Міхаіл Пастухоў: пытанне амбудсмена ў Беларусі наспела

Адна з рэкамендацый Рады ААН па правах чалавека для Беларусі — увесці ў краіне інстытут упаўнаважанага па правах чалавека. Гэтую рэкамендацыю Беларусь ігнаруе з зайздросным пастаянствам.



У 2014-м годзе, у адказ на патрабаванні ААНаўскай структуры, былы суддзя Канстытуцыйнага суда і былы генпракурор Рыгор Васілевіч нават напісаў сваю канцэпцыю такога ўпаўнаважанага, якая выклікала крытыку праваабарончай грамады. Сярод крытыкаў быў калега Васілевіча па КС, доктар юрыдычных навук, прафесар Міхаіл Пастухоў.

Канцэпцыя Васілевіча так і не была прынятая ў працу, нягледзячы на тое, што краіна да канца 2014-га павінна была ўвесці ў дзеянне пасаду ўпаўнаважанага па правах чалавека. А Пастухоў стаміўся гэтага чакаць, і напісаў свой законапраект пра ўпаўнаважанага па правах чалавека ў Беларусі.

— Міхаіл Іванавіч, навошта нам яшчэ адзін законапраект?

— У свой час я даваў ацэнку і каментар прапановам Васілевіча. Але потым вырашыў, што трэба падрыхтаваць і адпаведны законапраект. Каб перш за ўсё беларускія праваабаронцы, палітыкі, эксперты маглі ўявіць сабе, якім можа быць беларускі амбудсмен. З адпаведным вывучэннем замежнага вопыту, з дэталёвым вывучэннем канцэпцыі Васілевіча я выказаў свае меркаванні наконт пасады ўпаўнаважанага па правах чалавека.

Заўважу, што яшчэ ў 2000-м годзе група аўтараў распрацоўвала канцэпцыю ўпаўнаважанага па правах чалавека ў якасці альтэрнатывы законапраектам, які падрыхтавалі дэпутаты Палаты прадстаўнікоў у 1999 годзе. Тады дэпутаты прапанавалі мадэль прэзідэнцкага ўпаўнаважанага, па прыкладзе Казахстана. Пры гэтым кіраўніку дзяржавы давалася права не толькі прызначаць на пасаду, але і вызваляць ад пасады гэтага ўпаўнаважанага. Канцэпцыя нацыянальнага ўстановы па правах чалавека «ад Васілевіча» ўспрыняла асноўныя палажэнні таго, дэпутацкага законапраекта. Адзіная мадыфікацыя — прызначэнне адбываецца са згоды Палаты прадстаўнікоў. І, акрамя ўпаўнаважанага, павінен быць намеснік, якога таксама прызначае прэзідэнт. Што цікава, упаўнаважаны прызначаецца на сем гадоў, а яго намеснік — на пяць.

Ну, і ў Васілевіча завышаныя патрабаванні на гэтую пасаду.

— Чым ваш законапраект адрозніваецца ад канцэпцыі Васілевіча?

— У Васілевіча ўпаўнаважаны па правах чалавека мае амаль выключна культурна-асветніцкую функцыю, што ператварае яго ў паказушную пасаду. Я ж лічу, што ён павінен стаць адным з асноўных інструментаў абароны правоў чалавека ў краіне. Ён як бы становіцца асновай, аб’ядноўвае праваабарончы рух з мэтай абароны правоў чалавека.

Перадумовай для гэтага з’яўляецца тое, што на пасаду ўпаўнаважанага па правах чалавека абіраецца аўтарытэтны праваабаронца. І абіраецца ён парламентам краіны на альтэрнатыўнай аснове. Дэмакратычны парламенцкі парадак фарміравання пасады ўпаўнаважанага дазваляе забяспечыць рэальны механізм абароны правоў чалавека. Прычым, у дапамогу ўпаўнаважанаму, даюцца два намеснікі, якія дапамогуць яму вырашаць пытанні.

Яшчэ адна асаблівасць і прынцыповае адрозненне ад мадэлі Васілевіча — скаргі на парушэнне правоў чалавека могуць накіроўвацца непасрэдна ўпаўнаважанаму, і ён павінен і мае паўнамоцтвы прымаць аператыўныя меры па абароне гэтых правоў.

Васілевіч у якасці перастрахоўкі уводзіць інстытут папярэдняга разгляду скаргі грамадзяніна на парушэнне яго правоў. Гэта значыць, яе павінен спачатку разгледзець або вышэйстаячы орган, або суд. І калі гэтыя інстытуты не прымаюць здавальняючага рашэння, то яна можа быць накіраваная амбудсмену. Па-першае, усе мы ведаем практыку «перасылкі» скаргаў грамадзян у розныя інстанцыі, якія абмяжоўваюцца адпіскамі. Па-другое, папярэдні разгляд займае час — месяцы паўтара-два. У маім законапраекце я прадугледжваю непасрэдны зварот грамадзяніна да амбудсмена. І амбудсмен можа аператыўна прыняць рашэнне аб прыпыненні незаконных дзеянняў, альбо запатрабаваць тлумачэнняў ад адпаведных службовых асоб і дзяржаўных органаў.

Яшчэ адна асаблівасць — амбудсмен можа праводзіць праверку фактаў парушэння правоў чалавека па сваёй ініцыятыве. Гэта значыць, любая інфармацыя, якая сведчыць аб парушэнні правоў чалавека, можа стаць падставай для прыняцця амбудсменам захадаў па прадухіленні гэтых парушэнняў. Не чакаючы, пакуль суд або iншы орган ва ўстаноўленым парадку з чымсьці разбяруцца. У тэрміновых выпадках — у выпадках грубага і масавага парушэння правоў чалавека — амбудсмен мае права выступіць на сесіі парламента, калі такая ідзе, або паставіць гэтае пытанне на вышэйшым узроўні, маючы права неадкладнага прыёму.

— То бок, у вас амбудсмен валодае пэўнымі інструментамі ўздзеяння на чыноўнікаў і ўладныя органы. А як гэта будзе працаваць?

— Амбудсмен спачатку патрабуе прадаставіць інфармацыю або прыняць меры па прадухіленні або спынення парушэнняў правоў чалавека, а калі такіх мер прынята не будзе — ён мае права вынесці заключэнне аб неправамернасці дзеянняў службовай асобы альбо адпаведнага дзяржоргана. Калі ж службовая асоба або дзяржорган не выконвае прадпісанні амбудсмена, то амбудсмен мае права скардзіцца на яго ў вышэйшыя інстанцыі, з тым, каб былі прыняты адпаведныя меры ў дачыненні да парушальніка.

Акрамя таго, упаўнаважаны атрымае права звяртацца ў Канстытуцыйны суд, калі выявіць, што правы чалавека парушаюцца нейкім нарматыўным актам. Можа ўдзельнічаць у судовых працэсах, патрабаваць зняцця з пасады тых службовых асоб, якія парушаюць правы чалавека. І, вядома, ён выступае са штогадовым дакладам перад парламентам аб стане сітуацыі з правамі чалавека ў Рэспубліцы Беларусь.

Мне ўяўляецца, што амбудсмен павінен стаць не толькі дадатковым сродкам абароны правоў грамадзян, але і эфектыўным сродкам недапушчэння парушэння законнасці ў краіне. Ад каго б гэтыя парушэнні не зыходзілі.

— Да нас у рэдакцыю, ды і не толькі да нас прыходзіць досыць шмат людзей, якія скардзяцца на несправядлівыя і незаконныя, на іх думку, рашэнні судоў і дзяржаўных органаў. Што канкрэтна ў гэтым плане зможа зрабіць амбудсмен? Асабліва ў дачыненні да судовых рашэнняў?

— Гэта сапраўды складанае пытанне, бо ў нармальнай дзяржаве судовая ўлада незалежная, і ніхто не мае права ўмешвацца ў дзейнасць судоў. Уздзеянне на суд недапушчальна ні ад якіх органаў і дзяржаўных асобаў. Але ёсць розная практыка: у Швецыі, напрыклад, амбудсмен можа патрабаваць перагляду судовых рашэнняў. У нас, я думаю, павінна дзейнічаць аналагічны падыход.

Амбудсмен мае права прысутнічаць на судовым працэсе, па яго ініцыятыве можа пачынацца адміністрацыйная вытворчасць, можа быць, нават крымінальны працэс у дачыненні да асоб, якія дапусцілі парушэнне правоў чалавека. Амбудсмен можа падаваць скаргу ў абарону парушаных правоў у суд. Але толькі суд ўпаўнаважаны вынесці рашэнне ад імя дзяржавы.

Калі амбудсмен не будзе згодны з рашэннем суда, то ён мае права патрабаваць перагляду судовага рашэння ў вышэйстаячых судовых інстанцыях. Гэта, па-мойму, магчыма.

Гэта значыць, амбудсмен можа ініцыяваць судовы разгляд, прысутнічаць у судзе, абскардзіць рашэнні суда, але не можа аказваць ўплыву на суд.

Практыка паказвае, што скаргі на судовыя рашэнні сапраўды з'яўляюцца самымі распаўсюджанымі. Але справа тут ужо не ў амбудсмене. Спосабам іх ліквідацыі можа з'яўляцца толькі рэформа судоў, рэформа судовай сістэмы. Напрыклад, увядзенне сістэмы апеляцыйнага разгляду скаргаў, калі справа, па-сутнасці, разглялаецца наноў, з прыцягненнем сведак, доказаў і г.д. Гэта, на маю думку, больш аб'ектыўна, чым існуючая ў нас касацыйная сістэма, калі разглядаюцца толькі матэрыялы папярэдняга судовага пасяджэння. Амбудсмен нават пры ўсім яго жаданні не зможа пераварыць увесь паток скаргаў на судовыя пастановы.

— У прынцыпе, ужо было шмат добрых і розных законапраектаў. Яны распрацоўваюцца ў межах розных праграм. Была ў нас пляцоўка «Дыялог аб мадэрнізацыі Беларусі», зараз распрацоўкай законапраектаў у рамках ініцыятывы «Урад для народа» займаецца Беларуская хрысціянская дэмакратыя. Ваш законапраект не напаткае лёс іншых такіх ініцыятыў — распрацаваны і забыты?

— Я прапаную, для пачатку, зрабіць гэты законапраект даступным грамадскасці. Ён павінен паказаць грамадству, што існуюць розныя мадэлі амбудсмена, у тым ліку — мадэль парламенцкага ўпаўнаважанага па правах чалавека. Гэта таксама пасыл для праваабарончай супольнасці Беларусі. Я лічу, праваабаронцы могуць і павінны абмеркаваць гэты праект, і па выніках абмеркавання вылучыць аднаго або некалькі годных кандыдатаў на гэтую пасаду. І ў выніку гэты кандыдат павінен пазіцыянаваць сябе, як будучы беларускі амбудсмен.

Трэба правесці грамадскае абмеркаванне, «круглыя сталы», мабілізаваць праваабарончую грамадскасць, і стварыць «грамадскага амбудсмена», калі ужо ўлады не ідуць на стварэнне такога дзяржаўнага інстытута. Найбольш годны кандыдат на гэтую пасаду, на мой погляд — Алесь Бяляцкі. Зрэшты, я мог бы пералічыць з дзесятак і іншых годных беларускіх праваабаронцаў.

Я лічу, што для ўвядзення ўпаўнаважанага па правах чалавека час прыйшоў. Таму я гатовы абмяркоўваць гэты законапраект, удасканальваць яго з удзелам любых зацікаўленых асоб, адстойваць і лабіраваць яго на ўсіх узроўнях. Гэтая пасада патрэбна ў Беларусі, для гэтага наспелі ўсе ўмовы. Гэтыя рэформы нават не толькі наспелі, але і пераспелі. Людзі маюць патрэбу ў абароне сваіх правоў, паколькі не вераць ужо ўсім падобным органам — судам, пракуратуры, міліцыі. Нехта павінен нарэшце заняцца абаронай іх правоў.

— І калі ў нас з’явіцца амбудсмен?

— Я думаю амбудсмен у нас абавязкова з’явіцца. Як мінімум, тады, калі ў Беларусі будзе абраны дэмакратычны парламент. Менавіта ён можа стаць кропкай апоры далейшых дэмакратычных пераўтварэнняў у нашай краіне. І як толькі ў нас з'явіцца дэмакратычны парламент — у нас адразу ж з'явіцца і амбудсмен.

Абмеркаванне:

  • Екатерина
  • 2016-01-11 03:00:56
Никогда в жизни Лукашенко не согласиться на это, а если и пойдет, то на этот пост посадит своего иуду - убийцу или Женю Новикова или Олега Сукало. Еще у него есть несколько десятков убийц -
грабителей и ООН их одобрит, поскольку Беларусь сегодня превращена в офшорную зону для вороватых чиновников ООН.

Каментаваць