І мы, па-ранейшаму, чакаем…

На гэтым тыдні адбылася даволі значная падзея. Гадавіна тэракту ў мінскім метро. Роўна год таму былі забітыя 15 чалавек, і больш за 300 — параненыя. Гэты тэракт ускалыхнуў усё грамадства. І сам тэракт, і яго расследаванне выклікалі шырокі грамадскі рэзананс.

Праз суткі пасля тэракту, вечарам 12 красавіка, былі затрыманыя падазроныя, 25-гадовыя выхадцы Віцебска Дзмітрый Канавалаў і Уладзіслаў Кавалёў. Акрамя абвінавачання ва ўчыненні тэракту ў метро, пасля іх абвінавацілі ў выбухах у Віцебску восенню 2005 года і ў Мінску 4 ліпеня 2008-га.



На гэтым тыдні адбылася даволі значная падзея. Гадавіна тэракту ў мінскім метро. Роўна год таму былі забітыя 15 чалавек, і больш за 300 — параненыя. Гэты тэракт ускалыхнуў усё грамадства. І сам тэракт, і яго расследаванне выклікалі шырокі грамадскі рэзананс.

Праз суткі пасля тэракту, вечарам 12 красавіка, былі затрыманыя падазроныя, 25-гадовыя выхадцы Віцебска Дзмітрый Канавалаў і Уладзіслаў Кавалёў. Акрамя абвінавачання ва ўчыненні тэракту ў метро, пасля іх абвінавацілі ў выбухах у Віцебску восенню 2005 года і ў Мінску 4 ліпеня 2008-га.

Крымінальную справу аб тэракце ў метро разглядаў Вярхоўны суд. Канавалаў падчас працэсу сваю віну прызнаў поўнасцю. Кавалёў сваю замешанасць ва ўсіх трох выбухах адмаўляў, а таксама заявіў, што падчас дасудовага расследавання агаварыў сябе і Канавалава пад націскам следства. 30 лістапада суд прыгаварыў іх да вышэйшай меры пакарання — смяротнай кары. Канавалава прызналі вінаватым у тэрарызме, Кавалёва — у дапамаганні тэрарызму і неданясенні аб падрыхтоўцы злачынства.

Кавалёў падаў касацыйную скаргу на прысуд і прашэнне аб памілаванні на імя Аляксандра Лукашэнкі. Канавалаў, паводле афіцыйных даных, прашэнне не падаваў.

Лукашэнка ў памілаванні адмовіў, матывуючы гэта «небяспекай і надзвычай цяжкімі наступствамі для грамадства ўчыненых актаў тэрарызму».

Камітэт ААН па правах чалавека, куды паступіла скарга ад родных Кавалёва, заклікаў улады Беларусі не караць смерцю асуджанага да таго часу, пакуль скарга не будзе разгледжана. Тым не менш 17 сакавіка стала вядома, што абодва смяротныя прыгаворы прыведзеныя ў выкананне. Як вынікае з афіцыйнай даведкі аб смерці Кавалёва, гэта адбылося 15 сакавіка.

Многія ў Беларусі, у тым ліку некаторыя пацярпелыя ад тэракту, сумняваюцца ў віне Канавалава і Кавалёва. Яны ўказвалі на тое, што судовы працэс не адпавядаў прававым нормам, доказы абароны ігнараваліся. Праваабаронцы, у сваю чаргу, адзначаюць беспрэцэдэнтна хуткае пакаранне смерцю абвінавачаных у тэракце, што, паводле іх меркавання, выглядае падазрона.

Напярэдадні ў Беларусі ў офісе грамадскага аб’яднання «Рух «За Свабоду» ў Мінску 10 красавіка адбылася прэзентацыя фільма тэлеканала «Белсат» «Страх у краіне спакою» пра тэракт у мінскім метро 11 красавіка 2011 года. Рэжысёр фільма — Кацярына Бортнік.

Аўтары фільма аналізуюць факты і ставяць пад сумненне афіцыйную версію падзей на станцыі метро «Кастрычніцкая». У прыватнасці, у фільме ставіцца пад сумненне тое, што Канавалаў і Кавалёў былі сапраўды тэрарыстамі, а не выканаўцамі чыёйсьці задумы. Фільм закранае найбольш супярэчлівыя моманты крымінальнай справы ў дачыненні да іх і парадак яго разгляду, а таксама відэаматэрыялы, сведчанні экспертаў, паказанні сведак, супярэчнасці ў паказаннях, якія так і не былі разгледжаныя ў судзе.

«Чаму галоўны абвінавачаны Дзмітрый Канавалаў не прамовіў на працэсе ні слова? Чаму яго сям’я адмовілася ад паказанняў, спасылаючыся на тое, што не можа даваць паказанні супраць блізкіх сваякоў?» — задае ў фільме пытанне маці пакаранага Уладзіслава Кавалёва. І сама ж адказвае: «Таму, што яны былі прыведзеныя ў суд пад аховай, пад канвоем, і тым самым Канавалаву было паказана, што здарыцца з яго сям’ёй, калі ён прамовіць хоць слова».

У фільме Уладзімір Захматаў, доктар тэхнічных навук, выдатны спецыяліст у галіне выбухаў, прызнаны эксперт у ЗША, Расіі, Украіне, разабраў кадры следчага эксперыменту, на якім захаваныя кадры таго, як Канавалаў збірае выбуховую прыладу. Ён адзначыў, што сама па сабе такая прылада не змагла падарвацца так, як гэта было ў метро. «Наогул, гэты следчы эксперымент паказвае поўную адсутнасць ведаў у Канавалава пра выбуховыя рэчывы. Гэта, хутчэй, расказ школьніка-троечніка, які спрабуе адказаць настаўніку дрэнна вывучаны ўрок», — гаворыць Захматаў.

Любоў Кавалёва адзначыла, што ў фільме прыведзена «толькі крыху доказаў і спрэчных момантаў у справе Канавалава і Кавалёва». «У гэтым фільме сабраныя толькі відэадоказы. У ім няма іншых доказаў і спрэчных момантаў. Напрыклад, чаму адбіткі пальцаў Канавалава трапілі ў базу даных МУС толькі праз два дні пасля тэракту ў мінскім метро? На якіх падставах тады супрацоўнікі спецслужб арыштавалі майго сына і Канавалава, калі яго адбіткаў пальцаў у базе даных на той момант не было? Чаму відэаздымка камер назірання метро была зманціравана? Такіх пытанняў шмат», — сказала Кавалёва.

Паводле яе слоў, тыя ж пытанні задаюць і пацярпелыя падчас тэракту.

Але што самае цікавае: у фільме адзначаецца, што выбухаў у Беларусі было не менш за дзесятак. І толькі ў адным выпадку, апроч выбуху ў метро, злачынства было пакаранае. Маецца на ўвазе забойства кіраўніка КДК па Магілёўскай вобласці Яўгена Мікалуцкага. І тое, галоўны падазраваны неяк здолеў павесіцца ў камеры турмы.

Пытанняў шмат. Галоўнае пытанне: калі мы даведаемся праўду?

І яшчэ адна навіна. На таксоўку могуць вырасці кошты. Для рэнтабельнай працы легкавых таксі ў Мінску неабходна павысіць тарыф да 5 тысяч рублёў за кіламетр, заявіў на прэс-канферэнцыі 11 красавіка дырэктар дыспетчарскай службы таксі «135» Алег Радкевіч.

Дырэктар дыспетчарскай службы таксі «107» Ігар Верхавец не выключыў, што тарыф будзе павышаны ў сувязі з ростам цэн на паліва.

А тым часам 11 красавіка канцэрн «Белнафтахім» афіцыйна аб’явіў аб другім у 2012 годзе павышэнні адпускных і рознічных цэн на аўтамабільнае паліва. 11 красавіка цэны павялічыліся на 5–12%.

Паводле інфармацыі канцэрна, кошт бензіну Нармаль–80 складае 6 050 рублёў за літр (+650, або 12%), Аі–92 — 6 300 (+300, або 5%), Аі–95 — 6 800 (+350, або 5,4%), дызпаліва — 6 950 (+350, або 5,3%).

Перагляд цэн канцэрн традыцыйна растлумачыў неабходнасцю «паэтапнага збліжэння цэн на тавары ў краінах Мытнага саюза і павышэння эфектыўнасці працы беларускіх нафтаперапрацоўчых заводаў».

Давядзецца ездзіць грамадскім транспартам.
 

Каментаваць