Статкевіч: Марына — гэта шчасце, якое мне выпала

Скажу шчыра, патэлефанаваць Марыне і Міколу я наважылася не адразу. Было неяк няёмка квапіцца на іх час — шчаслівы час нарэшце разам. Але прафесія перамагла. 



Мы сустрэліся, каб пагутарыць, аднак не пра палітыку і планы Статкевіча на волі. А пра іх жыццё адзін без аднаго, пра пачуцці, пра шчасце.

А шчасце было паўсюль: у іх вачах, рухах, словах, у тым, як яны трымалі адзін аднаго за руку. Ні на хвіліну не адпускаючы, нібыта, калі адпусціць руку, гэты цуд скончыцца. Тым, хто не перажыў таго, што зведалі Марына Адамовіч і Мікалай Статкевіч, амаль немагчыма зразумець, праз што яны прайшлі.

— Марына, што вы адчулі, калі даведаліся, што Міколу выпусцілі?

Марына Адамовіч: Быў такі цудоўны ціхі вечар у вельмі прыгожым месцы на Ушацкіх азёрах. Я другі раз за пяць гадоў з’ехала за горад адпачыць. І раптам званок журналістаў з Прагі: «Гэта праўда, што Міколу адпусцілі?» Я проста адразу з’ехала на лаву, рукі затрэсліся. Я чакала гэтага кожны дзень, але калі гэта прыйшло, атрымалася зусім нечакана. А потым я ўжо нічога не ўсведамляла, бо пачаўся шквал званкоў. Але я чакала, што патэлефануе Мікола, я сказала, што пакуль ён не патэлефануе, нічога каментаваць не буду. Я яшчэ вырашыла падыйсці да крынічкі. І вось калі я ўжо была ля гэтай крынічкі, патэлефанаваў Мікола. Калі я пачула яго голас... Гэта ўжо была проста радасць, проста шчасце… На вачах з’явіліся слёзы, слёзы шчасця… Я сказала яму, што я даеду, што паспею, што абавязкова яго сустрэну…

Мікалай Статкевіч: Нават калі мне сказалі збірацца з рэчамі, я падумаў, калі адпускаюць, то вельмі не своечасова. Бо я не хацеў, каб легітымізавалі гэтыя выбары. Таму я ехаў у аўтобусе і думаў, што нам рабіць. Вельмі не хацеў быць скарыстаным, я столькі прайшоў, столькі вытрымаў, каб Беларусь была нармальнай… Я адчуваў, што зараз мяне выкарыстоўваць, каб гэту сітуацыю яшчэ больш закансерваваць з дапамогай заходніх партнёраў. І з аднаго боку, я ўбачу Марыну, родных… А з другога — што рабіць: мяне прадалі, як патрыманы аўтамабіль, і гэта будзе супраць усяго таго, што я хацеў. Гэтыя думкі сапсавалі мне радасць ад таго, што мяне выпусцілі. Але гэта дваістасць адразу знікла, калі я выйшаў на вакзале, амаль выскачыў у незвычайную энергетыку людзей, што мяне сустракалі.

— Марына, было страшна, што гэта будзе няпраўда, што Міколу на самай справе не выпусцяць?

М.А.: Канешне, было страшна. Але я за гэтыя гады прывучылася да таго, каб не даць нікому на сябе ціснуць.Таму была гатова, што гэта можа быць няпраўдай. Што гэта быў такі здзек, даць надзею, а потым адабраць…

М.С.: У мяне таксама былі думкі, што я зараз дацягну гэтыя ўсе рэчы, а мне скажуць, што пераводзяць у іншую камеру. Я, шчыра кажучы, думаў так: гэты правядзе выбары па сваім сцэнары, а потым ужо скарыстае мяне, калі прыедзе чарговая місія МВФ. Бо мне так і не далі распісацца за адмову ад амністыі. Кожнаму даюць распісацца, хто не падпадае пад амністыю. А мне праз тры месяцы так і не далі. Але, мабыць, я недаацаніў усю складанасць эканамічнай сітуацыі.

Таму, шчыра кажучы, не выключаў, але не чакаў, што мяне цяпер адпусцяць.

— За гэтыя амаль пяць гадоў у вас былі моманты адчаю?

М.А.: Канешне былі... Чаго ўжо там хаваць. Але адзін раз сабе сказаўшы, што дзеля гэтага мужчыны я не дазволю сабе зламацца і не дам нікому дачакацца маіх слёз, знаходзіш сілы пераадолець адчай.

— Акрамя вашага кахання, што яшчэ дапамагала не зламацца?

М.А.: Мікола часта кажа, што ўсё ў сабе. Дык вось, гэта ўсё ў сабе і дапамагала. Гэта першае. А другое, тое, што мы, родныя зняволеных за Плошчу, амаль адразу пазнаёміліся і аб’ядналіся. На прыступках таго самага СІЗА КДБ. Яны зрабілі каласальную памылку, яны далі нам аб’яднацца. І гэта дазволіла нам перажыць разам самыя цяжкія першыя месяцы.

М.С.: Я лічу, што Марыне было складаней. Я, маўляў, мужчына, раблю сваю справу, я ў бойцы… Але самы вялікі страх быў — страх, які я хаваў, — страх за яе. Марына для мяне — чалавек вельмі важны, акрамя таго, што я яе кахаю, што мы шчаслівы разам, мы яшчэ адной крыві. Мы аднолькава глядзім на гэты свет. У нас аднолькавая сістэма каштоўнасцяў. Таму я вельмі баяўся за яе, за тое, што з ёй можа штосьці здарыцца.

Быў адзін момант, калі адвакатка сказала, што Марыну выклікаюць на допыт. Я папрасіў адвакатку, каб пасля Марына мне неяк паведаміла, што выйшла. І, мабыць, адвакатка забылася ёй гэта перадаць. Я некалькі дзён не меў звестак ад Марыны, не ведаў, ці яна на волі. Таму прыгразіў, што перайду на сухую галадоўку, калі не будзе звестак ад маёй жонкі. Не ведаю, ці гэта паўплывала, але ад Марыны прыйшла вестка.

А маральна асабіста мне было вельмі лёгка, бо я ведаў, на што іду. Цяжарам былі толькі думкі пра тое, што там з Марынай, каб з ёй нічога не здарылася. Таму што былі, напрыклад, і спробы фабрыкаваць супраць яе крымінальную справу. У калоніі гэта робіцца вельмі проста. Некалькі зэкаў даюць паказанні пра склад нейкага злачынства супраць сваякоў, і далей усё закручваецца.

Таксама я вельмі спужаўся, калі Марына з адвакатам трапілі ў аварыю. Я лічу, што гэта была спроба забойства. Гэта было перад самітам у Рызе, і калі б у іх атрымалася, мяне б спрабавалі прымусіць напісаць прашэнне пра памілаванне, каб, прабач Марыначка, трапіць на пахаванне.

— Вось Мікола сказаў, чаго ён баяўся. А чаго баялася Марына Адамовіч?

М.А.: А я вось і зараз не скажу. Я ніколі не агучваю ў космас свае страхі. Бо я веру, што агучанае можа здарыцца. Таму — нічога я не баюся. На самай справе, ёсць рэчы, якіх я баюся, але я ніколі пра гэта не скажу.

— Вы абодва прайшлі шмат праз што. І пасля гэтага, цяпер, калі вы разам, ці засталося нешта, што вы не маглі б адзін аднаму дараваць?

М.С.: Мы дастаткова ведаем адзін аднаго. Безумоўна, ёсць рэчы, якія немагчыма дараваць. Але гэта не пра Марыну. Тыя рэчы, якія нельга дараваць, Марына проста не здольная зрабіць.

М.А.: Я ўжо некалі камусьці з журналістаў казала, што ў гэтым чалавеку абсалютна ўпэўнена. Я заўсёды ведала, што гэта мой мужчына. І ён ніколі не зробіць чагосьці такога, што я не змагу яму прабачыць. А ўсё астатняе — дробязі.

— Марына, чым ты жыла ўвесь гэты час без Міколы? Мінулым — цёплымі ўспамінамі? Ці будучыняй — прыгожымі летуценнямі?

М.А.: Не-не. Я жыла якраз «сёння». Па-першае, таму, што ты разумееш: тваё «сёння» недзе там, за кратамі, і ты мусіш штодня нешта рабіць, каб тваё «заўтра» было іншым. І менавіта ў дзень сённяшні скіраваныя ўсе твае высілкі. Ты сёння мусіш падтрымаць тых, хто ў такім жа становішчы, як і ты. Ты сёння мусіш рабіць штосьці, каб хоць неяк наблізіць мамант вызвалення. Так што я не дазваляла сабе не ва ўчора сыходзіць (магчыма, толькі ў хвіліны слабасці), не летуценнічаць. І наогул, у мяне ніколі не было адчування, што ён недзе далёка. Ён заўсёды быў разам са мной…

М.С.: Абсалютна тое ж самае было адчуванне. Пачуцця самоты абсалютна не было.

М.А.: Я з ім размаўляла ўвесь час у думках, у лістах. Бывае, пішаш ліст, а на заўтра прыходзіць ліст ад яго з адказам на тое пытанне, якое ты ставіла.

М.С.: Ёсць рэчы, у якія, здаецца, немагчыма паверыць. Але яны існуюць. Я чытаў некалі пра эксперыменты з перадачай вобразаў праз вялікія адлегласці з удзелам людзей. А яшчэ пра вопыты на смаўжах. Сфармаваную пару смаўжоў развозілі па розныя канцы акіяну, і калі на адным беразе калолі смаўжа, і ён сціскаўся, на супрацьлеглым беразе смоўж таксама сціскаўся. І мы — як тыя смаўжы. Шмат разоў было, калі ў мяне здаралася нейкая канфліктная ці крытычная сітуацыя, а потым прыязджаў адвакат, і ў яго ў нататніку я бачыў пытанне ад Марыны: «Што з табой было ў такі-та дзень раніцай? Мяне насіла страшэнна». Гэта было не адзін і не два разы. Я нават напісаў Марыне пра гэтых смаўжоў. А ў нас была такая маёрша-цэнзарша, якая не разумела беларускай мовы, і яна напісала: «Если еще раз циничные выражения типа «смаўжа» будут использоваться, ваше письмо будет конфисковано».

М.А.: Калі ў яго была траўма на лесапілцы, мяне проста раніцай падкінула на ложку. Я не магла зразумець, што адбываецца. А потым праз некалькі дзён даведалася пра яго траўму.

— Мікола, не было пачуцця віны, што твая каханая праз цябе вымушана столькі цярпець?

М.С.: Безумоўна, такое пачуццё было. Але, з другога боку, яна ведала, які я. Як кажуць, бачылі вочкі, што ручкі бралі. Магчыма, каб я быў іншым, ёй быў бы і не патрэбны. Такога яна, мабыць, хацела, такога і знайшла. Затое ў яе не было іншага кшталту хваляванняў, было дакладна вядома, дзе я і з кім (смяецца).

— Марына, а ніколі не было жадання ўсё кінуць? Бо такая прыгожая жанчына лёгка знайшла б сабе другога мужчыну і жыла б без усіх гэтых праблем і пакут...

М.А.: Нават думка такая мне ў галаву ніколі не прыходзіла…

М.С.: Я, дарэчы, часам казаў, што ў яе заўсёды ёсць такая магчымасць: сысці. Што я гэта зразумею. І яна тады вельмі крыўдзілася і злавалася.

— Я так разумею, пакуль Мікола быў за кратамі, была адна мара — яго пабачыць. А зараз пра што вы марыце?

М.А.: Толькі пра гэта. (Марына паказвае на сплеценыя разам іх рукі). Каб ён заўсёды быў са мной.

М.С.: Я яшчэ хачу сказаць, што вельмі ўдзячны Марыне за тое, што яна ўвесь гэты час яшчэ і даглядала майго бацьку. Кожны дзень яму тэлефанавала, ездзіла да яго, хаця ў яго даволі складаны характар. І тое, што бацька мяне дачакаўся, гэты ўсё заслуга Марыначкі.

А наогул, гэта вялікая раскоша для мужчыны — жыць не проста з прыгожай жанчынай, але з чалавекам, які з табой, што называецца, з аднаго сусвету, з якім табе заўсёды цікава, час побач з якім ляціць вельмі хутка. І гэта шчасце, якое мне выпала. Гэта мара збылася…

Каментаваць