Мінскі суд упершыню разглядае крымінальную справу аб злачынстве на глебе гамафобіі

Суд Першамайскага раёна Мінску распачаў разгляд крымінальнай справы, упершыню заведзенай паводле артыкула аб дыскрымінацыі асобаў з нетрадыцыйнай сексуальнай арыентацыяй.



Дзяржаўны абвінаваўца запатрабаваў пакарання ў выглядзе чатырох гадоў абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову — так званай «хіміі».

Паводле крымінальнай справы, Арцём Шляхцюк, які родам з Крупскага раёну, а цяпер вучыцца ў Мінску ў каледжы, належыць да групоўкі «акупай-педафіляй», якая займаецца пераследам асобаў з нетрадыцыйнай сексуальнай арыентацыяй.

Мінулай восенню праз сацыяльныя сеткі ён пазнаёміўся з пацярпелым А. Сустрэчу прызначылі 6 лістапада а 23 гадзіне на плошчы Якуба Коласа ў Мінску. Разам выпілі піва і, паводле Арцёма Шляхцюка, размаўлялі пра Таццяну Караткевіч, за якую абодва галасавалі на мінулых прэзідэнцкіх выбарах.

Калі ж гаворка зайшла пра сімпатыі да дзяўчат, то А. прызнаўся, што не мае такіх сярод сваіх знаёмых і, пэўна, ніколі мець не будзе. У адказ Арцём пачаў збіваць свайго знаёмца, пагражаючы большай расправай, а таксама здымаць свае здзекі на мабільны тэлефон. Пасля ён адабраў у А. грошы і сышоў.

Пацярпелы звярнуўся ў міліцыю, Арцёма Шляхцюка затрымалі і распачалі крымінальную справу паводле артыкулаў аб хуліганстве, рабаванні і нянавісці на глебе гамафобіі: ч. 1 арт. 339 — хуліганства; ч. 2 арт. 206 — рабунак — асноўныя абвінавачанні. У якасці абвінавачання, якое абцяжарвае віну, — п. 9 арт. 64: злачынства, здзейсненае па матывах варажнечы да пэўнай сацыяльнай групы.

У судзе Арцём Шляхцюк прызнаў сваю віну, запэўніў суд, што раскайваецца, і прасіў дазволіць скончыць навучанне. Тым часам высветлілася, што два гады таму ён ужо быў прыцягнуты да крымінальнай адказнасці за разбойны напад. Але ў звязку з непаўналетнім узростам і паводле амністыі адказнасць з яго тады знялі.

У сваю чаргу, пацярпелы А. сцвярджае, што Арцём Шляхцюк ведаў пра ягонае гейства са старонкі сацыяльнай сеткі і адмыслова прызначыў сустрэчу.

Адвакат пацярпелага Дзмітрый кажа, што незвычайнасць справы ў тым, што ўпершыню ў ягонай практыцы супрацоўнікі міліцыі распачалі крымінальную справу паводле факту гамафобнага злачынства, дзе акалічнасцю, якая абцяжарвае дзеянні абвінавачанага, прызнаная варожасць да асобы з нетрадыцыйнай сексуальнай арыентацыяй.

Пракурор запатрабаваў Арцёму Шляхцюку пакаранне ў выглядзе чатырох гадоў так званай «хіміі».

Раней розгаласу набыло рашэнне суду Цэнтральнага раёну Мінску, які асудзіў на 2 гады і 8 месяцаў мінчука Дзмітрыя Лукашэвіча. Каля аднаго з закрытых клубаў Мінску Лукашэвіч моцна ўдарыў наведніка Міхаіла Пішчэўскага, пасля чаго той трапіў у кому і памёр.

Бойка мела выразы гамафобны характар, але на працэсе ў 2014 годзе суд гэтага не ўлічыў.

www.svaboda.org

Каментаваць