Міхаіл Жамчужны пацвердзіў, што яго збілі ў турме

Пра турэмны гвалт, а таксама пра праблему з ліставаннем палітвязень напісаў у лісце да грамадскай актывісткі Ганны Шапуцькі.
Міхаіл Жамчужны. Здымак Радыё Свабода.

Міхаіл Жамчужны. Здымак Радыё Свабода.


«Лісты традыцыйна затрымліваюць ці знішчаюць. Я напісаў скаргу ва Упраўленне выканання пакаранняў па Мінску і Мінскай вобласці. Вось што мне адказалі на мове арыгінала за подпісам начальніка: «Проверкой установлено, что осужденный Жемчужный М.И. в ИК-14 отправил и получил 170 писем (вх.-65, исх .105). С момента постановки на профучет с 17.06.2016 по настоящее время им было получено 7 и отправлено 26 писем». Па гэтай статыстыцы знішчаецца пры перасылцы амаль тры чвэрці лістоў», — паведамляе Міхаіл Жамчужны. Таксама ён піша, што ён дасылаў тры лісты нобелеўскай лаўрэатцы Святлане Алексіевіч з падзякай за высланыя ёю падарункі-кнігі, аднак ніводзін ліст да адрасата не дайшоў.

Акрамя лістоў, па нейкіх прычынах за межы турмы не выходзяць скаргі Міхаіла Жамчужнага — у прыватнасці, скарга наконт збіцця турэмнымі супрацоўнікамі, якую вязень спрабаваў выслаць у Генпракуратуру. «Я гэтыя дакументы збіраў, каб перадаць Алёне Красоўскай-Каспяровіч, але ж яна не сустрэлася са мной пры маніторынгу ІК-14. Таму адаслаў на волю, каб было,што прад’явіць ў будучыні», — удакладняе Жамчужны.

У іншым лісце палітвязень апісаў некаторыя падрабязнасці свайго збіцця, пра якое стала вядома месяц таму з ліста яго паплечніка Андрэя Бандарэнкі, які таксама цяпер знаходзіцца ў турме. Паводле Міхаіла Жамчужнага, намеснік старшыні СІЧУ-2 па аператыўнай працы Лаўэр А.Н. ударыў яго кулаком у твар, ад чаго ў вязня застаўся пажыццёвы дэфект на твары, а таксама ён адчувае сталы звон у вушах і дрэнна бачыць правым вокам. 

«Інцыдэнт суправаджаўся абразамі і нецэнзурнай лаянкай з боку падпалкоўніка ўнутранай службы і адбыўся 2015/08/06 ў 17/10 ў кабінеце СІЧУ-2 у прысутнасці аператыўнага работніка паста №17 Пракапчук А.П. Падставай для інцыдэнту паслужылі мае палітычныя погляды і, нібыта, аплата за іх мне і маёй сям'і з боку замежных спецслужбаў», — паведамляе Жамчужны.

Паводле інфармацыі Міхаіла Жамчужнага, запіс пра атрыманую ЧМТ ёсць у асабістай картцы, аднак выпіску з санчасткі адвакату далі без указання пра траўму. Жамчужны піша, што пры вобшуку частка дакументаў была сканфіскаваная і знішчаная. Па вызваленні з турмы палітвязень збіраецца прыцягнуць падпалкоўніка Лаўэра да крымінальнай справы за траўмы і катаванні, паведамляе Жамчужны.

Каментаваць