Мікіту Броўку вызвалілі пасля размовы з прадстаўнікамі крымінальнага вышуку

Моладзеваму актывісту ўручылі позву ў ваенкамат.



Мікіту Броўку затрымалі людзі ў цывільным сёння прыкладна у 12:30 ва Уруччы. Пра затрыманне паведаміў сведка, які аказаўся побач.
 
 
Як пасля распавёў «Радыё Свабода» Броўка, прадстаўнікі спецслужбаў ведалі пра месца яго знаходжання, бо, верагодна, праслухоўвалі яго тэлефон.
 
 
Актывіста завезлі ў міліцыю Савецкага раёна, дзе правялі размову, знялі адбіткі пальцаў і ўзор ДНК, а таксама прапанавалі адказаць на некалькі пытанняў праз дэтэктар хлусні. Актывіст адмовіўся.
 
 
Пасля ў міліцыю прыйшоў ваенны камісар Мінскага раёна, які ўручыў Мікіту Броўку позву на медычнае абследаванне.
 
 
Мікіта Броўка з'яўляецца моладзевым актывістам і каардынатарам грамадска-культурнай ініцыятывы «Арт Сядзіба», а таксама журналістам газеты «Новы Час». Апошнім часам Броўка займаўся арганізацыяй беларускіх канцэртаў.
 
 
Упершыню Мікіту затрымалі 19 снежня 2011 года падчас акцыі салідарнасці з вязнямі Плошчы. Тады ён быў адпраўлены за краты на 10 сутак. Гэта затрыманне каштавала хлопцу выключэння з факультэта беларускай і рускай філалогіі БДПУ.
 
 
У верасні 2012 года міліцыянты выдалілі Мікіту з выбарчага участка ў мінскай школе №148, за тое, што ён спрабаваў зафіксаваць на камеру працэс падліку галасоў. На месяц раней, на Броўку напалі ахоўнікі Свята-Елісавецінскага манастыра ў Навінках, калі хлопец рабіў матэрыял пра будаўніцтва царкоўных аб'ектаў і магчымы знос пяціпавярховага жылога дома і перадачу зямлі пад царкоўныя патрэбы. А 17 верасня гэтага ж 2012 года прадстаўнік службы бяспекі прэзідэнта парваў Мікіце журналісцкае пасведчанне, калі хлопец здымаў для «Новага Часу» апытанку непадалёк ад будынку прэзідэнцкай адміністрацыі.

Каментаваць