
Прадстаўнікі ўладаў не знайшлі, што адказаць на пытанні жыхароў наконт забудовы сталічнага Парка дружбы народаў.
У мінскай школе №53, дзе праходзілі грамадскія слуханні, купку мясцовых жыхароў і журналістаў сустрэлі неадназначна: “Вы на сход? Вы будзеце сядзець у прэзідыуме? Не? Тады не распранайцеся,
я не павяду ў гардэроб — наконт вас мне не давалі ўказанняў, — мітусілася супрацоўніца школы. У прэзідыуме з правам распрануцца ў гардэробе засядалі старшыня адміністрацыі
Савецкага раёна Генадзь Пасевін, дэпутатка парламента Галіна Палянская ды Сяргей Казлоўскі, начальнік аддзела горадабудаўніцтва Мінгарвыканкама. У залі сядзела іх група падтрымкі — гарадскія
спецыялісты ў справе экалогіі, будаўніцтва, аховы здароўя. Мясцовых жыхароў было каля сарака чалавек.
“Вы б аб’явы павесілі хаця б. Болей бы людзей прыйшло — у нас жа 600 чалавек падпісаліся пад зваротам пра парк, — выказвалі незадавальненне мясцовыя
жыхары.
На сустрэчы абмяркоўваліся пытанні, узнятыя жыхарамі ў пісьмовым звароце да гарадскога кіраўніцтва — вядоўца слуханняў (Казлоўскі) зачытваў праблемнае пытанне, а спецыялісты тлумачылі, чаму
гэта не праблема для будаўніцтва. Праўда, мясцовыя жыхары не збіраліся проста сядзець і слухаць.
Самыя бурныя спрэчкі разгарнуліся вакол простага пытання забудовы парка. Вялізны парк Дружбы народаў — ледзь не адзіны зялёны куточак у Савецкім раёне Мінска. Ён ствараўся як філіял
Батанічнага сада НАН, таму мае багата рэдкіх відаў раслінаў і нават эксклюзіўны кавалачак багны. Гарадскія ўлады вырашылі забудаваць палову парка — паводле генплану, на гэтым месцы мусіць
размяшчацца пасольскі гарадок, цэнтр расійскай навукі і суд Савецкага раёна.
Варта абмовіцца, што афіцыйна тэрыторыя патэнцыйнага будаўніцтва мае статус зоны грамадскага карыстання, а не парка. Але ж ці важна для мясцовых жыхароў, як называецца іх улюбёны зялёны куточак,
частку якога займае шыкоўны фруктовы сад? “Гэта калектыўны эгаізм! — гучна вылаяўся дзяржаўны эколаг. — Вунь у Кунцаўшчыне наогул парка няма, а вы маеце! І яшчэ
незадаволеныя будаўніцтвам! Вас падпісалася ўсяго 600 чалавек, а будаўніцтва — справа агульнарэспубліканская.
“Будаўніцтва вядзецца ў нас пад вокнамі. Вось чые такія важныя амбасады збіраюцца тут будаваць? — парыравалі жыхары.
“Францыя, Азербайджан, Казахстан і Лівія, — пачырванеў начальнік аддзела горадабудаўніцтва Сяргей Казлоўскі. Зала зарагатала. “Для гэтых амбасадаў можна пашукаць
і іншыя месцы ў горадзе, дзе не спатрэбілася б руйнаваць парк. Цэнтр расійскай навукі перанясіце ў горад-спутнік Смалявічы. А суд можа размяшчацца і ў старым будынку ці на пустыры, як Дом
правасуддзя, — пярэчылі жыхары.
“Суд — важны для грамадства аб’ект і мусіць знаходзіцца ў годным месцы. Суд — гэта сімвал дзяржавы, — павучалі чыноўнікі.
“Вы яшчэ турму як сімвал дзяржавы тут пабудуйце. Вось мы вашы імёны зараз запішам і пасля ў гэтым судзе будзем судзіць, — не здаваліся жыхары.
На пытанне, чаму генплан быў прыняты без удзелу жыхароў, чыноўнікі здзіўлена выкатвалі вочы — маўляў, мы ж з вамі сядзім зараз і гэта абмяркоўваем. Рэпліка пра тое, што будаўніцтва суда ўжо
даўно пачалося, і частка фруктовага сада знішчаная (паводле дакументаў, ужо выразана каля 200 здаровых дрэваў) павісла ў залі без адказу.
Чыноўнікі прынеслі з сабой вынікі разнастайных экалагічных экспертызаў, паводле якіх забудова не толькі не пагоршыць экалагічны стан раёна, але і палепшыць! Маўляў, мы вам і каналізацыю зробім (зараз
у парку яе няма), і адчысцім тэрыторыю ад гаражэй, і нават дрэўцы новыя пасадзім.
Адзін з мясцовых жыхароў зачытаў вынікі экалагічнай экспертызы 1996 года, паводле якой будаўніцтва на гэтай тэрыторыі прывядзе да забруджвання глебы, транспартных праблемаў, пагаршэння экалогіі і
падвышэння колькасці захворванняў. “Чаму вынікі мінулай экспертызы супрацьлеглыя вынікам вашай экспертызы? — рэзонна спытаўся ён.
Грамадскія слуханні цягнуліся чатыры гадзіны, амаль да 23 гадзін вечара. “Такім чынам, ваша пазіцыя нязломная? Вы патрабуеце спыніць будаўніцтва, адмяніць генплан і афіцыйна пераўтварыць
гэтую тэрыторыю ў парк альбо ў тэрыторыю культурніцкага прызначэння, так? — удакладнілі чыноўнікі. — “Так, — гучна адказала зала. —
“Дык а вы што нам скажаце?— спыталіся жыхары, якія намагаліся гэтай сустрэчы ажно 6 месяцаў. — “Мы — нічога. Мы дакладзем пра вашу і нашу
пазіцыі кіраўніку Мінгарвыканкама і будзем чакаць рэакцыі.
На сустрэчы прысутнічаў вядомы ў трэцім сектары Сяргей Драздоўскі — старшыня “Рэспубліканскай асацыяцыі інвалідаў-калясачнікаў. “Я тут як мясцовы жыхар,
— пацвердзіў ён “НЧ. — Сустрэча была пабудавана неканструктыўна. Прыйсці і кінуць экспертаў даказваць, што будаўніцтва тэхнічна магчыма — ды канешне
магчыма. Можна і піраміду Хеопса пабудаваць — не пытанне. Пытанне — навошта?