Міхаіл Пастухоў: Цар Беларусі не патрэбны

Беларускай Канстытуцыі 15 сакавіка спаўняецца 22 гады. І за гэты час яна шмат у чым састарэла. Ці трэба краіне новая Канстытуцыя, якой яна павінна быць? Пра гэта адзін з аўтараў Канстытуцыі Міхаіл Пастухоў.



Тры шляхі рэформаў

Існуе тры варыянты змянення Канстытуцыі. Першы — гэта ўносіць праўкі ў дзеючы Асноўны закон. «Але дзеючая Канстытуцыя была ўведзеная пасля рэферэндуму ў лістападзе 1996 года насуперак рашэнню Канстытуцыйнага суда аб дарадчым характары пытанняў рэферэндуму, што да змен у Канстытуцыю. З фактычным парушэннем закона. Таму як юрыст, як суддзя Канстытуцыйнага суда, я магу сцвярджаць, што гэтая рэдакцыя Канстытуцыі не мае легітымнага характару», — кажа Пастухоў. Адпаведна, змены ў яе таксама будуць насіць сумнеўны характар з пункту погляду легітымнасці.

Другі варыянт — напісанне новай Канстытуцыі. «Але яе трэба распрацаваць, а гэта — працэс доўгі і цяжкі. Распрацоўка Канстытуцыі 1994 года вялася амаль чатыры гады — ажно ад 1990 года, калі была прынятая Дэкларацыя аб суверэнітэце Беларусі», — заўважае Пастухоў.

Трэці варыянт — вяртанне да Канстытуцыі 1994 года, і ўжо ў яе ўносіць змены і дапаўненні. «Гэта найбольш апраўдана з пункту гледжання закона. Змены і дапаўненні ў яе павінны ўносіцца ва ўстаноўленым законам парадку, праз дэмакратычна абраны парламент і праз правядзенне рэферэндуму. Калі мы жадаем узнавіць у краіне канстытуцыйную законнасць, трэба пачаць з аднаўлення незаконна адрынутай Канстытуцыі 1994 года. Гэты варыянт — найбольш прымальны», — лічыць эксперт.

«Мне падаецца, што Канстытуцыя 1994 года ў дастатковай ступені адлюстроўвае нацыянальныя асаблівасці Беларусі, гістарычны шлях развіцця, яна ўспрыняла гістарычныя сімвалы, зацвердзіла беларускую мову як адзіную дзяржаўную, адлюстравала традыцыі і менталітэт беларускага народа, слушна вызначыла прыярытэты развіцця. Таму я за тое, каб узнавіць дзеянне Асноўнага закона 1994 года на новым гістарычным этапе», — кажа Пастухоў.

 

Асноўны закон павінен дзейнічаць

Самае галоўнае, што трэба зрабіць з Канстытуцыяй, — гэта ўвесці яе абавязковае дзеянне. «Канстытуцыя павінна быць законам наўпроставага дзеяння, і ўсе палажэнні, якія ў ёй прапісаныя, павінны быць не дэкларацыямі, а рэальна дзеючымі нормамі. Якія, у сваю чаргу, павінны ажыццяўляцца праз так званае «бягучае заканадаўства», — кажа юрыст.

Зараз Канстытуцыя не мае наўпроставага дзеяння. І таму, калі яе палажэнні ўступаюць у супярэчлівасць з дэкрэтамі, указамі і іншымі законамі, дзейнічае зусім не Канстытуцыя. А павінна быць наадварот.

 

Без прэзідэнта

На думку Пастухова, з новай Канстытуцыі адназначна павінна быць выкраслена пасада прэзідэнта. «Практыка паказала, што адзінаасобная ўлада ў краіне сябе вычарпала. Яна ў прынцыпе не дапушчальная і супярэчыць асноўным прынцыпам дзяржаўнага ладу, прынцыпу падзелу галінаў улады, вяршэнства Канстытуцыі і законаў, павагі правоў чалавека. Таму, на маю думку, трэба вярнуцца да парламенцкай формы дэмакратыі», — лічыць Пастухоў.

Акрамя ліквідацыі «адзінаўладдзя» такая рэформа дасць шмат выгодаў для бюджэту. «У гэтай мадэлі старшыня парламента выконвае функцыю кіраўніка дзяржавы. Прычым, ён выконвае яе фактычна на грамадскіх пачатках. І ўвесь абслугоўваючы апарат, усе службы, якія створаныя пры кіраўніку дзяржавы, уласна кажучы, не патрэбныя для нармальнага развіцця дзяржавы і грамадства», — падкрэслівае юрыст.

Ён прызнае, што пытанне гэта няпростае, патрабуе ўсенароднага абмеркавання, і, можа быць, рэферэндуму. «Але ўсё ж ці патрэбная невялікай Беларусі такая пасада, калі яго функцыі на грамадскіх пачатках, проста па сумяшчальніцтву, можа выконваць старшыня парламента?» — задаецца пытаннем Пастухоў.

Аднапалатны парламент

Другая рэформа, якую прапануе Пастухоў, — аднаўленне аднапалатнага парламента. «Відавочна, што другая палата парламента — Савет рэспублікі, — не патрэбная. Мадэль двухпалатнага парламента сябе не апраўдала. Я не бачу вынікаў яе дзейнасці. У нас быў аднапалатны парламент, ён быў незаконна распушчаны, і я лічу, што ёсць усе прававыя падставы, каб узнавіць яго дзейнасць», — лічыць былы суддзя Канстытуцыйнага суда.

 

Урад: прафесійны і выбарны

«У нас у краіне фактычна няма ўрада, — заўважае Пастухоў. — Тое, што ёсць, — гэта нейкі філіял, прыдатак Адміністрацыі прэзідэнта, на які спрабуюць спіхнуць усю адказнасць за правалы ў развіцці эканомікі краіны. Усім ужо зразумела, што кіруе краінай не ўрад, а адна асоба. І ўрад пад назвай «Савет міністраў» проста не выконвае свае функцыі, бо ён несамастойны».

А краіне патрэбны самастойны кампетэнтны і адказны ўрад. На думку Пастухова, гэты ўрад павінен абірацца парламентам, несці перад ім адказнасць. І дзейнічаць урад павінен згодна з праграмай эканамічнага развіцця, якую зацвярджае парламент па прапанове ўрада.

«Гэта павінен быць мабільны, прафесійны ўрад, які ведае, як вывесці краіну з працяглага эканамічнага крызісу», — дадае Пастухоў.

 

Судовая незалежнасць

Выбарнымі павінны быць і суддзі. «Зараз усім зразумела, што ў Беларусі няма незалежнай судовай улады. Суддзі — гэта чыноўнікі, якія прызначаюцца кіраўніком дзяржавы і абслугоўваюць інтарэсы выканаўчай улады. Таму што амаль напоўніцу ад яе залежаць — у фінансавым, матэрыяльным плане, і нават кар’ерным: у плане прызначэння на пасаду і прасоўвання па гэтай пасадзе», — зазначае ён.

Па меркаванні Пастухова, парламент павінен абіраць на альтэрнатыўнай аснове суддзяў вышэйшых судоў, а суддзі ніжэйшых узроўняў — раённых і абласных, — павінны абірацца мясцовымі саветамі дэпутатаў з кандыдатур, вылучаных прафесійнай супольнасцю. «Трэба ўзнавіць пасаду суддзі як аўтарытэтную і паважаную пасаду. На яе трэба абіраць найбольш вартых таго юрыстаў», — адзначае ён.

Больш за тое, Пастухоў лічыць, што і на іншыя пасады такога кшталту — органаў МУС, пракуратуры, дзяржаўнай бяспекі, следчых органаў, — людзі павінны абірацца шляхам конкурснага адбору. А парламент павінен толькі «дабраслаўляць» такія прызначэнні на ключавыя пасады ў дзяржапараце.

Каб такія абранні сталі магчымымі, неабходна, як кажа Пастухоў, узнавіць у гарадах «магдэбургскае права». «З 1995 года ў нас фактычна знішчана мясцовае самакіраванне. Неабходна прыняць захады, каб узнавіць мясцовую ўладу, якая павінна фармавацца насельніцтвам гэтых месцаў і не залежаць ад цэнтральнай улады. Ніякай «прэзідэнцкай вертыкалі» быць не можа па вызначэнні. Мясцовыя выканаўчыя органы павінны фармаваць мясцовыя ж Саветы дэпутатаў. Ну а кіраўнікоў гарадоў, мэраў, можна абіраць на агульных мясцовых выбарах», — зазначае эксперт.

У сакавіцкія дні 1994 года актыўна ішла дапрацоўка першай Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, якую прынялі 15 сакавіка за подпісам тагачаснага старшыні Вярхоўнага Савета 12 склікання Мечыслава Грыба. Калі б у сакавіку 1994 года інстытут прэзідэнцтва не ўвялі, Беларусь засталася б парламенцкай рэспублікай, як Італія ці Германія. Фота www.gs.by

 

Складана ці проста?

Падаецца, што правак у Канстытуцыю давядзецца ўносіць шмат. Але, насамрэч, як кажа Пастухоў, каб прывесці Асноўны закон у адпаведнасць з новымі рэаліямі, выпраўляць прыйдзецца не так ужо і багата. Праўкі будуць хоць важнымі, але маленькімі. Напрыклад, што тычыцца раздзела пра прэзідэнта, напісаць: «Выключаны». У артыкуле 5-м варта напісаць, што свабода палітычных партый і аб’яднанняў дзяржавай «гарантуецца», а не што яны проста «садзейнічаюць выказванню палітычнай волі грамадзян». Артыкул 24, датычны смяротнага пакарання, складаецца з трох слоў: «Смяротная кара адмененая». Сацыяльныя абавязкі дзяржавы ўдакладняюцца: яна не проста гарантуе «дастойную аплату працы», а замацоўвае, што мінімальны заробак і дапамога па беспрацоўі не могуць быць ніжэй вызначанага пражытковага мінімуму.

Пастухоў, як прыхільнік прафесійнага войска, мяркуе выключыць з Асноўнага закона «абавязак» праходжання тэрміновай вайсковай службы. Да таго ж (зноў «састарэласць» Канстытуцыі) у краіне ўжо ёсць альтэрнатыўная служба.

А замест пасады прэзідэнта Пастухоў прапануе замацаваць у Канстытуцыі інстытут упаўнаважанага Рэспублікі Беларусь па правах чалавека.

«Новую рэдакцыю Канстытуцыі 1994 года я магу прапанаваць хоць сёння», — заўважае Пастухоў. На паперы ўсе гэтыя праўкі — драбяза. Але гэтая драбяза абумоўлівае існаванне Беларусі як прававой, дэмакратычнай і суверэннай дзяржавы.

Ці не ахлакратыя?

Ці не занадта Пастухоў прапануе выбарных пасадаў? Дзе гарантыя, што выбраны парламент будзе прафесійны, выбраны ўрад — кваліфікаваны, што выбарныя судзі — справядлівыя?

«Вы пытаецеся, як мы будзем жыць без цара, грознага і справядлівага, — смяецца Пастухоў. — Я думаю, што беларусы ўжо выраслі за дваццаць год у сваім развіцці, яны даказалі, што могуць самі вырашаць свае праблемы. Калі парламент ім дасць свабоду, — канешне, кантралюючы выкананне законаў, — то я думаю, што беларусы за некалькі гадоў дасягнуць узроўню жыцця Еўропы».

«Для гэтага не патрэбны нейкі цар. Для гэтага патрэбныя празрыстыя правілы гульні, празрыстыя законы, якія будуць выконвацца. За два-тры гады мы можам забяспечыць такі ўзровень жыцця, як у Польшчы альбо Прыбалтыцы. А цар Беларусі не патрэбны», — упэўнены Пастухоў.

Абмеркаванне:

  • Sergio
  • 2016-03-15 12:53:06
Спалар Анатоль, калі ў нас, на вашую думку, усё цудоўна, а Лукашэнка -- беларускі геній, чаму ж вы знаходзіцеся ў Штатах, а не ў нашай геніяльнай краіне? Мо, час вярнуцца? Будзеце разам з Бацькам
"вучыць нас жыць у беларускай дзяржаве"! Вяртайцеся! Калі ласка!
  • Anatol
  • 2016-03-15 13:54:04
На гэтае пытанне я адказваў мільён разоў. У Штатах я таму, што тут мая дачка, мае ўнукі, тут мая праца і кватэра, якую купіў, а таксама тут недалёка ад майго дома - 30 хвілін на машыне - на рускіх
могілках пахаваў жонку. То бок тут у Нью Ёрку ўсё маё. Да вас прыеду, але вярнуся назад у Штаты.

Я грамадзянін Беларусі. На гэтай падставе адсюль з Амерыкі даю вам толькі адну параду: "Не чапайце Лукашэнку!". Без яго ў нас нічога не было б - ні эканомікі, ні дзяржавы. Бардак быў
бы, як на Ўкраіне (42,5млн чалавек), дзе безуладдзе і няма дзяржавы, дзе за два гады майдану памеры эканомікі сталі ў два разы меней за памеры эканомікі Беларусі (9,5млн чалавек).

Менавіта тут у Штатах (гадоў 7-8 таму) я зразумеў, што ў сваёй палітычнай дзейнасці Рыгоравіч мае рацыю. А до того таксама як усе бел-чырвона-белыя крыў яго налева і направа. То бок быў такім жа як
вы.
  • awa
  • 2016-03-16 22:55:05
Вашая праўда, але адсоткаў на 40-50%. Калі АРЛа "не чапаць", то на момант ягонага сыходу адбудзецца крах не толькі "лукашызму", але беларускай дзяржаўнасьці і
суверэннасьці. Апазіцыя, нават у сёньняшнім "нелегетымным" выглядзе, патрэбна для Беларусі не менш, чым "адзіны палітык". І нават крыху больш.
  • ВР
  • 2016-03-16 23:33:53
Не карміце троля. Я ў свой час падкарміў, і во які ён вырас...
  • Алена
  • 2016-03-15 12:55:16
Спадар Старкоў, вы часам сайт не пераблыталі? Калі для вас геній той, каго ўжо 20 гадоў не выбіраюць, а хто прызначае сам сябе, можа чытайце лепш СБ Сегодня?
  • Алена
  • 2016-03-15 14:59:59
Ну проста дзіця, праўда ))) Нават тлумачыць нічога не хочацца. А каб разважаць на тэму выбіраюць/не выбіраюць спачатку паўдзельнічайце ў назіранне ад пачатку да канца хаця б на адных так званых
выбарах, а пасля ўжо кажыце пра ўсенароднае абранне...
  • Anatol
  • 2016-03-15 15:12:30
Для чаго, Алена, ўдзельнічаць? Длятаго каб Хартыя97 і яе чытачы на вушах стаялі? А вы паўдзельнічайце ў выбарах тут у Штатах, дзе вынікі выбараў дзесяцігоддзямі вядомы ўсім: перможа або дэмакратычы,
або рэспубліканскі кандыдат. Астатніх партый быццам не існуе. Дэмакратыя называецца.



Галоўны яе (дэмакратыі) вынік: спакойнае эвалюцыйнае развіццё нацыі, эканомікі і дзяржавы.
  • Міхась
  • 2016-03-15 15:24:25
Ну, сапраўды, дзіця :) Дык у тым і сэнс, што ў Штатах на выбарах "або - або", або рэспубліканец, або дэмакрат. І тое зараз невядома, калі Блумберг уключыцца трэцім :) А ў Беларусі не
выбары, а пытанне "колькі намалююць Лукашэнку". Усё ж прыяжджайце сюды, паўдзельнічайце ў фарсе! Разам з дачкой і ўнукамі -- адмазка не канае!
  • Anatol
  • 2016-03-15 15:47:53
А аб дэмакратыі пачытайце мае каменты на форуме сайту РИА Новости ў артыкуле "Бойся людей, для кого власть - это мечта" ад 27.04.2015.

Не даю спасылку, бо ня ведаю ці можна яе даваць на гэтым форуме. Але калі пажадаеце знойдзціце мой сказ аб дэмакратыі - інфы даў дастаткова.
  • Anatol
  • 2016-03-15 15:36:07
Што, Міхась, ужо КДБ мроіцца?



"Або - або" у Штатах не існуе. Бо гэтае "або - або" адно і тое ж.
  • Anatol
  • 2016-03-16 16:13:58
Шмат чаго з гэтага форуму па дадзенай тэме ўчора перадрукаваў на СВАБОДЕ, але хачу адтуль перасказаць вам наступнае:



1994 - галасаваў за Зянона Пазьняка;

2001 - не галасаваў;

2006 - за Аляксандра Мілінкевіча;

2010 - за Андрэя Саннікава;

2015 - за Таццяну Караткевіч.



Некалькі год таму тут у Штатах зразумеў, што ў сваёй палітычнай дзейнасці Рыгоравіч мае рацыю. Але галасаваць за Лукашэнку наступным разам, калі дасць Бог здароў'я яму і мне, па ранейшаму не буду.
Чаму? Таму.
  • awa
  • 2016-03-17 00:07:35
Мо й ваша праўда, лукашыстым лягчэй быць жыўшы за акіянам ці прынамсі ў Крыме, а тут - зусім іншыя думкі і жаданьні.
  • Anatol
  • 2016-03-17 22:36:42
Я ўдзячны НОВАМУ ЧАСУ за цярпенне да маёй асобы - шмат чаго надрукаваў на вашых старонках, але пакідаю ваш сайт і вашу старонку ў фэйсбуку. Калі будуць яшчэ пытанні наведвальнікаў да мяне ў гэтай
тэме, то вярнуся і адкажу на іх. (Так было, напрыклад, з месяц-два пасля майго сыходу з беларускага сайту KYKY.org.) Шкадую, што не рашыўся дадаць сюды ў тэму свае думки пра дэмакратыю, але першы іх
варыянт ёсць па спасылках вышэй на расейскім сайце, і каму будзе цікава прачытае.



Таксама я сыходзіў з сайту KYKY.org - па свойму. Мяне таксама адтуль ніхто не гнаў, і тамака ж вельмі многа маіх тэкстаў. Мяркую больш, чым дзе яшчэ. Але... я развітваюсь не толькі з табой, НОВЫ ЧАС,
але і з усімі беларускімі незалежнымі СМІ. Бывайце здаровы.

Каментаваць