Мазыр — у спіс ЮНЭСКА

Горад Мазыр заслугоўвае быць унесеным у сусветны Спіс прыроднай і культурнай спадчыны ЮНЭСКА. З такой прапановай выступіла доктар урбаністыкі і архітэктуры, старшыня рады Еўрапейскага інстытута горада, сябра Грамадскай назіральнай камісіі па ахове гістарычна-культурнай спадчыны пры Міністэрстве культуры Беларусі Ірына Лаўроўская.



На яе думку, галоўны турыстычны рэсурс Мазыра — у гарманічным спалучэнні ўнікальных тапаграфіі, ландшафту і інфраструктуры гэтага старажытнага гораду, які вольна распасцёрся ўздоўж шырокай і паўнаводнай Прыпяці на высокіх ўзгорках, стромкіх схілах і вузкіх логах Мазырскай грады, што вялізным пухіром нечакана ўздымаецца сярод аднастайнай роўнядзі Палескай нізіны. А калі ўлічыць, што гэты ўтульны горад з славутым мінулым ляжыць сярод апетых у народных паданнях і літаратурных творах азёр і балот, лясоў і палёў, лугоў і шляхоў, дзе раз-пораз сустракаюцца арыгінальныя прыродныя цікавосткі (скажам, адзіныя ў Беларусі дзюны паміж Мазыром і Калінкавічамі ці нацыянальны парк “Прыпяцкі” з багатай флорай і фаунай), а таксама вясковых паселішчаў, дзе жывуць прыгожыя, таленавітыя і працавітыя палешукі з непаўторнымі скарбамі народнай духоўнай культуры і самабытнай творчай фантазіяй, дык Мазыру тым больш няма цаны.

Як зазначыла навукоўца, Мазыр патрабуе распрацоўкі доўгатэрміновага комплекснага плану кіравання. Гэты план, між іншым, павінен прадугледжваць не толькі развіццё сучаснай гарадской інфраструктуры і аднаўленне помнікаў архітэктуры. але і шырокае выкарыстанне далікатных колераў для нівеліравання архітэктурных агрэхаў і падкрэслівання найбольш выбітных будынкаў і збудаванняў. Апроч таго, гаворка ідзе пра стварэнне сучаснай турыстычнай гарадской інфраструктуры, знаёмства з якой па загадзя вызначанаму маршруту грунтуецца на падвышэнні эфекту прывабнасці кожнага наступнага аб’екту ў параўнанні з папярэднім.

Менавіта пры такім падыходзе да будучага гораду ён з поўным правам можа прэтэндаваць на ўключэнне ў пачэсны Спіс сусветнай спадчыны ЮНЭСКА, лічыць Ірына Лаўроўская.       

Паколькі вельмі слаба вывучана мінуўшчына Мазыра, яна прапанавала правесці ў будучым годзе вялікую міжнародную навуковую канферэнцыю па пытаннях гарадской гістарычна-культурнай спадчыны з запрашэннем шэрагу выбітных айчынных і замежных навукоўцаў. На сакавік у Мінску запланавана першае пасяджэнне аргкамітэту гэтай канферэнцыі.   

Сустрэча, у якой ўдзельнічалі жыхары і ўраджэнцы Мазыра, а таксама грамадскія актывісты з Брэста, Калінкавічаў, Мінска і Турава (Гомельская вобласць), адбылася ў межах нацыянальнага конкурсу “Народны журналіст-2014” і была прысвечана лёсу цудоўнага помніка дойлідства пачатку XX стагоддзя, што створаны талентам пакуль невядомага майстра і знаходзіцца ў Мазыры па вуліцы імя Рыжкова,11. Гэты велічны і адначасна вытанчаны эклектычны двухпавярховы будынак, густоўна ўпрыгожаны мноствам архітэктурных дэталяў, выкананых з фігурнай абліцовачнай цэглы і аздобай.

На жаль, гэты шэдэўр беларускай архітэктуры, які не мае аналагаў у краіне, прыйшоў ў поўны заняпад, хоць з ініцыятывы мазырскага краязнаўцы Паўла Наздры ў 2008 годзе ўключаны ў Дзяржаўны спіс гістарычна-культурных каштоўнасцяў Рэспублікі Беларусь як помнік дойлідства нацыянальнага значэння. Будынак знаходзіцца ва ўласнасці камерцыйнай структуры і яму пагражае знікненне.

Існуе меркаванне, што гэты асабняк, які гараджане называюць “Графскім маёнткам”, з’яўляўся мазырскай рэзідэнцыяй князёў Радзівілаў. Па іншай версіі, велічная камяніца была ўзведзена для павятовага шпіталю на грошы неабыякавых гараджанаў. Цягам дзесяцігоддзяў у будынку месціўся шпіталь: спачатку абласны, затым гарадскі і, урэшце, дзіцячы. Апроч таго, шмат год (па сведчаннях гараджанаў, прыкладна да канца 1940-х гадоў) у камяніцы знаходзіўся радзільны дом.

Такім чынам, гэты помнік архітэктуры з’яўляецца сапраўдным РОДНЫМ ДОМАМ для тысяч ураджэнцаў Мазыра — тых, хто нарадзіўся і нараджаў у гэтым будынку. Такое цікавае мінулае помніка дойлідства выклікае кранальныя пачуцці. Бо не могуць нармальныя людзі дапусціць, каб на іх вачах паміраў іх РОДНЫ ДОМ.

Вось чаму ўдзельнікі сустрэчы, занепакоеныя станам помніка архітэктуры па Рыжкова, 11, накіравалі ліст старшыні Мазырскага райвыканкаму Яўгену Адаменку, каб выпрацаваць шляхі выратавання гэтага будынку.

Падпісанты лісту лічаць, што славутая гісторыя гэтай камяніцы дае ёй поўнае права адлюстроўваць лёс Мазыра і займаць тое пачэснае месца ў жыцці горада, якое вызначаць самі мазыране. І калі да справы аднаўлення гэтага будынку спрычыняцца гараджане і ўраджэнцы Мазыра, што жывуць на Бацькаўшчыне і па-за яе межамі, РОДНЫ ДОМ сагрэе не адно пакаленне мазыранаў ды іх нашчадкаў.

Грамадскія актывісты просяць Яўгена Адаменку склікаць пашыраную нараду па ахове гістарычна-культурнай спадчыны Мазыра і ўласна будынку па Рыжкова,11 з запрашэннем на яе прадстаўнікоў грамадскасці.

На думку падпісантаў лісту, на гэтай нарадзе неабходна разгледзець пытанні аб:

  1. Вяртанні помніка ў дзяржаўную ўласнасць і прыцягненні да адказнасці асобаў, па чыёй віне не выконваюцца ахоўныя абавязацельствы адносна гэтай камяніцы.
  2. Неабходных мерапрыемствах для правядзення тэрміновых кансервацыйных працаў па прадухіленню канчатковага разбурэння асабняку. 
  3. Стварэнні арганізацыйнага камітэту па аднаўленню помніка архітэктуры і вырашэнню яго далейшага лёсу. 

Грамадскія актывісты абмеркавалі пытанні пошуку бібліяграфічных і архіўных матэрыялаў па гісторыі будынку, арганізацыі ў сацыяльных сетках адмысловай групы “Мазыр — у спіс ЮНЭСКА”, праблему папулярызацыі мясцовай прыроднай і культурнай спадчыны праз стварэнне відэастужак і фотаальбомаў.  

Удзельнікі сустрэчы звярнулі ўвагу на тое, што ў свой час знайшліся грошы на прывядзенне ў Мазыры рэспубліканскага фестывалю “Дажынкі-2001” і стварэнне ў горадзе гарналыжнага курорту, які, дарэчы, не акупляецца. Зараз на сродкі Мазырскага нафтаперапрацоўчага заводу будуецца вялізны гарадскі цэнтр гульнявых відаў спорту. Разам з тым. у Мазыры не хапае сучасных культурна-асветніцкіх (кшталту Цэнтра культуры Палесся), адукацыйных і турыстычных аб’ектаў. У межах рэалізацыі такога амбітнага праекту, як “Мазыр — у спіс ЮНЭСКА” паспяхова вырашыцца праблема рэстаўрацыі помнікаў дойлідства і іх прыстасавання пад вышэйназваныя аб’екты, мяркуюць грамадскія актывісты.

Вось чаму, на іх думку, сама ідэя праекту “Мазыр — у спіс ЮНЭСКА” з’яўляецца эканамічна прыцягальнай для патэнцыйных інвестараў, гараджанаў  і мясцовых уладаў.  

Пад час сустрэчы адбылося ўзнагароджанне ўдзельнікаў і пераможцаў нацыянальнага конкурсу “Народны журналіст-2014”. Так, адзначана 21-гадовая мазыранка Юля Котава. Яна прадставіла на конкурс тры тэксты, прычым адзін з іх — “История заброшенных зданий” як раз і падштурхнуў да адбыўшайся дыскусіі.

Ірына Лаўроўская ўзнагароджвае Дзяніса Рабянка

Неаднаразовы ўдзельнік конкурсу настаўнік беларускай мовы з Калінкавічаў  Дзяніс Рабянок на гэты раз заняў другое месца ў конкурснай намінацыі “Тэкст” за выдатны артыкул “Дзяржаўная медыцына ў рэгіёнах — “шок  и трепет”, добра ілюстраваны выразнымі здымкамі.   

Абмеркаванне:

  • Дзяніс
  • 2015-02-10 17:05:04
Цікава, якая рэакцыя будзе ў мазырскіх вертыкальшчыкаў?
  • Уладзімір
  • 2015-02-10 20:17:38
усё залежыць ад рэкцыі грамадзян. І ў першую чаргу - мазырчукоў, дзе б яны ні жылі...
  • Антон Астаповіч
  • 2015-02-14 17:10:59
Ды пасмяюцца, не болей. Бо з такога толькі паржаць і можна. Вазміце і ўважліва прачытайце адзін з юнэскаўскіх дакументаў "Кіраўніцтва па выкананню Канвенцыі аб ахове сусветнай
спадчыны" і зразумееце ўсю клаўнаду, якая адбылася. ў Мазыры, і ацэніце ўзровень працы гэтых артыстаў арыгінальнага жанра. Ні па аднаму крытэру, што ты ні рабі, хоць са скуры вылузайся, спіс
ЮНЭСКА Мазыру не пагражае. Імітаратары бурнай дзейнасці.
  • Стах Мазырскі
  • 2015-02-10 20:28:13
Маладыя мазырчукі не памятаюць як выглядаў наш горад, амаль, ў 70-я гады.

Сэрца шчэміць, гледзячы на здымкі таго, "старога" горада... Засталіся асобныя адзінкі забудоваў, якія яшчэ могуць нагадаць нашым дзецям , унукам пра мінулае нашага горада. Трэба
зрабіць усё магчымае, каб захаваць гэтую памяць для будучых грамадзян Мазыра.
  • Яўген
  • 2015-02-13 23:28:29
Дзіўлюся, чаму гаворка ідзе толькі пра дом па Рыжкова,11.

А што, на вул. Ленінскую забыліся?

Нагадаю найбольш адметныя:

- дом №32 з шыльдай "Здесь в 1920 году, сражаясь с белополяками

по-геройски погиб верный сын Родины Николай Степанович Данилевский,

комиссар бригады 47-й дивизии" -пабудаваны ў 1903 годе;

- медвыцвярэзнік (раней была турма) - пабудаваны ў 1904 годзе;

- дом №42, ЦДТ -1907 год;

- пл. Леніна, 15 (сан.- лясная школа) - помнік 17 стагоддзя !!!;

- дом №23 драмтэатр (ужо "пагарэлы" :( ) - збудаваны ў 1933 годзе.

Многія з узгаданых збудаванняў, на жаль, таксама знаходзяцца ў жудасным стане.

Дзякуй Богу, што іх яшчэ не зруйнавалі.
  • Ірына Л.
  • 2015-02-18 20:29:24
маеце рацыю, спадар Яўген! Калі ратаваць адзін будынак -вялікай карысьці не будзе. Трэба ствараць вельмі добры і догатэрміновы план упраўлення тэрыторыяй горада, распрацаваць майстар-план, а за тым
скарэктаваць генеральны план горада. тады ёсць магчымасьць асягнуць пастаўленыя мэты..Але пра тое трэба яшчэ доўга думаць і разам МАРЫЦЬ! З павагаю,

Каментаваць