Мінгарвыканкам не адказаў наконт усталёўкі «дошкі БНР», парушыўшы закон

Ні дазволу, ні забароны на ўсталяванне дошкі на вуліцы Валадарскага, 9 у Мінску, дзе была падпісаная Трэцяя Устаўная грамата, дагэтуль няма. Пра гэта расказаў «Радыё Свабода» старшыня Саюзу мастакоў Рыгор Сітніца.

Памятны знак для будынку, дзе была абвешчаная незалежнасць БНР. Аўтар арыгіналу — скульптар Алесь Шатэрнік. Фота Радыё Свабода

Больш як месяц таму Мастацкая рада Мінгарвыканкаму зацвердзіла выгляд дошкі для дома на вуліцы Валадарскага, 9, у якім 100 гадоў таму была абвешчана незалежнасць Беларускай Народнай Рэспублікі. Але, як расказаў “Радыё Свабода” старшыня Саюзу мастакоў Рыгор Сітніца, ні дазволу, ні забароны на яе ўсталяванне дагэтуль няма.

Рыгор Сітніца пісаў пісьмовы зварот да старшыні Мінгарвыканкаму Андрэя Шорца наконт дазволу на ўсталёўку дошкі, чакаў адказу не пазней за бягучы тыдзень. Але ў парушэнне закону «Аб звароце грамадзян і юрыдычных асобаў», яму не далі адказу ў належны тэрмін. Сітніца кажа, у панядзелак плануе выслаць новы зварот — аб парушэнні тэрмінаў адказу на папярэдні.

«Яны ўсюды дэкларавалі — „так, канешне“, нават лісты дасылалі, што прынятае рашэнне, хоць пісьмовага рашэння нідзе не было, — абураецца Сітніца адносна дазволу на ўсталёўку дошкі. — Яны павінны былі б адказаць, так ці не, мо што перадумалі, што ня будзем рабіць — так была б нейкая пэўнасьць. Але ніхто нічога не гаворыць».

У прэс-службе Мінгарвыканкаму карэспандэнту “Радыё Свабоды” таксама не патлумачылі, калі будзе ўсталяваная дошка.

Грошы на бронзавы варыянт дошкі замест састарэлага арыгіналу, зробленага ў 1993 годзе скульптарам Алесем Шатэрнікам, сабралі за тры гадзіны. Усталяваць дошку меркавалі да 25 сакавіка на доме на вуліцы Валадарскага, 9 у Мінску — менавіта тут была падпісаная Трэцяя Устаўная грамата, якая абвяшчала БНР незалежнай дзяржавай. Паседжаньне Менгарвыканкаму, на якім шыльду мелі зацвердзіць, адкладалася амаль два тыдні.

26 лютага кіраўнік галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай працы, культуры і справах моладзі Мінгарвыканкаму Павел Скалабан прапанаваў 26 лютага Рыгору Кастусёву абмеркаваць усталяванне памятнай шыльды пад адрасе Валадарскага, 9.

Планавалася, што адкрыццё дошкі ў гонар абвяшчэння незалежнасці БНР стане кампрамісам паміж Мінгарвыканкам і аргкамітэтам святкавання 100 год БНР: улады ўсталююць шыльду, калі аргкамітэт пагодзіцца на правядзенне канцэрту 25 сакавіка ля Опернага тэатру.

У Мінску Дзень Волі — 2018 праводзіўся з дазволу гарадскіх уладаў. Паводле розных ацэнак, адсвяткаваць 100 год незалежнасці БНР на пляцоўцы ля менскага Опернага тэатру 25 сабраліся ад 11 да 50 тысяч чалавек. Афіцыйных лічбаў менская міліцыя не называла, атрымаць каментар “Радыё Свабода” не здолела. Па колькасці ўдзельнікаў гэта найбольш масавы Дзень Волі ў ХХІ стагоддзі. Паводле падлікаў праваабаронцаў, вядома пра 120 затрыманняў па ўсёй Беларусі 25 сакавіка.


 

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Каментаваць