ўсім — дарослым і дзецям, таму школу і садок пераключылі да бліжэйшай кацельні сельгастэхнікі, а жыхары дома засталіся надалей узімку мерзнуць.

Абураныя грамадзяне на чале са старшынёй кааператыва Валерам Палішэвічам з 2001 года пачалі перапіску з мясцовай уладай, дзе патрабавалі станоўчага вырашэння пытання цепла- і гарачага водазабеспячэння дома. Першы адказ, які атрымалі кааператыўшчыкі ад райвыканкама за подпісам намесніка старшыні Алены Кір’янавай, быў такі: «Сістэма вашага цеплазабеспячэння знаходзіцца ў задавальняючым стане; магчымы варыянт гарачага водазабеспячэння, шляхам устаноўкі воданагравальніка ў падвале дома, аднак унутрыдамавая разводка гарачага водазабеспячэння выканана больш за 15 гадоў таму, з гэтай прычыны неабходна скласці праект і правесці яе абследаванне». Жыхарам было прапанавана звярнуцца да спецыялістаў «Гроднаграмадзянпраект», якія выконваюць падобныя работы, але іх паслугі платныя. Калі першы этап работы будзе выкананы, то далей адбудзецца вызначэнне кропкі падключэння цеплазабеспячэння, замоўлены праект, сметная дакументацыя і вызначаны асноўныя работы па пераключэнні трасы. І ўсё гэта за кошт жыхароў.

У 2005 годзе, каб у кватэрах было цёпла, людзі заплацілі за матэрыялы і працу мясцовай арганізацыі па пераключэнні цеплазабеспячэння іх дома да кацельні райаграпрамтэхнікі.

Пытанне гарачага водазабеспячэння і па сёння кожны вырашае самастойна. Жыхары апошняга паверха грэюць ваду ў каструлях, тыя, хто ніжэй, усталявалі ўласныя воданагравальнікі і не жадаюць плаціць за агульны. Некаторыя зноў нелегальна падключылі газавыя калонкі.

Язэп ПАЛУБЯТКА



Гродна. Гарадская цывілізацыя: Беларусь і свет


На гістарычным факультэце Гродзенскага дзяржуніверсітэта і на сядзібе гарадской арганізацыі ТБШ адбылася прэзентацыя кнігі доктара гістарычных навук Захара Шыбекі «Гарадская цывілізацыя: Беларусь і свет», якая выйшла ў выдавецтве Еўрапейскага гуманітарнага універсітэта ў Вільнюсе (Літва).

Як паведаміў гродзенскі актывіст дэмакратычнага руху Эдуард Дмухоўскі, арганізатарам прэзентацыі выдання выступіла мясцовае аддзяленне руху «За Свабоду».

На думку аўтара кнігі, «сучасныя гараджане сталі закладнікамі ўрбанізацыі, што адбіваецца на іх маральным і фізічным здароўі, бо сённяшнія гарады з’яўляюцца праваднікамі распусты». Каб зрабіць сучасны беларускі горад нацыянальным, яго жыхары «павінны стаць больш аскетычнымі, не зводзіць свае жыццё толькі да задавальнення асноўных фізіялагічным патрэб і засваення рускамоўнай поп-культуры». Як лічыць Шыбека, гараджане павінны адраджаць традыцыі беларускай аўтэнтычнай культуры і навучыцца зарабляць грошы, бо толькі такое спалучэнне дазваляе рэалізаваць духоўныя памкненні чалавека. Аўтар выдання выказаў шкадаванне, што беларускія гарады, у адрозненне ад заходніх, развіваюць не сферу паслуг, а прамысловасць.

Кніга складаецца з трох раздзелаў: гісторыя горада, урбанізацыя, гараджане. «На працягу ўсёй сваёй гісторыі царызм рабіў так, каб разбурыць мясцовы каларыт старых ліцвінска-беларускіх гарадоў і ліквідаваць іх былыя вольнасці. Беларусы пазбавіліся сталіцы. Вільня пераўтварылася ў звычайны губернскі цэнтр. Руска-яўрэйскія гарады адчужаліся ад беларускай народнай культуры. Найбольш зрусіфікаванымі сталі губернскія гарадскія цэнтры. Яны прэзентавалі не аўтахтонную культуру і традыцыю, як раней, а найперш узніклую тут правінцыйную рускую культуры. Старабеларуская шляхецкая культура была загнаная ў панскія маёнткі і асобныя гарадскія цэнтры. Па сваім нацыянальным складзе мясцовыя гарады не сталі беларускімі», — адзначаецца ў кнізе.

БелаПАН

Каментаваць