Міхаіл Пастухоў: Трэба мяняць усю рэпрэсіўную сістэму

Міхаіл Пастухоў — доктар юрыдычных навук. Але не проста кабінетны вучоны. Яго зорны час быў у тым першым, баявым складзе Канстытуцыйнага суда, які яшчэ адважваўся кідаць пальчатку маладому прэзідэнту Лукашэнку, прызнаючы яго ўказы не адпаведнымі Асноўнаму закону.

Вядомы Пастухоў і сваёй абаронай незалежных журналістаў. Піша разумныя кнігі для спецыялістаў, у прыватнасці па канстытуцыйным праве. А цяпер узначаліў групу экспертаў "Еўрапейскага дыялогу аб мадэрнізацыі з Беларуссю", якая падрыхтавала шэраг прапаноў па рэформах у сферы юстыцыі і ўнутраных спраў.

Суддзя ў такой сістэме — проста чыноўнік у мантыі

— Міхаіл Іванавіч, вось і Аляксандр Лукашэнка загаварыў аб рэфармаванні дзяржаўных органаў. Прычым на сустрэчы з міністрам унутраных спраў. Можа, яму паклалі на стол напрацоўкі вашай экспертнай групы? Вы ж бераце якраз суды, пракуратуру, сілавыя структуры…

Ва ўсякім разе, кіраўніцтва дзяржавы адчула, што без перамен ужо не абысціся. Яны наспелі ва ўсіх сферах. Іншае пытанне, як далёка ўлада гатовая ісці.

Глядзіце, фактычна ў нас захоўваецца яшчэ савецкая сістэма судоў і праваахоўных органаў. Яны разглядаюцца як частка дзяржапарату. Суддзя ў такой сістэме — проста чыноўнік у мантыі, а звычайны чалавек — не суб'ект права, а аб'ект уздзеяння. Яго правы, інтарэсы нікога не хвалююць.

Сёння гэта рэпрэсіўная па сваёй сутнасці машына ўяўляе пагрозу для грамадства. Улада згодная злёгку яе падфарбаваць, надаць ёй еўрапейскі выгляд. Грамадству ж неабходна, каб гэта сістэма стала больш дэмакратычнай, справядлівай. Каб не душыла на чалавека, а абараняла яго правы.

— Што з напрацовак вашай групы варта было б прапанаваць уладам у першую чаргу, калі ўявіць, што яны сур'ёзна зацікавіліся і не маюць намеру бутафорыяй займацца?

— Мадэрнізацыя павінна быць комплекснай. Як у старым анекдоце пра сантэхніка: за што ні возьмешся, упіраешся ў сістэму. Сапраўды, трэба мяняць усю рэпрэсіўную сістэму. У якасці першапачатковых захадаў мы прапаноўваем элементарныя меры, закліканыя палепшыць якасць працы судоў і праваахоўных органаў.

Напрыклад, трэба ўвесці спецыялізаваныя суды па справах непаўналетніх. Злачынстваў з удзелам моладзі становіцца ўсё больш. Таму пры разглядзе такога роду спраў трэба, у прыватнасці, улічваць асаблівасці падлеткавай псіхікі.

Да зарэзу неабходны суд па адміністрацыйных спрэчках — для разгляду скаргаў грамадзян на дзеянні і рашэнні органаў кіравання і службовых асоб. Сёння суды не прымаюць скаргаў на чыноўнікаў, работнікаў міліцыі. А ў вышэйшыя органы звяртацца, як правіла, бескарысна. У лепшым выпадку дадуць адпіску, што камусьці вынеслі спагнанне.


І амбудсмен будзе хадзіць па струнцы?

— У 2006 годзе Аляксандр Лукашэнка выдаў нашумелую Дырэктыву № 2 аб дэбюракратызацыі, якая прапаноўвала кнігі заўваг і прапаноў як панацэю ад самаўпраўнасці чыноўнікаў. Зараз усё заглухла…

— Таму што гэта паліятывы, паўмеры. Я мяркую, што ў Беларусі па прыкладзе Расіі варта прыняць спецыяльны закон аб правах грамадзян на зварот у суд у выпадку парушэння іх правоў і свабод. І такі спецыялізаваны суд у нас павінен быць створаны.

Па ідэі, гэта выгадна і ўладам, бо дазволіла б трохі аслабіць напал эмоцый, незадаволенасці ў грамадстве.

У гэтым жа радзе — увядзенне пасады ўпаўнаважанага па правах чалавека, якому можна паскардзіцца на дзеянні любога прадстаўніка вертыкалі, аж да прэзідэнта.


— Гэта ў тэорыі. А на практыцы ў нас такім упаўнаважаным прызначаць марыянетачную фігуру. Для адводу вачэй Еўропы.

— Так, ёсць небяспека, што на гэту пасаду прызначаць чыноўніка, які будзе механічна акумуляваць скаргі, даваць фармальныя адказы. Прыкладна так, як сёння дае іх Канстытуцыйны суд.

І зноў мы ўпіраемся ў пытанне пра рэформы палітычнай сферы. Але гэта выходзіць за межы працы нашай экспертнай групы.

— Спецыялізацыя суддзяў, увядзенне інстытуту прысяжных засядацеляў і іншыя вашы прапановы — гэта, вядома, важныя рэчы, але ў нас, падобна, усё перакрэслівае тэлефоннае права. Як з гэтым змагацца?

Так, наша судовая сістэма ўспрымальная да рознага роду ўказанняў. Гэта можна назіраць пры правядзенні судовых працэсаў над апазіцыянерамі, грамадзянскімі актывістамі. Тут практычна не бывае "асечак". Засуджваюць усіх, якія паўсталі перад нашай Фемідай.

— Як бы вы правялі рэформу МУС, калі ўявіць, што атрымаеце карт-бланш?

— Трэба скараціць штаты, асабліва колькасць унутраных войскаў, не выкарыстоўваць міліцыю для вырашэння палітычных задач.


Адвакат не павінен быць пад пятой Мінюста

— Адвакатура ў нас і так была заціснутая, а пасля судоў па Плошчы яе наогул размазалі па сценцы. Што варта было б зрабіць для адраджэння гэтага інстытуту, калі палітычная сітуацыя зменіцца?

Так, падчас і пасля судовых працэсаў па "справе 19 снежня" са складу адвакатуры вывелі самых смелых і прынцыповых. Астатнія нагадваюць безаблічную масу, якая займаецца сваім "бізнесам" пад кантролем Міністэрства юстыцыі.

У адвакатуры не засталося яркіх фігур. Няма на каго раўняцца, як некалі на Гары Паганяйла, Міхаіла Волчака, Паўла Сапелку, Дзмітрыя Лаеўскага, Тамару Сідарэнка…

Галоўная ўмова для адраджэння адвакатуры — свабода. Найперш ад Мінюста. Адвакацкія супольнасці (якіх можа быць некалькі) павінны самі абіраць кіраўніцтва, зацвярджаць правілы этыкі, прымаць кваліфікацыйныя экзамены, выдаваць ліцэнзіі. Прычым бестэрміновыя, а не на пяць гадоў, як цяпер. І не даваць справаздачу за кожнага кліента перад міністэрствам.

— А шыльду КДБ вы не прапаноўваеце змяніць? Гэты брэнд, здаецца, ужо сам па сабе стварае змрочную аўру.

Варта прызнаць, што актыўнасць органаў дзяржбяспекі рэзка ўзмацнілася. Па сутнасці, усё грамадства апынулася пад каўпаком спецслужбаў.

Неабходна скараціць апарат, павузіць задачы і кірункі дзейнасці органаў дзяржаўнай бяспекі. Іх нельга накіроўваць на барацьбу супраць палітычных апанентаў рэжыму, грамадскіх актывістаў. Спецслужбы павінны быць пастаўленыя пад кантроль парламента. Што да шыльды, то я лічу гэту абрэвіятуру спадчынай чэкісцкага мінулага.

А ці патрэбен нам прэзідэнт?

— Беларускія турмы — гэта наогул скрыгат зубоўны. Якія захады для ачалавечвання пенітэнцыярнай сістэмы напрошваюцца найперш?

Фактычна ў нас засталася сталінская лагерная сістэма. Ад яе трэба пазбавіцца як мага хутчэй. Радыкальнай мерай мог бы стаць перавод Дэпартамента выканання пакаранняў у падпарадкаванне Мінюста. Як у еўрапейскіх краінах і ў Расіі. Пенітэнцыярную сістэму таксама варта паставіць пад кантроль грамадства.

— А ў нас суд толькі што ліквідаваў установу "Платформа", якая змагалася за выкананне правоў асуджаных. Карацей, калі грамадства спрабуе кантраляваць нейкую сферу, адразу б'юць. Што рабіць?

Мы зноў выходзім на праблему мадэрнізацыі палітычнай сістэмы. З яе, па вялікім рахунку, і трэба пачынаць. Прычым з самага верху. Прэзідэнцкая ўлада — занадта дарагі для нашай краіны інстытут. Мне здаецца, што для Беларусі аптымальнай формай кіраўніцтва з'яўляецца парламенцкая рэспубліка.

— Але можна пачуць пярэчанні: гэта ж будзе хаос, слабая ўлада.

— Гэта будзе аўтарытэтная ўлада. Калі правесці свабодныя і сумленныя выбары, то ў парламенце збяруцца найбольш годныя людзі краіны. Спікер па пасадзе можа стаць кіраўніком дзяржавы. Для надзейнасці знаходжанне на гэтай пасадзе можна абмежаваць, скажам, адным годам без магчымасці пераабрання. Тады не будзе спакусы заседзецца ў крэсле "першага".

У нашай краіне жывуць разумныя, працавітыя, талерантныя людзі. Яны цалкам здольныя ўладкаваць жыццё без аўтарытарнага кіраўніцтва.

Беларусы даўно не былі свабоднымі — хай нарэшце ўздыхнуць на поўныя грудзі.

Каментаваць