У дзеяннях АМАП — цэлы букет злачынстваў

На мой погляд, гэта проста дзікунства. У будынку суда збіваць мірных людзей, у тым ліку журналіста. І за што? За тое, што яны выказалі свой пратэст цалкам мірнымі сродкамі.



У дзеяннях супрацоўнікаў праваахоўных органаў, якія на судзе над «графіцістамі» збілі ўдзельнікаў акцыі салідарнасці Паўля Сяргея і Максіма Шыціка, а таксама журналіста TUT.BY Паўла Дабравольскага, назіраецца шэраг прыкметаў крымінальнага злачынства. Такое меркаванне выказаў доктар юрыдычных навук, прафесар, былы суддзя Канстытуцыйнага суда Беларусі Міхаіл Пастухоў у лісце ў «Новы час».

Прыводзім гэты ліст:

Толькі факты

Суд над «графіцістамі» Максімам Пякарскім, Вячаславам Касінеравым і Вадзімам Жаромскім 25 студзеня пачаўся з акцыі салідарнасці з абвінавачанымі. Маладыя людзі Павел Сяргей і Максім Шыцік у залі пасяджэнняў разгарнулі расцяжку са словамі «Не — палітычным пераследам» і некалькі разоў выгукнулі «Мастацтва — не злачынства». У залу ўварваліся работнікі міліцыі і людзі «у цывільным» і вывелі хлапцоў у калідор.

Адразу ж пасля вываду з залы маладых людзей сталі збіваць. Гукі збіцця чулі і прысутныя ў залі суда. Разам з Сяргеем і Шыцікам збівалі і журналіста Паўла Дабравольскага, які ў гэты момант знаходзіўся за дзвярыма, і пачаў здымаць на мабільны тэлефон дзеянні людзей «у цывільным».

Пасля збіцця ўсіх трох адвезлі ў Фрунзенскі РУУС, дзе на кожнага склалі пратаколы па двух артыкулах КоАП (24.1 «Непавага да суда» і 23.4 «Непадпарадкаванне законным патрабаванням службовай асобы»). Потым затрыманых зноў прывезлі ў суд Фрунзенскага раёна. Суддзя Марыя Ярохіна на падставе сведчанняў супрацоўніка міліцыі Сяргея Кавальчука пакарала Максіма Шыціка штрафам ў памеры 45 базавых велічынь (9.450.000 рублёў), Паўла Сяргея — штрафам ў 50 базавых велічынь (10.500.000 рублёў). Журналіст Павел Дабравольскі быў аштрафаваны на суму 45 базавых велічынь.

Па словах Паўла Дабравольскага, ён знаходзіўся ў судзе па рэдакцыйным заданні для асвятлення судовага працэсу над «графіцістамі». Аднак у залу пасяджэнняў яго не пусцілі і ён застаўся ў калідоры. Амаль адразу ж пасля пачатку працэсу ў залу ўварваліся людзі «ў цывільным» і вывелі адтуль двух хлопцаў, якія трымалі расцяжку. Ён адразу ж стаў гэта здымаць на мабільны тэлефон. Калі хлапцоў пацягнулі па калідоры, ён пайшоў за імі. Потым іх усіх зацягнулі ў пакой 5 на 5 метраў, які размяшчаўся за залай судовых пасяджэнняў, і пачалі збіваць. У Дабравольскага вырвалі з рук журналісцкае пасведчанне, паклалі тварам на падлогу і моцна білі нагамі. Усё гэта суправаджалася пагрозамі.

Эмоцыі

Я не быў на судзе, але ўспрыняў сітуацыю ў справаздачах журналістаў і іншых відавочцаў. Жудасна. Хіба можна так жорстка расправіцца з маладымі людзьмі (фактычна дзецьмі), якія выказалі сваю салідарнасць з абвінавачанымі і адначасова пратэст супраць «заказнога» правасуддзя? Абурае і той факт, што збівалі людзей наўпрост у судзе. Усе чулі і адчувалі злачынства. І пракурор, і суддзя, і журналісты і іншая публіка.

На мой погляд, гэта проста дзікунства. У будынку суда збіваць мірных людзей, у тым ліку журналіста. І за што? За тое, што яны выказалі свой пратэст цалкам мірнымі сродкамі. Так, яны парушылі грамадскі парадак і, можа быць, выказалі непавагу да суда. Але ж можна былі іх проста вывесці і адвезці для складання пратаколаў. А тут — бойня.

 

Прававая ацэнка

Не, не дзеянняў маладзёнаў, якія выказалі сваю салідарнасць, а людзей «у цывільным», якія «забяспечвалі грамадскі парадак» у будынку суда.

На мой погляд, у іх дзеяннях можна ўгледзець цэлы «букет» злачынстваў. Перш за ўсё, гэта перавышэнне ўлады або службовых паўнамоцтваў (ст.426 КК). Бо ніхто не дазваляў гэтым «службовым» так жорстка збіваць людзей. Яны дапусцілі ў сваіх дзеяннях наўмыснае прычыненне цялесных пашкоджанняў (ст.153 КК). Яны доўга збівалі сваіх ахвяраў (па сведчанні відавочцаў і Паўла Дабравольскага, збіццё працягвалася каля 20 хвілін). Гэта можна кваліфікаваць, як катаванне (ар.154 КК). У дачыненні да журналіста дзеянні людзей «у цывільным» можна расцаніць як перашкода законнай прафесійнай дзейнасці журналіста (ст.198 КК). А ў цэлым дзеяння гэтай «банды» можна кваліфікаваць як хуліганства, здзейсненае групай асобаў у дзяржаўнай установе.

Свавольства гэтых людзей павінна атрымаць належную прававую ацэнку з боку кампетэнтных органаў. Бо яно выклікала абурэнне ўсіх прыстойных людзей. Хіба дапушчальна, каб прадстаўнікі сілавых структураў, прыкрываючыся грамадзянскай формай, паводзілі сябе як бандыты?

Паглядзім, як паступяць у гэтым выпадку нашы праваахоўнікі: адрэагуюць, або як зазвычай, не заўважаць? Калі не заўважаць, то самавольства будзе працягвацца, пакуль не перапоўніць чашу цярпення. А яна і так на мяжы.

Каментаваць