Мінскі гарадскі суд падтрымаў раённы суд і ўлады сталіцы

1 жніўня калегія Мінскага гарадскога суду ў складзе Аксаны Будоўскай (старшыня), Наталлі Бабкінай і Алы Крапіўкі не задаволіла скаргу юрысткі Тамары Сяргей на рашэнне суддзі суду Маскоўскага раёна сталіцы Юрыя Шастакова, які 8 траўня падтрымаў дзеянні Мінгарвыканкама.



Намеснік старшыні Мінгарвыканкама Ігар Карпенка не дазволіў актывістам Грамадзянскай ініцыятывы супраць беззаконня ў судах і пракуратуры правесці 15 сакавіка на плошчы Свабоды ў цэнтры сталіцы пікетаванне з нагоды Дня Канстытуцыі, нагадала НЧ Тамара Сяргей.

У акцыі планаваўся ўдзел не болей за 20 актывістаў ініцыятывы сталага веку з усіх рэгіёнаў Беларусі, якія меркавалі выйсці на пікетаванне з плакатамі наступнага зместу: «У Канстытуцыі правы і свабоды на паперы, а нам яны патрэбныя ў жыцці!», «Забеспячэнне правоў і свабодаў грамадзян Рэспублікі Беларусь з’яўляецца найвышэйшай мэтай дзяржавы (артыкул 21 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь)» і «Патрабуем ад чынавенства выканання Канстытуцыі краіны!».

«Судовыя рашэнні з’яўляюцца незаконнымі і неабгрунтаванымі. Яны толькі пацвярджаюць, што ў Беларусі парушаны прынцып падзелу ўладаў, і менавіта выканаўчая іх галіна вызначае дзеянні судовай і заканадаўчай уладаў. Адной з падстаў адмовы з’яўляецца спасылка на тое, што ў доме №2 на плошчы Свабоды месціцца аддзел рэгістрацыі і ліцэнзавання Мінгарвыканкаму. На  самай справе, гэты аддзел знаходзіцца ў доме №8 на плошчы Свабоды і аточаны некалькімі рэстарацыямі. Такім чынам, вясёлыя кампаніі аніяк не замінаюць дзейнасці гарадскіх уладаў, але, на думку судоў і чынавенства, небяспеку для іх працы могуць уяўляць некалькі пенсіянераў, якія меркавалі сабрацца ў скверы ля ратушы па адрасу: плошча Свабоды, 2а», — сказала  юрыстка.

Яна будзе абскарджаваць гэтыя судовыя пастановы ў старшыні Мінскага гарадскога суду і ў Вярхоўным судзе, хаця і не спадзяецца на станоўчы вынік. Вось чаму Тамара Сяргей не выключае свайго звароту ў Камітэт па правах чалавека ААН ў Жэневе (Швейцарыя). 

Каментаваць