Patryjoty 1200 100 2e1c7308a3a48a13db21bf292e831989ae0299303b01379966627b13afde24a1

Міністр Шуневіч забяспечвае абмундзіраваннем салдат «рускага свету»

Міністр унутраных спраў Ігар Шуневіч перадаў камплекты формы ваеннаслужачых унутраных войскаў і іншую спецамуніцыю ў якасці каляднага падарунка праваслаўнаму ваенна-патрыятычнаму клубу «Дружына» імя князя Аляксандра Неўскага.

На іх урачыстым уручэнні, якое прайшло ў Палацы творчасці дзяцей і моладзі ў Шчучыне, прысутнічалі старшыня Шчучынскага раённага Савета дэпутатаў Іван Сакалоўскі, старшыня Шчучынскага райвыканкама Сяргей Ложачнік і іншыя афіцыйныя асобы, паведаміла мясцовая «раёнка» «Дзянніца».


Кожнаму малалетнему байцу клуба, у тым ліку дзяўчынкам, кіраўнік беларускага МУС таксама падараваў макеты баявых аўтаматаў. На гэта звяртае ўвагу блогер zholik.



Як паведамлялася раней, кіраўнікі і царкоўныя куратары «Дружыны» актыўна прапагандуюць у Беларусі «рускі свет» і рэгулярна арганізуюць летнія лагеры, дзе пад патранажам праваслаўнай царквы навучаюць школьнікаў рукапашнаму бою і абыходжанню са зброяй, робячы з юных беларусаў «верных чад Святой Рускай Праваслаўнай Царквы».


Адным з кіраўнікоў і трэнерам-інструктарам «Дружыны» з'яўляецца начальнік аператыўна-дзяжурнай службы АУС Шчучынскага райвыканкама падпалкоўнік Павел Найда, які па пасадзе мае бесперашкодны доступ у памяшканне дзяжурнай службы і зброевы пакой райаддзела міліцыі.

Духоўнікам клуба з'яўляецца праваслаўны іерэй Аляксандр Пастэрняк, настаяцель шчучынскіх храмаў Святога Міхала Арханёла і Богаяўлення, благачынны Шчучынскага округа.

Характэрна, што жонка Пастэрняка Вольга з'яўляецца інспектарам крымінальна-выканаўчай інспекцыі Шчучынскага РАУС. Да студзеня 2010 г. яна была інспектарам ІСН, забяспечваючы такім чынам значны прыток у клуб «цяжкіх» падлеткаў.

Усе вышэйпералічаныя асобы сталі фігурантамі спецрасследаванняў InformNapalm пра тое, як у Беларусі гадуецца «праваслаўны Талібан».

Артыкул пра тое, як у Гродзенскай вобласці пад выглядам працы ваенна-патрыятычных арганізацый ідзе падрыхтоўка адэптаў «рускага свету», а з падлеткаў рыхтуюць воінаў РПЦ, абурыла іх бацькоў і ўскалыхнула славянафільскае балота.

Бацькі «верных чад Святой Рускай Праваслаўнай Царквы» патрабавалі прыцягнуць журналістаў да адказнасці за паклёп. Але з гэтага нічога не выйшла. Насупраць, пасля артыкула заняткі ў клубе былі прыпыненыя, аднак, як бачым, ненадоўга. Што і нядзіўна, калі, як высвятляецца, галоўным «куратарам» клуба з'яўляецца міністр МУС Ігар Шуневіч.

Дарэчы, генерал-лейтэнант міліцыі Ігар Шуневіч, як сведчыць Вікіпедыя, украінец па нацыянальнасці, прычым ураджэнец той самай Луганшчыны, якая сёння вядомая як «ЛНР».

Паводле belpartisan.org

Каментаваць