Patryjoty 1200 100 2e1c7308a3a48a13db21bf292e831989ae0299303b01379966627b13afde24a1

Міліцыя запалохвае мазырскага ўдзельніка акцыі пратэсту 21 кастрычніка

Адгалоскі "Марша абураных беларусаў–2.0" дакаціліся і да Мазыра: участковы распытваў мазыраніна аб тым, колькі яму заплацілі за ўдзел у акцыі пратэсту ў Мінску.

Уладзімір Неўмяржыцкі. Фота з сацыяльных сетак.

Жыхар Мазыра Уладзімір Неўмяржыцкі прыехаў 21 кастрычніка па асабістых справах у Мінск ды вырашыў схадзіць на Кастрычніцкую плошчу, паколькі чуў, што там плануюць правесці акцыю — “Марш абураных беларусаў”. Ён прайшоў з калонай да Чырвонага касцёла і заспяшаўся на вакзал, бо меў адваротны квіток да Мазыра.

Уладзімір Неўмяржыцкі далей распавядае аб тым, што непадалёку ад чыгуначнага вакзалу да яго падышлі двое грамадзян у цывільным, патлумачылі, што яны з міліцыі, і запрасілі прайсці ў мікрааўтобус. Там чалавек у форме супрацоўніка міліцыі патлумачыў жыхару Мазыра, што яго затрымалі для высвятлення асобы. Аднак калі Неўмяржыцкі прад’явіў пашпарт, то супрацоўнікі міліцыі перапісалі дадзеныя і паведамілі, што прэтэнзій да яго больш не маюць.

Праз дзён дзесяць на хатні адрас Неўмяржыцкага даслалі паведамленне аб тым, што на яго быў складзены пратакол адміністратыўнага правапарушэння за ўдзел у акцыі 21 кастрычніка ў Мінску.  Прычым пратакол быў складзены без ягонай прысутнасці і таму не меў подпісу.

Пасля Неўмяржыцкага выклікаў участковы інспектар маёр Андрэй Леўданскі, які, не цырымонячыся, пачаў застрашаць Уладзіміра: маўляў, калі пачнеш у судзе разважаць пра свае правы — пасажу на суткі, а калі будзеш маўчаць — абыдзешся штрафам альбо папярэджаннем. Пры гэтым адмовіў у прадастаўленні яму копіі пратакола.

“Пытаўся ўчастковы і пра тое, хто мяне вазіў у Мінск на акцыю і колькі было заплачана за ўдзел у ёй", — распавядае Неўмяржыцкі.

Відавочна, участковы перастараўся, і гэта стала нагодай для звароту да начальніка раённага ўпраўлення ўнутраных спраў са скаргай на неправамоцныя дзеянні супрацоўніка міліцыі. Неўмяржыцкі таксама просіць, каб далі копію пратакола, а пасля завяршэння разгляду справы азнаёмілі з матэрыяламі і дазволілі зняць з іх копіі. Дарэчы, і скаргу ў мясцовым РАУСе доўга не прымалі, ківаючы адзін на аднаго.

spring96.org

Каментаваць