Медыйны сусвет і медыйная Беларусь

Сум, сорам і гонар — вось тыя парадаксальныя пачуцці, якія я нечакана для сябе вынес ад удзелу ў 62-м Сусветным кангрэсе газет і 16-м Сусветным форуме рэдактараў, што праходзілі на пачатку снежня ў індыйскім горадзе Хайдарабад. Сум, сорам і гонар за стан і якасць беларускіх СМІ, беларускай журналістыкі, сваёй прафесіі ў нашай краіне.



Тое, што, здавалася, было вядома, аб чым здагадваліся, а што нават і не ўяўлялі, маштаб магчымага і страчанага — усе гэта выявілася з незвычайнай яркасцю на фоне сусветнай медыяпрасторы, аб’ёмную выяву якой і акрэсліў форум.

Гэта прастора з трохмільярдным (у доларах) гадавым абаротам, нягледзячы на крызіс, на змяншэнне прыбыткаў ад рэкламы на 13 працэнтаў у першай палове 2009 года. Прастора са шматмільярднай аўдыторыяй. Нават у крызіс тыражы газет, што ўваходзяць у Сусветную асацыяцыю газет (WAN-IFRA) у Еўропе, выраслі на 1,5 працэнта. У Японіі прадаецца 612 газет на 1000 чалавек.

Сімвалічна, што форум адбыўся ў Індыі — другім па памеры медыйным рынку ў свеце (пасля Кітая). У Хайдарабадзе — горадзе высокіх тэхналогій, шырокапалоснага інтэрнэту і адначасова горадзе, дзе выдаецца больш за 280 газет, лідэры з якіх маюць тыраж ад мільёна асобнікаў. У прыватнасці, «The Times of India» за 20 гадоў прайшла шлях ад 20 тысяч тыражу да 6 мільёнаў. У суадносінах да агульнай колькасці насельніцтва гэтыя лічбы можна супаставіць з 250 тысячамі «Народнай газеты» пачатку 1990-х. Як знак цаны рэпрэсіўна абарванай тэндэнцыі развіцця свабоднай беларускай прэсы.

Беларусь — па-за межамі гэтай сусветнай медыяпрасторы. Таму і сум — ад страчаных магчымасцей. І сорам, што маглі, але не здолелі стрымаць адкат у новую несвабоду. А гонар — за тое, што ўтрымалі хаця і абмежаваную выспу незалежных СМІ. Дзяржаўныя СМІ нават не ўзгадваліся на форуме, бо яны, як было мімаходзь адзначана, — не сродак інфармацыі, а інструмент прапаганды і знаходзяцца ў зусім іншай сістэме каардынатаў, варожай вольнаму слову.

Збор каля 1000 рэдактараў, выдаўцоў і менеджэраў з 87 краін свету ў адным месцы, на адным форуме — з’ява, ужо хаця б самім сваім фактам, з шэрагу выбітных. Але самае выбітнае — змест, інтэлектуальнае багацце сустрэчы. Новыя ідэі, новы досвед, новыя мадэлі.

Быў прадстаўлены даклад пра сусветныя тэндэнцыі развіцця газетнай індустрыі. Абмяркоўваліся пытанні будучыні журналістыкі, зместу і формы выданняў, спалучэння друкаваных і мультымедыйных платформ, а таксама бізнес-мадэлі для далейшага развіцця СМІ.

Праграма форума была сканцэнтравана на дзвюх асноўных тэмах: свабода слова і развіццё СМІ ва ўмовах фінансавага крызісу. Паказальна, што форум пачаўся з працы сесій, і менавіта па праблемах свабоды СМІ. І толькі на другі дзень адбылася ўрачыстая цырымонія адкрыцця, на якой выступіла з прывітальным словам прэзідэнт Індыі Працібха Паціл.

Форум выявіў два ўзроўні пагрозаў свабодзе слова: з боку дзяржаўнай улады — у несвабодных, недэмакратычных краінах і з боку рэкламадаўцаў — у дэмакратычных.

Прэзідэнт Індыі Працібха Паціл на цырымоніі адкрыцця форуму


І аднолькавыя метады ціску і рэпрэсій: абвінавачванні ў здрадзе, у дэстабілізацыі сітуацыі, у распальванні рознага кшталту варожасці, пагрозы па тэлефоне, арышты і выкраданні прагрэсіўных журналістаў і іх сямейнікаў, падатковы ціск, байкот рэкламы, абмежаванні распаўсюду, закрыццё газет. Дзякуй богу, у Беларусі яшчэ не ўзрываюць рэдакцыі і машыны журналістаў, пра што распавёў Хасэ Рубен Замора, рэдактар з Гватэмалы, на жыццё якога было сем замахаў. «Тэрарызм, — сказаў ён, — гэта калі ты баішся заснуць, каб не быць забітым. Самае страшнае гэта — дзяржаўны тэрарызм».

Традыцыйна на цырымоніі адкрыцця форума была ўручана ўзнагарода «Залатая асадка свабоды» ў знак салідарнасці з журналістамі і рэдактарамі, якія пераследуюцца за свае перакананні і выкананне прафесійнага абавязку. Лаўрэатам 2009 года стаў рэдактар пакістанскіх газет «Friday Times» і «Daily Times» Найям Сетхі. У 2003 годзе «Залатую асадку свабоды» атрымала Беларуская асацыяцыя журналістаў.

Якасная журналістыка ў свабодных і несвабодных краінах мае розны кошт. З вуснаў тытулаваных мэтраў беларускіх праўладных СМІ не раз даводзілася чуць нараканні на прафесійную слабасць беларускай журналістыкі, з падкрэсленай прэтэнзіяй на аб’ектыўнасць: як дзяржаўных, так і незалежных. Не трэба, спадары. Свае грахі пакіньце сабе. Беларускія дзяржаўныя СМІ — непасрэдныя нашчадкі савецкіх, якія ў параўнанні са свабоднай прэсай заўсёды былі мёртвымі СМІ, прапагандысцкімі муміямі, што выдавалі сябе за жывых. Перабудовачнае свята непаслушэнства надало ім жыццё. Адкат да таталітарызму пасля 1994 года зноў вярнуў іх у стан мумій.

Планку якаснай журналістыкі трымаюць якраз тыя паўтара-два дзесятка незалежных газет, што здолелі ацалець пад ударамі аўтарытарнага рэжыму, і тыя новыя электронныя СМІ, на якія гэты рэжым яшчэ не паспеў накінуць прыгатаваную ўдаўку. Адпаведнасць іх прадукту стандартам якаснай журналістыкі нечакана выявіліся ў рэчышчы тых прапаноў, што прагучалі на форуме ў якасці рэцэптаў выжывання і падвышэння тыражу газет.

Тэматычная сесія “Свабода слова


Гэта — кантэнт, каштоўнасці, змест з арыентацыяй на адукаваную, інтэлектуальную аўдыторыю. Сур’ёзная, аднак не занудная аналітыка. Глыбока распрацаваная і ярка расказаная гісторыя. Як адзначыў партугальскі журналіст, прэзентуючы сваю новую газету, што за паўгода набыла вядомасць і тыраж, атрымала тытул найлепшай еўрапейскай газеты: прывесці чытача туды, дзе ён ніколі не бываў. «Людзі шукаюць сэнсу, а не толькі навін», — адзначыў французскі журналіст. «Наша навацыя, — распавёў журналіст з Бразіліі, — фармат таблоіда, але сур’ёзны змест».

Гэта — адмова ад вузкай прафесійнай спецыялізацыі, пошук і падрыхтоўка журналістаў, якія здольны пісаць у розных жанрах, не паўтараць іншых. Ну і, зразумела, гэта — сучасныя дызайн, дакладныя і прывабныя ілюстрацыі — фота, малюнак, графіка.

І калі замежныя калегі распавядалі пра адпаведныя змены канцэпцый старых выданняў і паспяховыя новыя, я з задавальненнем пазнаваў у іх рысы беларускіх незалежных СМІ. Мы ўтрымалі змест з іншых, чым у свабодных краінах, прычын. Іх сённяшнія пагрозы — гэта выдаткі свабоды, свабоднага медыярынку. Для нас гэта будучыя пагрозы. Ведаючы іх — лягчэй абмінуць, утрымаўшыся на платформе зместу, каштоўнасцей.

Ірына Віданава, рэдактар мультымедыйнага часопіса “34mag.net і Аляксей Кароль, рэдактар “Новага часу

Тэматычная сесія “Журналісцкае расcледаванне

Індыйскі танец. Канцэрт на цырымоніі адкрыцця

Вечар адпачынку напрыканцы другога дня форуму

Хайдарабад з вежы форту Галконда (13 ст.)

Хайдарабад з даху калоса Чармінар (16 ст.). Унізе -- рынкавая плошча. Жоўтыя кабінкі – гэта  мотарыкшы.

У канкурэнцыі з таксі яны бяруць верх: і танна, і хутка

Каралеўскі палац Showmahalla Palace (18 ст.). Урачыстае закрыццё форуму.

Каментаваць