Мазгавы штурм: як беларускім ВНУ наладзіць імпарт талентаў?

Чым вабіць Чэхія замежных студэнтаў, і чаму варта павучыцца беларускім чыноўнікам? Пра гэта карэспандэнт «Заўтра тваёй краіны» гутарыць з экспертамі ў сферы адукацыі і студэнтамі ўніверсітэтаў Прагі.

Роўныя ўмовы для замежнікаў і мясцовых

— Калі на пачатку 90-х Чэшская рэспубліка накіроўвала сваіх студэнтаў вучыцца за мяжу, то сёння, наадварот, мы больш студэнтаў прымаем, распавядае кіраўнік аналітычнага аддзелу Карлавага ўніверсітэта Вера Шцясна (Věra  Štastná). Прыярытэт аддаецца студэнтам з еўрапейскіх краінаў.

Кіраўнік аналітычнага аддзелу Карлавага ўніверсітэта Вера Шцясна

З 90-х Чэшская рэспубліка ўдзельнічае ў праграме Tempus, якая дала магчымасць наладзіць кантакты мясцовых выкладчыкаў з замежнымікалегамі. Другім крокам, які паўплываў на рэформы ў сістэме адукацыі, стаў удзел у праграме Erasmus. У выніку павялічылася колькасць абменаў з універсітэтамі іншых краін Еўрасаюза. Гэтая сістэма  існавала на двухбаковых пагадненнях паміж ВНУ.

Як адзначае суразмоўца, на пачатку дэмакратычных рэформаў у Чэхіі кантакты ў сферы адукацыі і магчымасць вучыцца ўіншых краінах адыгралі важную ролю. Былі падрыхтаваныя кадры, якія цяпер працуюць у Чэхіі. Менавіта праграмы Tempus і Erasmus спрыялі развіццю дэмакратыі у Чэшскай рэспубліцы.  На іх была заснаваная рэформа сістэмы вышэйшай адукацыі.

Напрыклад, Карлаў універсітэт працуе зараз не толькі з ВНУ краін Еўрасаюза.Пры гэтай навучальнай утанове створаны спецыяльны мабільны фонд, які дапамагае падтрымліваць студэнтаў і выкладчыкаў  у краінах, дзе не працуюць еўрапейскія праграмы.

Карлаў універсітэт выдаткоўвае штогодамаль 1 мільён долараў на тое, каб студэнты, у тым ліку і з іншых ВНУ, маглі прыняць удзел у адукацыйных праграмах за мяжой.

Таксама студэнты прыязджаюць вучыцца па праграме CEEPUS (Цэнтральная праграма еўрапейскага абмену ў сферы універсітэцкай адукацыі).

Калі наш студэнт едзе вучыцца па нейкай праграме ў іншую краіну, Карлаў універсітэт кантралюе, каб ўзровень адукацыі быў не ніжэйшы, гаворыць Вера Шцясна.

Штогод на кожнага студэнта выдаткоўваецца ад 30 000 да 100 000 крон. На тых, хто вучыцца на мастацкіх спецыяльнасцях, выдаткі могуць складаць да 200 тысяч крон. Таксама вялікіх выдаткаў патрабуюць медыцынскія спецыяльнасці.

Каб матываваць студэнтаў, усталявана правіла: на бакалаўра вучышся тры гады, плюс адзін год прыбаўляецца ў запас. Пяты год адукацыя платная. То бок вечным студэнтам тут не будзеш. Дзяржава выдаткоўвае фінансы не дзеля таго, каб студэнты вучыліся бясконца.

Моладзь з іншых краін, якая хоча атрымаць вышэйшую адукацыю ў Чэхіі, паступае ў ВНУ на тых самых умовах, што і грамадзяне Чэхіі. Навучанне бясплатнае. Іспыты здаюцца на чэшскай мове.

Карлаў універсітэт зацікаўлены мець самых разумных студэнтаў, тлумачыць Вера Шцясна. У чэшскіх універсітэтах не важна, якой ты нацыянальнасці,якое маеш грамадзянства. Галоўны прынцып інтэлектуальны адбор. Замежных студэнтаў у нас лічаць мясцовымі.

Калі студэнт хоча атрымліваць адукацыю на англійскай мове, ён мусіць плаціць. Папулярнасцю ў замежнікаў карыстаюцца медыцынскія і гуманітарныя спецыяльнасці.

Украінская студэнтка вучыцца ў Чэхіі, каб быць карыснай на Радзіме

Украінка Марына вучыцца на  пятым курсе Карлавага ўніверсітэта па спецыяльнасці «лінгвістыка».

Марына скончыла бакалаўрыят у Кіева-Магілянскай акадэміі, а цяпер вучыцца ў магістратуры

Чэхія прывабіла украінку не толькі бясплатнай адукацыяй для замежнікаў, але адносна таннымі коштамі.  Каб пражыць, студэнту хапае 300 долараў у месяц (і гэта з улікам выдаткаў на клубы і бары). 90%  студэнтаў зарабляюць самастойна на жыццё.

У студэнцкай сталоўцы паўнавартасны абед каштуе каля 22 тысяч у пераліку на беларускія рублі.  А ў цэнтры Прагі можна пад'есці за 30-35 тысяч рублёў,  трэба толькі месцы ведаць.

Самы танны інтэрнат абыходзіцца студэнту ў 80-90 еўра штомесяц.

Марына кажа, што ёй было лёгка паступіць у Карлаў універсітэт.Чэшскую мову вывучала дома. Наведвала курсы паўтары гады, але ў асноўным займалася самастойна.

Пры паступленні Марына здавала іспыты па гісторыі, літаратуры, украінскай мове і культуры.

— У чэшскіх ВНУ няма такога паняцця як конкурс. Цябе прымаюць альбо не, адначае студэнтка.

Паводле яе словаў, вучыцца ў Карлавым універсітэце няпроста.

— Тут створана патагонная сістэма для студэнтаў.  Ёсць прыклады, калі з дваццаці чалавек, якія паступілі, да дзяржіспытаў дайшлі толькі два. Адзін з маіх самых складаных іспытаў працягваўся пяць гадзін. Сесія  доўжыцца два месяцы, і да яе трэба старанна рыхтавацца, падкрэслівае Марына.

З перавагаў студэнцкага жыцця ў Празе Марына адзначае магчымасці падпрацоўкі.

— Ты можаш працаваць афіцыянтам, гідам, на рэцэпцыі ў гатэлі. Можна знайсці працу ў вялікай кампаніі. Там нават ёсць пазіцыя «менеджэр па клінінгу» па сутнасці прыбіральшчыцы.  Каб атрымаць гэтую працу, трэба прайсці два сумоўі і прадаставіць рэзюмэ з рэкамендацыйнымі лістамі, тлумачыць навучэнка.

Пасля атрымання дыплому Марына плануе вярнуцца дадому.

Адукацыю я атрымліваю, каб прыносіць карысць на радзіме. Усе мае знаёмыя, якія скончылі еўрапейскія ВНУ, вяртаюцца працаваць ва Украіну, гаворыць студэнтка.

Беларуска прыехала ў Прагу за марай

Мінчанка Маргарыта Бязрукая вучыцца на трэцім курсе Чэшскага земляробчага ўніверсітэта ў Празе (Česká zemědělská univerzitavPraze).

Маргарыта Бязрукая, фота Аксана Бязрукая, paparazzikidz.cz

У Прагу я ехала за марай, прызнаецца Маргарыта. Я хачу стаць кінолагам. У Беларусі можна вучыцца на міліцыянера-кінолага, але мяне цікавіла іншая спецыялізацыя. Я хачу дапамагаць людзям вырашаць праблемы, напрыклад, калі сабака іх не любіць ці не слухаецца.

Занятак па кіналогіі. Фота Маргарыта Бязрукая

Паралельна Маргарыта атрымлівае вышэйшую адукацыю ў Беларускім дзяржаўным педагагічным універсітэце па спецыяльнасці «псіхалогія».

Дзяўчына лічыць, што дзве адукацыі дазволяць ёй стаць добрым спецыялістам.

Я лічу, што ў чэшскі ўніверсітэт лёгка паступіць (можна набраць 50 балаў са 100 і стаць студэнтам), але пасля студэнтаў чакае жорсткі адбор, адначае студэнтка.

Маргарыта прызнаецца, што не вельмі добра валодала чэшскай мовай на пачатку вучобы.

Памятаю, як падпісвала ў падручніку кожнае другое слова. А цяпер выкладчыкі хваляць маю чэшскую мову, успамінае беларуска.

На думку Маргарыты, у Чэшскім універсітэце лепшая матэрыяльная база, чым у БДПУ.

У беларускім універсітэце можа быць два праектары на ўстанову. А тут яны ёсць у кожнай аўдыторыі. Па ўсёй тэрыторыі універсітэта даступны wi-fi. У маім універсітэе ў Празе некалькі бараў і вельмі добрая сталоўка, дзе можна паабедаць за 2-2,5 долары (гарбата бясплатна), адзначае студэнтка.

Сталовая Чэшскага земляробчага ўніверсітэта ў Празе. Фота Маргарыта Бязрукая

Студэнтка звяртае ўвагу і на іншыя асаблівасці адукацыі ў Чэхіі:

У Беларусі, калі я атрымліваю спіс пытанняў да экзамена, то сама мушу шукаць, дзе браць адказы. У Чэхіі на першай пары кажуць, па якіх падручніках мы вучымся. Апроч гэтага, усе прэзентацыі выкладваюць на сервісах, гаворыць Маргарыта. У нашым універсітэце ты можаш не здаць іспыты па дзвюх дысцыплінах і цябе перавядуць на наступны курс. Калі ты не здаў больш за два прадметы, ты можаш застацца на другі год. Мне падаецца, што гэта сістэма не матывуе да вучобы.

У адрозненне ад Беларусі, у Чэхіі амаль усе студэнты працуюць, бо не трэба з ранку да вечара сядзець на занятках.

Замежныя студэнты як спосаб пакрыць дэфіцыт бюджэту

Сябра Грамадскага  Балонскага камітэта, прафесар Уладзімір Дунаеў адзначае, што, паводле логікі беларускіх уладаў, досвед Чэхіі нецікавы. Бо ў Беларусі замежныя студэнты дадатковая крыніца прыбытку, спосаб пакрыць дэфіцыт бюджэту ВНУ.

Уладзімір Дунаеў

Паспяховая палітыка Чэхіі ў сістэме адукацыі была сфарміраваная на хвалі «аксамітнай рэвалюцыі». У чэхаў былі інтэлектуальныя рэсурсы, якія змаглі вызначыць правільныя арыентыры, падкрэслівае прафесар.

У нас жа, па яго словах, няма ні інтэлектуальных рэсурсаў, ні мэтаў, якія адпавядаюць сучасным задачам вышэйшай адукацыі.

Беларусы таксама карыстаюцца праграмай Tempus. Але нашы ўлады імкнуцца да кансервацыі формаў вышэйшай адукацыі мінулага стагоддзя. Таму, калі адукацыйная палітыка неэфектыўная,  ніякія інструменты не дадуць добрага выніку. Метады ў дадзеным выпадку не выратуюць,  бо мэта вызначана няправільна, лічыць эксперт.

На яго думку, Беларусі важней зараз вызначыцца з агульнай стратэгіяй. А сэнс рэфармавання сістэмы вышэйшай адукацыі прапісаны ў Балонскім працэсе.

Прафесар Дунаеў лічыць, што з пункту гледжаня нацыянальных інтарэсаў, немэтазгодна рабіць бясплатнай для замежнікаў першую ступень адукацыі: бакалаўрыят.  Гэтая ступень прызначаная хутчэй для таго, каб атрымаць дадатковыя фінансавыя рэсурсы . А вось што тычыцца магістэрскіх і доктарскіх праграмаў, то, на думку экперта, варта зрабіць іх бясплатнымі, каб забяспечыць рэальны ўнёсак замежных спецыялістаў у развіццё нацыянальнай навукі.

Шэраг развітых краін зацікаўленыя ў тым, каб найбольш таленавітыя выпускнікі ўзроўню магістраў і дактароў заставаліся там, дзе яны атрымалі адукацыю. Гэта спосаб завабіць мазгі ў краіну, падкрэслівае Уладзімір Дунаеў.

Матэрыял падрыхтаваны пры дапамозе MYMEDIA/DANIDA

 

Каментаваць