Мінскія актывісты адведалі магілу Міхаіла Жызнеўскага (фотарэпартаж)

У другую гадавіну смерці Міхаіла Жызнеўскага, які загінуў за свабоду Украіны падчас рэвалюцыі Годнасці, Рух салідарнасці «Разам» арганізаваў вандроўку пад Гомель, на могілкі, дзе ён пахаваны.



У аўтобусе было каля сарака чалавек, сярод якіх прадстаўнікі палітычных партый і рухаў, у тым ліку Партыі БНФ, Руху «За Свабоду», БХД, Моладзі БНФ і інш, а таксама мастак Алесь Пушкін, публіцыст Алесь Тамковіч, паэт Славамір Адамовіч, святар Леанід Акаловіч, пісьменнік Леанід Маракоў, бард Зміцер Захарэвіч, легендарны сцяганосец Ніна Багінская, мастачка з Нясвіжу Наталля Бордак…

На могілках падчас ушанавання памяці беларуса, якога ва Украіне шануюць як народнага героя, выступілі з прамовамі Павал Севярынец, Славамір Адамовіч, Алесь Макаеў, Алесь Тамковіч, Вячаслаў Сіўчык, Алесь Пушкін.

Вячаслаў Сіўчык адзначыў, што Жызнеўскі быў сапраўдным светлым ваяром, які змагаўся не за інтарэсы алігархаў, а за вольную будучыню ўкраінскай дзяржавы і за правы яе грамадзян.

Беларус Міхалі Жызнеўскі, які ў 2005-м годзе быў вымушаны пакінуць Радзіму, дапамагаў у грамадска-палітычнай дзейнасці ўкраінскім нацыяналістам, быў сябрам самаабароны падчас украінскай рэвалюцыі Годнасці, загінуў у час жорсткіх сутыкненняў дэманстрантаў з праўладнымі спецпадраздзяленнямі на вуліцы Грушэўскай у Кіеве 22 студзеня 2014 года.

Удзячныя ўкраінцы сабралі грошы і набылі кватэру бацькам Міхаіла Жызнеўскага. Менавіта пра гэта марыў калісьці Міхаіл.

26 лістапада 2014 года ў Кіеве адкрыўся помнік Міхаілу Жызнеўскаму. Прэзідэнт Украіны Пётр Парашэнка пасмяротна ўзнагародзіў беларуса ордэнам Героя Нябеснай Сотні, а таксама прызначыў пажыццёвую дапамогу бацькам беларуса, які аддаў жыццё за свабодную і еўрапейскую Украіну. Надаць званне Героя Украіны Міхаілу Жызнеўскаму не дазваляе ўкраінскае заканадаўства, паколькі ён не меў украінскага грамадзянства.

7 ліпеня 2015 года сумеснымі намаганнямі беларусаў і ўкраінцаў на месцы пахавання Міхаіла Жызнеўскага ў Гомелі быў усталяваны помнік аўтарства скульптара Алеся Шатэрніка.

Украінцы не забываюць гераічную смерць беларуса. Два дні таму Прэзідэнт Украіны са сваёй жонкай усклалі кветкі да памятнага знаку Міхаілу Жызнеўскаму і Сяргею Нігаяну на вуліцы Грушэўская ў Кіеве.

Абмеркаванне:

  • Кастусь
  • 2016-01-22 23:55:20
Дзякуй за цудоўныя фота!
  • таня
  • 2016-01-23 00:12:55
Герои не умирают! Они навсегда останутся в наших сердцах! Слава нации! Слава Украине! Героям слава! ЖЫВЕ БЕЛАРУСЬ!!!!!!
  • Тацяна
  • 2016-01-23 00:52:43
Малайчына, Арцем. Лепшы рэпартаж месяца.
  • Smiech
  • 2016-01-23 12:51:22
Толькі незразумела, якога хрэна "бард Зміцер Захарэвіч" езьдзіў? Ён з прамовай, напэўна, не выступаў...
  • Кастусь Жукоўскі
  • 2016-01-23 15:49:57
Добры артыкул. толькі адна інфармацыя якая не адпавядае рэчаіснасці - "7 ліпеня 2015 года сумеснымі намаганнямі беларусаў і ўкраінцаў на месцы пахавання Міхаіла Жызнеўскага ў Гомелі быў
усталяваны помнік аўтарства скульптара Алеся Шатэрніка." Грошы на помнік сабралі і ахвяравалі БЕЛАРУСЫ! Ва Украінцаў сродкі не прымаліся бо у іх і так вялікая бяда,хаця прапаноў паступала з
іх боку шмат! ГЭТА Я СВЕДЧУ ЯК АДЗІН З АРГАНІЗАТАРАЎ ЗБОРУ СРОДКАЎ! Ушанаваць памяць Міхася - святы абавязак БЕЛАРУСАЎ!
  • Juraś
  • 2016-01-23 20:24:11
Малайчына, Арцем. І Руху Салідарнасьці "Разам" рэспэкт, што здолеў сабраць разам такое мноства актывістаў, колер нацыі, якія шануюць подзьвіг беларускага майданаўца, які загінуў за
эўрапейскі выбар Украйны.

Каментаваць