Мінінфармацыі зноў адмовіла часопісу “Arche. ПАЧАТАК”

Дзяржаўнае ведамства у чацвёрты раз адмовілася ўнесці змены ў звесткі аб рэгістрацыі выдання, што ставіць пад пытанне захаванне часопіса.



З Гродна ўсё і пачалося?


У рашэнні за подпісам намесніка міністра інфармацыі Уладзіміра Матусевіча адзначаецца, што рэдакцыя нібыта не ўказала інфармацыю аб перапрызначэнні галоўным рэдактарам Валера Булгакава. У сваю чаргу аўтары часопісу называюць рашэнне рэпрэсіўным, накіраваным на знішчэнне выдання.

“Міністэрства інфармацыі робіць усё магчымае, каб часопіс канчаткова спыніў выхад. Чыноўнікі прыкладаюць усе намаганні, кожны раз адмаўляючы рэдакцыі на ўсё новых і новым падставах. Але мы не намераныя спыняцца і падамо дакументы наноў”, — гавораць у рэдакцыі “Arche. ПАЧАТАК”.

Нагадаем, што праблемы ў часопіса пачаліся 14 верасня 2012 года з затрымання былога галоўнага рэдактара “Arche” Валера Булгакава. Супрацоўнікі міліцыі і падатковай інспекцыі затрымалі яго ў Гродне на прэзентацыі кнігі Я. Шумскага "Саветызацыя Заходняй Беларусі" і абвінавацілі ў незаконнай прадпрымальніцкай дзейнасці.

21 верасня супрацоўнікі ўпраўлення Дэпартамента фінансавых расследаванняў  (УДФР) прыйшлі ў друкарню, дзе выдаваўся часопіс, з праверкай. 24–28 верасня з друкарні былі забраныя ўсе дакументы за апошнія два гады дзейнасці часопіса.

2 кастрычніка было арыштавана больш за 5 тысяч асобнікаў кніг з асабістай калекцыі Булгакава.

4 кастрычніка ва УДФР быў выкліканы заснавальнік часопіса “Arche” Андрэй Дынько. Пасля гэтага было прынята рашэнне вызваліць Булгакава ад пасады галоўнага рэдактара “Arche”, каб выратаваць выданне.

У межах праверкі дзейнасці рэдакцыі Упраўленне ДФР па Мінскай вобласці і г. Мінску вынесла прадпісанне прыпыніць аперацыі па рахунках “Arche-Пачатак”, — нагадвае ГА “БАЖ”.

Хадайніцтва ГА «БАЖ» аб разблакаванні рахунку рэдакцыі часопіса Дэпартамент фінансавых расследаванняў адхіліў, спаслаўшыся на непрадастаўленне шэрагу патрэбных дакументаў. Прадстаўнікі рэдакцыі, са свайго боку, называюць гэтыя прэтэнзіі беспадстаўнымі.

Сітуацыя з часопісам стала тэмай некалькіх сюжэтаў праграмы крымінальнай хронікі беларускага дзяржаўнага тэлебачання "Зона Х", дзе выказвалася меркаванне наконт магчымага “экстрэмісцкага” зместу выдання.

Каментаваць