Мільянеры ў краіне цудаў

Часам трапляюцца навіны, ад якіх зрывае дах. Адна з іх дае падставы для ператварэння Беларусі ў сацыяльны рай, пра які так доўга марыў Аляксандр Лукашэнка. Ён неаднойчы казаў: «Дайце нам столькі ж грошай, колькі Грэцыі, і мы зробім тут цукерачку з краіны». Пакуль ён глядзіць на датацыі Грэцыі, грошы мірна ляжаць за ягонай спінай.
 



У Беларусі пражывае 115 мультымільянераў, сукупная «заначка» якіх складае 13 мільярдаў долараў. Такія дадзеныя даследавання «World Ultra Wealth Report 2012–2013», якое правяла міжнародная кансалтынгавая кампанія «Wealth-X». Па колькасці мультымільянераў Беларусь заняла 27-е месца сярод 45 краін Еўропы. Першыя месцы занялі Германія (15 770 мультымільянераў), Вялікабрытанія (10 515) і Швейцарыя (5 595).

У параўнанні з папярэднім рэйтынгам 2011–2012 гадоў колькасць мультымільянераў у Беларусі павялічылася на пяць чалавек, а іх сукупны капітал скараціўся на 3,3%.

Вось бы гэтыя грошы ўкінуць у народную гаспадарку! Гэта ж колькі можна пабудаваць лядовых палацаў і накупіць самалётаў! Ды што там самалёты — не патрэбны нам крэдыт на атамную станцыю з Расіі — нашы мільянеры могуць скінуцца і пабудаваць яе самі, дый грошы яшчэ і застануцца! А калі ўлічыць, што ў Беларусі ўвесь ВУП складае ўсяго толькі 23 мільярда долараў? Гэта ж краіна можа некалькі месяцаў не працаваць!

Аляксандру Лукашэнку трэба азірнуцца і паглядзець на свой народ. Хто там такі багаты? Хто яшчэ не заплаціў 200% «камуналкі»? Чаму не скампенсавалі адмену бясплатнага праезду для студэнтаў у летні перыяд?

14 кастрычніка ў Літве адбыўся рэферэндум па пытанні будаўніцтва новай літоўскай АЭС. Падчас рэферэндуму прапанавалася адказаць на пытанне: «Ці падтрымліваеце вы будаўніцтва новай атамнай станцыі ў Літоўскай Рэспубліцы?» У рэферэндуме ўзялі ўдзел 51,5% насельніцтва, 62,7% з іх не падтрымалі ўзвядзенне новай АЭС.

У сувязі з гэтым беларускія «зялёныя» святкуюць перамогу. З іх меркавання, перамога сапернікаў АЭС у Літве з’яўляецца перамогай грамадзян усіх краін Усходняй Еўропы, бо ўпершыню за доўгі час у рэгіёне праведзена агульнанацыянальнае апытанне насельніцтва, вынікі якога наглядна ілюструюць, наколькі жыхарам рэгіёну, да якога таксама належыць Беларусь, непрымальная ідэя развіцця атамнай індустрыі.

Паводле «зялёных», рэферэндум у Літве фактычна пазбаўляе легітымнасці намер карпарацыі «Расатам» пабудаваць беларускую АЭС. «Наўрад ці жыхары суседняга з Літвой Астраўца настолькі ментальна адрозныя ад літоўцаў, каб стопрацэнтна падтрымліваць будаўніцтва пад бокам небяспечнага атамнага аб’екта», — лічаць «зялёныя», і ў сувязі з гэтым заклікаюць кіраўнікоў энергетычнага комплексу Беларусі «прызнаць маральную паразу» і «пайсці ў адпачынак», як гэта ўжо зрабіў іх калега, міністр энергетыкі Літвы Арвідас Секмокас.

Ага, так нашы міністры і сыдуць у адстаўку па выніках рэферэндуму ў суседняй краіне. Па-першае, у іх мільёнаў долараў няма, ім трэба працаваць. Па-другое, Беларусь — не Літва, і народ тут іншы. Вось прапануйце «зялёным» правесці рэферэндум па АЭС пад кіраўніцтвам і патранажам Лідзіі Міхайлаўны Ярмошынай. Што ў адказ «зялёныя» скажуць? Яны ведаюць, якія будуць вынікі? Яны ведаюць, і ўсе беларусы ведаюць — 76% «за», тут і рэферэндум непатрэбны. Толькі грошы марнаваць. Не чые-небудзь, а нашых мільянераў.

А вось пра што мільянерам сапраўды ў нашай краіне трэба было паклапаціцца, дык гэта пра ініцыятыву МУС. Тое, чаго так доўга чакалі і дамагаліся праваабаронцы, урэшце адбылося. Будынак Цэнтра ізаляцыі правапарушальнікаў (ЦІП) ГУУС Мінгарвыканкама, які размяшчаецца ў сталіцы па адрасе: 1-ы завулак Акрэсціна, 36, закрыты на рамонт.

Рамонт — планавы, праведзены вялікі аб’ём падрыхтоўчай працы, складзена праектна-каштарысная дакументацыя, рамонтныя работы ўжо пачаліся. Яны павінны быць выкананы на працягу прыкладна двух гадоў. У той жа час ЦІП працягвае функцыянаваць у памяшканні ізалятара часовага ўтрымання (ІЧУ) ГУУС Мінгарвыканкама ў суседнім будынку па адрасе: 1-ы завулак Акрэсціна, 36а. Дзейнічае і ІЧУ.

А пакуль з мільянерамі справа не высветленая, актуальнай застаецца тэма іншых «багаценькіх Бураціна». «Нобеля» Алесю Бяляцкаму не далі — далі Еўрасаюзу. Але ж днямі віцэ-прэзідэнт Міжнароднай федэрацыі правоў чалавека Бяляцкі стаў ганаровым грамадзянінам Парыжа. Рашэнне прынята гарадскім саветам паводле прапановы мэра французскай сталіцы, які ўхваліў ініцыятыву савета мэрыі 11-й акругі Парыжа.

Хай тады парыжане і скінуцца на рамонт бабруйскай калоніі №2, дзе знаходзіцца Бяляцкі. Вось гэта будзе рэальная дапамога палітвязню!

А пакуль не знайшлі мільянераў, і Парыж не кідаецца Беларусі дапамагаць, трэба разлічваць на свае сілы. Лукашэнка даручыў ураду «распачаць захады па замацаванні станоўчых тэндэнцый на валютным рынку». Такое распараджэнне ён зрабіў, прымаючы 15 кастрычніка з дакладам прэм’ер-міністра Міхаіла Мясніковіча.

«Наколькі гэта магчыма, я адсочваю сітуацыю на валютным рынку. Мяне, вядома, задавальняе, што там ужо адбыўся пералом пасля гэтых палітычных вэрхалаў і дзеянняў нашай так званай апазіцыі, якая запалохвала насельніцтва праз СМІ і інтэрнэт, спараджаючы нейкія дэвальвацыйныя чаканні», — заявіў Лукашэнка. «Ужо, можна сказаць, тыдзень сітуацыя пераломлена, і тры апошнія дні Нацыянальны банк валюту скупляў. Гэта добры сігнал на ўмацаванне беларускага рубля, гэта трэба рабіць», — дадаў ён.

Не ведаю, дзе і па чым Лукашэнка сочыць за валютным рынкам. Можа, у яго свой рынак і свае трэйдары на ім. Але на Беларускай валютна-фондавай біржы еўра скокнуў у сераду адразу на 200 рублёў — да 11 230, долар вырас на 80 рублёў — да 8 570 рублёў. І наўрад ці гэты «скачок» абумоўлены скупкай валюты Нацбанкам.
 

Каментаваць