Міліцыя збіраецца прывабліваць рамантыкай

Cталічная міліцыя ўпершыню правяла кірмаш вакансій. Арганізатары патлумачылі сэнс мерапрыемства жаданнем пашырыць кола суіскальнікаў. А таксама, хаця пра гэта адкрыта ніхто не казаў, палепшыць імідж.



Дзяржаўныя сацыялагічныя даследаванні заўсёды паказваюць даволі высокі ўзровень задаволенасці працай беларускай міліцыі і даверу да яе. Здавалася б, няма чаго перажываць з гэтай нагоды. Самі міліцыянты, між тым, яўна сумняваюцца ў пазітыўным стаўленні да сябе з боку грамадства. Іначай лейтматывам кірмашу не стала б фраза: «Пра нас думаюць (гавораць, пішуць), што мы сякія-такія...»

Усе будуць сядзець

Пачатак мерапрыемства быў прызначаны на дзясятую гадзіну раніцы. На той час «Хаўер» яшчэ не паспеў разгуляцца, таму да будынку Першамайскага РУУС можна было даехаць і дайсці без асаблівых праблем. І адразу ля ганку прымераць на сябе скуру міліцыянта. Без прымусу, па ўласнай ініцыятыве, завітаўшы ў аўтазак, які, так бы мовіць, гасцінна расчыніў свае дзверы для наведнікаў.

«Дзякуй, як-небудзь іншым разам», — падумаў я і рушыў да ўваходу. Шлях адсюль да актавай залы прымусіў адчуць сябе хутчэй арыштантам: пад пільным наглядам відэааператара ў цывільным і супрацоўнікаў міліцыі ў позе рукі за спіну праз кожныя дзесяць метраў, моладзь ішла, не рызыкуючы гучна размаўляць. Але не стрымаліся, выбухнулі смехам, калі адзін хлопец адказваў бацьку па мабільнаму: «Я ў міліцыі... Ды не, ты не хвалюйся, усё ў парадку, проста нас сюды прыцягнулі з вучобы лекцыю нейкую паслухаць, ці што. Нічога не здарылася, я табе кажу».

Па наведніках кірмашу, на жаль, немагчыма было вызначыць, каго і з якой прычыны прываблівае служба ў міліцыі. Сюды прыйшлі ў асноўным «па разнарадцы». Салдаты ўнутраных войскаў, роты ганаровай варты, навучэнцы Юрыдычнага каледжа БДУ, Каледжа сувязі ды іншых. Непадробную зацікаўленасць у тым, каб звязаць свой далейшы лёс са службай у міліцыі, мала хто з іх праяўляў. І адчувалі сябе крыху не ў сваёй талерцы. Каля стала, дзе былі выстаўлены крыміналістычныя чамаданчыкі, давялося назіраць анекдатычную сцэнку. Малады чалавек доўга распытваў аб нечым жанчыну-міліцыянта. Тая кажа яму: «Я бачу, вы сапраўды зацікавіліся, давайце я запішу ваша імя і прозвішча, прыйдзеце да нас». Хлопец адразу збянтэжыўся: «Ой, не, лепей не трэба...»

Актавая зала была бітма набітая, у праходзе за апошнімі шэрагамі крэслаў сабралася ўжо некалькі дзясяткаў чалавек, якія стаялі. Тут распарадчык самым клапатлівым тонам сказаў: «У нас ніхто стаяць не будзе!» Галёрка жартам адгукнулася: «Вядома ж, усе будуць сядзець».

«Міліцыя спатрэбіцца пры любой уладзе»

Нарэшце ўсіх рассадзілі, ахвяраваўшы для гэтага часткай салдат. Як людзі паднявольныя, яны вызвалілі па загаду свае месцы для цывільнай моладзі. Гэта таксама выклікала смяшкі ў аўдыторыі. Маўляў, як прыгналі, так і выгналі. Але ж распарадчык палічыў патрэбным запэўніць, што салдат не выгналі, ім таксама ўсё раскажуць і пакажуць, толькі ў іншым месцы. Такі ўзровень клапатлівасці праяўлялі арганізатары, што хоць ты іх да раны прыкладвай. Каб яшчэ і ў штодзённай працы міліцыянты прытрымліваліся тых жа самых стандартаў.

Улічваючы, што ўступную частку мерапрыемства вёў палкоўнік Сяргей Бандарык, начальнік упраўлення ідэалагічнай працы і кадравага забеспячэння, можна было чакаць доўгай і нуднай ідэалагічнай апрацоўкі. Прамовы аб тым, як мы захавалі стабільнасць, а цяпер стаім на варце далейшага непазбежнага росквіту.

І што вы думаеце? Без нуды не абышлося, часам публіка пачынала кляваць носам, аднак ніякай ідэалогіі. Нават калі палкоўнік Бандарык згадаў сайт «Хартыя’97», наракаючы на адмоўны вобраз міліцыянта, які там ствараецца, ён не стаў тлумачыць маладому пакаленню, што гэта ворагі і яны паклёпнічаюць, таму чытаць гэта сайт шкодна для ідэалагічнага здароўя. Гэта было больш падобна да падміргвання: маўляў, я ў тэме, не які-небудзь выкапень мінулай эпохі, сучасны чалавек.

«Я быў у Нагорным Карабаху, іншых гарачых кропках, і не хачу, каб нешта такое паўтарылася ў нас», — гэта было, бадай, адзіным выказваннем палкоўніка Бандарыка, якое ўпісвалася ў традыцыйныя ідэалагічныя схемы. Пры гэтым акцэнт на ім не ставіўся, ён быў зроблены зусім на іншым: «Міліцыя спатрэбіцца пры любой уладзе». Якраз гэтую думку нібыта ілюстраваў прадэманстраваны фільм пра гісторыю сталічнай міліцыі, якая распачалася пасля Лютаўскай рэвалюцыі ў 1917 годзе. Пачалася з таго, што міліцыя раззброіла царскіх паліцыянтаў, узяла пад кантроль найбольш важныя дзяржаўныя ўстановы, забяспечыла ахову мітынгу на Саборнай плошчы (цяпер плошча Свабоды) у гонар звяржэння царызму. У такім пачатку магла прымроіцца нават пэўная крамола... «А мой прадзед служыў у царскай паліцыі», — дадаў палкоўнік Бандарык, каб злучыць перарваную сувязь часоў.

Напрыканцы фільма згадвалася «мітынговая дэмакратыя». Зноў-такі, не як дэструктыўная, а проста «новая з’ява». Голас за кадрам ставіў у заслугу міліцыі тое, што не пралілася кроў. Палкоўнік Бандарык таксама падзяліўся сваім асабістым досведам, расказаўшы, як яму даводзілася размаўляць з людзьмі, угаворваць іх стрымліваць эмоцыі, захоўваць спакой. Ні слова пра шкоднасць мітынгаў і неабходнасць ужывання сілы супраць іх у імя стабільнага росквіту.

Разважаючы пра ахову канцэртаў ды іншых масавых мерапрыемстваў, асабісты дагляд і металашукальнікі, палкоўнік ізноў «падміргнуў» моладзі: «Мы ж арыентуемся... вы арыентуецеся на Еўропу. І гэта правільна, я лічу... Правільна, што мы прымаем такія меры, хаця яны і выклікалі спачатку незадаволенасць».

«Галоўны прывілей міліцыянта — першым атрымаць кулю»

У анонсе міліцэйскага кірмашу вакансій, апроч усяго іншага, было сказана, што тут можна будзе «атрымаць інфармацыю пра сацыяльныя льготы і гарантыі для супрацоўнікаў органаў унутраных справаў». Тым не менш, палкоўнік Бандарык як быццам з усіх сілаў адцягваў гэты момант. Нават тады, калі яго намеснік урэшце прыступіў да сваёй часткі прамовы, прысвечанай ільготам і гарантыям, перабіў яго, каб яшчэ раз сказаць: «Галоўны прывілей міліцыянта — першым атрымаць кулю».

У грамадствах, дзе праваахоўныя органы ўспрымаюцца ў якасці партнёра і надзейнага абаронцы простых грамадзянаў у паўсядзённым жыцці, не маюць іміджу каральнай рукі дзяржавы, яе гумовага дрыну, то бок абаронцы ўладаў, а не грамадзянаў, напэўна, няма патрэбы пазбягаць размовы пра ўзнагароджванне іх працы. Там, дзе міліцыянту даводзіцца замоўчваць гэтае пытанне, відавочна, з сацыяльнай ролю праваахоўных органаў нешта не тое.

Хаця, магчыма, справа не ў высокіх матэрыях, а начальнікі абыходзяць тэму ўзнагароджвання проста таму, што не так ужо ў міліцыі цяпер і мёдам намазана? Між іншым, палкоўнік Бандарык сказаў: «Міліцыянту заўсёды плацілі не так шмат». Канкрэтных лічбаў ён не агучваў. Іх давялося пабачыць толькі ў прапанове Партызанскага РУУС. Міліцыянт патрульна-паставой службы, канваір, вадзіцель — заробак ад 3,5 мільёнаў. Інспектар ДПС — ад 4,5 мільёнаў. Оперупаўнаважаны, участковы інспектар — ад 5,2 мільёнаў. «Але гэта стабільная праца. Дзяржава ніколі не кіне міліцыянта», — дадаў палкоўнік Бандарык.

Апроч стабільнасці, міліцыянту прапануюць шмат розных ільготаў. Самая спакуслівая прапанова — атрымаць жыллё ў сталіцы па ільготным крэдыце, у чарзе, якая «ідзе ў дзесяць разоў хутчэй за звычайную». А пакуль тое, атрымліваць кампенсацыю за арэнду кватэры. Амаль два мільёны, калі на сям’ю з трох чалавек. Прыплюсоўванне да адпачынку часу знаходжання ў дарозе. «Калі вы паедзеце адпачываць ва Уладзівасток, атрымаецца 15 дзён». Кампенсацыя за праезд да месца адпачынку па тэрыторыі Беларусі. Бясплатныя санаторна-курортныя пуцёўкі (пасля лячэння) для міліцыянта і яго сям’і. Бясплатны выраб і рамонт (простых) зубных пратэзаў.

Зрэшты, некаторыя нядаўнія міліцыянты ананімна скардзяцца ў інтэрнэце: «няма таго, што раньш было». Праца цяжкая, ненармаваная, лепш сям’і не заводзіць, бо яна цябе не ўбачыць, зарплата маленькая, форму і нават канцылярскія прыналежнасці часткова трэба набываць за свае грошы, перад тым, як пайсці ў адпачынак, трэба напісаць некалькі канспектаў, у тым ліку па ідэалогіі, жыллё зараз атрымаць зусім не так лёгка і г. д. Таму нібыта з міліцыі назіраецца адток кадраў. Гэтыя факты складана праверыць, міліцэйскія начальнікі — людзі негаваркія.

Але ці не таму адрадзілася рамантычная рыторыка і адкінуты ідэалагічны складнік, што ідэалогія хутчэй адштурхоўвае моладзь, тады як «пернікаў» істотна паменела? На кірмашы прадстаўнік АМАПу нават журналістаў незалежных СМІ спрабаваў на службу зацягнуць. Нешта ў лесе здохла, як той казаў.

Абмеркаванне:

  • Timofej
  • 2013-03-20 11:53:46
Да, не просто спрятать истину за любыми уловками. От тезиса "моя милиция меня бережёт" остались лишь вспоминания старых идеологических штампов. А ныне и этого фигового листка,
прикрывающего порочную практику использования милиции против народа при защите интересов власть придержащих, не стало: всем очевидно, что эта структура стала важной частью репрессивного аппарата. В
материале это подмечено тонко, но вполне выразительно.
  • Тарасевіч
  • 2013-03-20 18:22:10
Так, "імідж каральнай рукі дзяржавы" сапраўды няхутка згіне - пасля Плошчы шмат хто на сабе ўбачыў, што такое - наша праваахоўная сістэма і каго яна "ахоўвае"! Так што
тут ані словамі, ані прапагандысцкімі акцыямі нічога не выправіць...

Каментаваць