Мільён плюс чатыры

Сёння ўся Францыя выходзіць на мітынгі смутку ў сувязі з расстрэлам газеты Charlie Hebdo і салідарнасці з журналістамі. У Беларусі таксама вырашылі падтрымаць французаў і нагадаць пра каштоўнасць свабоды слова.



З заклікам прыйсці ў 12 гадзінаў да пасольства Францыі ў Мінску ў сацсетцы Facebook выступіў былы рэдактар беларускай сатырычнай газеты «Навінкі» Паўлюк Канавальчык. «Навінкі» даўно ўжо зачыненыя ўладай, але, тым не менш, застаюцца легендай у беларускім медыйным асяроддзі. Заклік Канавальчыка падтрымала Беларуская партыя «Зялёныя».

Але сённяшняя сітуацыя ў чарговы раз паказала, што на мабілізацыйны патэнцыял інтэрнэту і сацыяльных сетак у Беларусі разлічваць не варта. Нашыя грамадзяне любяць адклікацца на заклікі «віртуальна», але не ў стане вылезці ў рэал. Да пасольства Францыі мелі намер прыйсці (адказалі ў Facebook «прыду», альбо «збіраюся прыйсці») каля 50 чалавек, а прыйшло толькі пяць, уключна з карэспандэнтам «НЧ».

Таму каля будынку пасольства з плакатамі «Je suis Charlie» стаялі толькі чатыры чалавекі.

Падчас размовы з «НЧ» Паўлюк Канавальчык зазначыў, што для яго вельмі важна падтрымаць французскіх калегаў, з якімі ён, аказваецца, нават меў агульныя справы. «Для нас гэта вельмі важна, бо, калі ў сатыру страляюць, гэта не ёсць добра. Калі няма для змагання з сатыраю іншых аргументаў, апроч кулі, гэта і кажа пра тое, што грамадства — не здаровае, мякка кажучы», — сказаў Канавальчык.

Паўлюк Канавальчык

З выданнем Charlie Hebdo газету «Навінкі» звязвала не толькі агульная ідэя, але і прафесійныя стасункі. «Так ці інакш, мы з імі перапісваліся, мелі кантакты з гэтым часопісам. Нават мелі планы на супрацоўніцтва — былі ідэі перакласці і перавыдаць у Беларусі некаторыя іхныя коміксы, прысвечаныя еўрапейскай палітыцы. Гэтых людзей мы, збольшага, добра ведаем, і таму нас вельмі блізка закранула гэтая трагедыя. Не толькі ў плане таго, што гэта нашыя калегі, але таму, што гэта нашыя завочныя сябры», — кажа Канавальчык.

«Мы салідарныя не толькі як былыя работнікі сатырычнага выдання. Важна тое, што людзі могуць цярпець нават не за сваю ідэю — за прафесію», — дадае ён.

Дзмітрый Кучук

Нешматлікасць акцыі салідарнасці намеснік старшыні партыі «Зялёныя» Дзмітрый Кучук, патлумачыў тым, што ідэя зрабіць такую акцыю ўзнікла толькі ўчора ўвечары ў 21 гадзіну Зразумела, уначы мала хто сядзіць у інтэрнэце, і ў шмат каго на гэты час былі іншыя справы. Але ён адзначыў: «У Парыжы сёння на акцыю салідарнасці выйдуць больш за мільён чалавек. Беларусь, безумоўна, з’яўляецца еўрапейскай краінай, і праявіць салідарнасць з еўрапейцамі, канешне, вельмі важна. Але ёсць праблема яшчэ і ў свабодзе слова. Свабода слова — гэта еўрапейская каштоўнасць, якая важная і для нашага грамадства, і для партыі «Зялёныя» у прыватнасці. Беларусы, пэўна, больш за іншых разумеюць, што гэта за каштоўнасць, і нам важна за яе змагацца».

Адзін з тых, хто ўначы ў інтэрнэце сядзіць альбо паламаў сабе ўсе планы на выходныя — лідэр Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька. Ён таксама далучыўся да салідарнасці з французскім сатырычным часопісам. «Адзін мільён плюс чатыры для маіх вушэй гучыць лепей, чым проста адзін мільён. Калі ў Парыжы выходзіць мільён чалавек у знак салідарнасці з Charlie Hebdo, я лічу, што гэтая салідарнасць — грамадзянская пазіцыя. Я магу пражыць і ў Беларусі фактычна без любога медыя, інфармацыйнага рэсурсу. Але я думаю, што Беларусі цяжка пражыць без свабоды слова. Гэта, відаць, самае галоўнае, самае важнае, і вось таму я тут, — не столькі як палітык, колькі як грамадзянін», — кажа ён.

Беларускую свабоду слова адразу ж прадэманстравалі міліцыянты — ахоўнікі французскага пасольства, падышоўшы да аўтара гэтых радкоў з загадам выдаліць усе фотаздымкі, якія былі зроблены на фоне пасольства. Маўляў, нельга, каб будынак пасольства, як асабліва ахоўваемы аб’ект, трапляў на фота. Іх не збянтэжыла тое, што літаральна ўчора да будынку пасольства людзі неслі свечкі, кветкі і фатаграфавалі гэты працэс усе, каму не лянота. «Учора была іншая змена», — адзначылі яны.

Давялося паўтарыць «фотасесію» салідарных, так, каб пасольства не трапляла ў фокус. Але і гэта міліцыянтаў не вельмі задаволіла. «Вось, блін, я ж казаў ужо!», — пачаў было адзін з іх, пабачыўшы на кадры падмурак будынку, у якім знаходзіцца пасольства. Аднак, іх усё ж удалося пераканаць, што невялічкая частка будынку на агульны здымак не ўплывае.

Злева ўверсе, па меркаванні міліцыянтаў, "забароненая для здымак" частка будынку 

Пачуўшы да сябе ўвагу з боку міліцыі, удзельнікі акцыі салідарнасці разышліся, каб не правакаваць затрыманні. І затрыманых пасля яе не было. Шкада, канешне, што салідарнасць з Charlie Hebdo выказалі толькі чатыры чалавекі. Але і супраць уводу савецкіх войскаў у Чэхаславакію ў 1968-м годзе пратэставалі толькі восем чалавек. І гэтыя восем выратавалі гонар усіх грамадзян тадышняга СССР…

Абмеркаванне:

  • ВР
  • 2015-01-11 21:46:16
Я б далучыуся, каб ведау.

Каментаваць