Меляшкевіч: вада ў Мінску павінна стаць бяспечнай па сусветных нормах

Апазіцыя, грамадскія актывісты і ўлады абмеркавалі на круглым стале, ці рэальна жыхарам Мінску атрымаць чыстую ваду.
Круглы стол быў арганізаваны па ініцыятыве Беларускай хрысціянскай дэмакратыі і дэпутата Палаты прадстаўнікоў Ганны Канапацкай. На яго прыйшлі прадстаўнікі уладаў — Мінскводаканалу і Міністэрства ЖКГ. Рух «За Свабоду» на ім прадставілі намеснік старшыні Руху «За Свабоду» Юрый Меляшкевіч і сябра Рады Віктар Янчурэвіч.

«Вада ў сістэме водазабеспячэння ў цэлым адпавядае санітарным нормам», — распавёў прадстаўнік «Мінскводаканалу» Антон Голаскок, які трымаўся гэтай версіі пад час усяго круглага стала.


Ён распавёў таксама, што зараз рыхтуецца перавод Мінска на падземныя крыніцы вады, ужо праведзены тэндар. Рэалізацыяй праекта зоймецца прадпрыемства «Міжпраект», зараз ён на перадпраектнай стадыі. «Тэрміны рэалізацыі праекта — даволі сціснутыя, ягонае фінансаванне праводзіцца за кошт водаканалу», — дадаў супрацоўнік ведамства.

У сваю чаргу другія ўдзельнікі казалі пра незадавальняючую якасць вады. У прыватнасці, адзін з арганізатараў круглага стала, прадстаўнік партыі БХД Дзяніс Садоўскі патлумачыў, што хаця вада і адпавядае патрабаванням СанПіНу, але самі беларускія нормы не адпавядаюць сусветным нормам і патрабаванням САЗ.

У сваю чаргу, Меляшкевіч звярнуў увагу на тое, што ўлады не выконваюць абяцанні па паляпшэнню вады і ўзняў пытанне кампетэнтнасці Водаканалу, неабходнасць дадатковай праверкі якасці пітной вады.


«Гэты круглы стол — пачатак дыялогу. На ім было ўзнятае цэлае кола пытанняў, якія выкрышталізаваліся за шмат год. Акрамя планаў па пераводзе горада на артызіянскую ваду, якая, безумоўна, павінна прыйсці ў горад ёсць пытанні цякучага водаснабжэння», — пракаментаваў вынікі круглага стала намеснік старшыні Руху «За Свабоду».

У прыватнасці, ён падкрэсліў неабходнасць забеспячэння якасці вады не толькі па беларускіх, але і па сусветных стандартах. На сёння, адзначыў адзін з кіраўнікоў Руху, у Мінску прыкладна палова жыхароў атрымлівае ваду з адкрытых крыніцаў.

«Мы заклікаем актыўных грамадзян удзельнічаць у кампаніях па вырашэнню пытання з водазабеспячэннем, з якасцю пітной вады, падпісваць петыцыі, пісаць звароты ў дзяржорганы с патрабаваннем празрыстай і адказнай працы па вырашэнню гэтай праблемы», — падкрэсліў Юрый Меляшкевіч.

Ён дадаў, што да вырашэння гэтай праблемы павінны падключыцца грамадскія аб’яднанні, лідары думак і мясцовыя лідары, былыя дэмакратычныя кандыдаты, прадстаўнікі Асамблеі народных прадстаўнікоў — усе, хто дапамогуць знайсці дадзенай праблеме як мага хутчэйшае і максімальна эфектыўнае рашэнне. У прыватнасці, патрэбная незалежная экспертыза падрыхтаванага праекту па пераводу Мінска на падземныя крыніцы вады.

Фота Юрый Меляшкевіч, Паўлюк Быкоўскі, Вольга Быкоўская.

Вольга Быкоўская, pyx.by

Каментаваць