Мітрапаліт Павел: Год для высноваў

Яшчэ год таму шмат, хто ў Беларусі, у тым ліку праваслаўныя вернікі, ставіліся да Мітрапаліта Мінскага і Заслаўскага Паўла, Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі з вялікім скептыцызмам. Але павольна рэйтынг новага Ўладыкі сярод вернікаў узрос.



У спецыфічных беларускіх рэаліях як нельга дарэчы прыйшліся і дыпламатычнасць мітрапаліта Паўла і ягоная здольнасць абыходзіць вострыя сітуацыі.

Пры гэтым пад кіраўніцтвам Мітрапаліта Паўла і ў структуры Беларускага экзархату адбыліся істотныя змены. Пачаўся працэс гэтак званага разузбуйнення епархій. У выніку з’явіліся новыя адміністратыўна-тэрытарыяльныя адзінкі: Маладзечанская, Лідская, Слуцкая і Барысаўская епархіі. А на літургіях, адпаведна, замест звыклага Мітрапаліта Мінскага і Слуцкага Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі — вернікі чуюць цяпер новае званне: Мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі.

Памылковы шлях да самакіравання?

На тле гэткіх пераменаў пытанне пра наданне большай самастойнасці Беларускай праваслаўнай царкве літаральна лунала ў паветры. У сярэдзіне снежня падчас сходу Епархіі мінскай Мітраполіі Мітрапаліт Павел зрабіў досыць гучную заяву. У прыватнасці, ён выказаўся за большую самастойнасць для БПЦ і наданне ёй статусу самакіроўнай царквы. Аднак, ужо праз месяц гэтыя захады былі скасаваныя. І галоўная прычына, на думку Мітрапаліта Паўла, у тым, што грамадскасць даведалася пра ўзнятае пытанне пра самакіраванасць Беларускай Царквы занадта рана.

«Так атрымалася, — адзначыў Мітрапаліт Павел — што, як я ўжо зараз смяюся, кажу: у нас быў адзін надта набожны чалавек, вельмі набожны, які на гэтай працоўнай нарадзе ўключыў мікрафон і, можна сказаць, у прамым эфіры перадаваў усё тое, што адбываецца ў нас на паседжанні, і ў выніку, атрымалася так, што неапрацаваны матэрыял, неканструктыўны матэрыял, дыскусійны, быў прадстаўлены грамадскасці на дыскусію».

«Адразу ж пачаліся жарсці, адразу ж пачаліся выкрыванні, адразу нейкія абурэнні пачаліся... Царкоўныя пытанні гэтак не вырашаюцца. Яны мусяць вырашацца ў духе братэрскага адзінства, у духе братэрскай любові, у зладжанасці. Вось калі гэта будзе, тады можна выносіць пытанне на больш высокі ўзровень. А сённяшняе абмеркаванне выклікала нездаровае стаўленне. Таму мы не за падзел нашага народу, а за тое, каб у нашай царкве ўсе былі разам. Вось калі будзе, можа, не кансенсус у гэтым выпадку, але агульнае меркаванне, то і можна ставіць гэтае пытанне.... Сёння напэўна добра будзе для нашай царквы, калі мы пакінем гэтае пытанне ў спакоі».

Пра беларускую мову

Уладыка, як часта вам даводзіцца ў Беларусі чуць сапраўдную беларускую мову?

— Калі я прыехаў у Злучаныя Штаты Амерыкі, я слабавата ведаў англійскую мову. Але, калі я апынуўся ў такой сітуацыі, калі ніхто навокал не размаўляе ні на якой іншай мове, як толькі на на англійскай, я мусіў пачаць і вучыць і размаўляць, а потым і служыць і прапаведаваць. І цяпер я маю вялікую спакусу: усе навокал размаўляюць па-руску. Вось калі б усе зараз не размаўлялі па-руску, а толькі па-беларуску, паверце, я б вельмі хутка вывучыў беларускую мову. Але мне даводзілася сустракацца, ведаеце, некалькі жанчын падыходзілі да мяне, і яны на чысцюткай беларускай мове размаўлялі са мною, пыталіся, ці разумею я? Ведаеце я ўсім кажу: я як той сабачка, які ўсё разумее, але сказаць нічога не можа. Так што разумець разумею, але размаўляць мне пакуль што яшчэ цяжка.

— Якая працэдура мусіць быць, калі прыхаджане хочуць, каб у іхным храме праводзіліся літургіі па-беларуску?

— Калі людзі сапраўды хочуць, звярніцеся да настаяцеля: бацюшка, ці магчыма, каб вы служылі ў нас па-беларуску. Бо мы маем пераклады богаслужэбных тэкстаў. Праблемаў ніякіх няма. Але гэта трэба рабіць правільна. Звярнуцца да настаяцеля. Настаяцель мусіць як пастыр, зрабіць ацэнку, ці будзе гэта служыць лепшаму, ці не? Таму што я ведаю, да майго прыезду былі выпадкі, калі абвяшчалі ў храме, што будуць здзяйсняцца службы па-беларуску, але не ўсе прыхаджане разумелі, таму тыя, хто не разумеў сталі сыходзіць з храму і настаяцель зразумеў, што ён застаўся ў меншасці. Значыць трэба нейкі іншы падыход да гэтага выпрацоўваць. Давайце пачнем з таго, каб раз на тыдзень, або ранішнія літургіі, потым паглядзім: ці будуць хадзіць людзі? Калі будуць, будзем практыкаваць гэта, калі не — значыць, не будзем. Паўсюль мусіць быць пастырская адказнасць і пастырскі падыход. Але людзі мусяць ведаць, што забаронаў ніякіх няма.

Гандаль у царкве

— Якім чынам рэгулююцца справы датычныя гандлю ў царкоўных крамах і збору ахвяраванняў на карысць храмаў?

— Я думаю, што ўсім цікава даведацца, а як выкарыстоўваюцца мае ахвяраванні? Вось я ахвяраваў, а як іх выкарыстоўваюць? Цалкам апраўданае пытанне, людзі ахвяруюць храмам. На жаль, зараз досыць часта адбываюцца гэткія эпізоды, калі пад выглядам збору ахвяраванняў на храм, выкарыстоўваюць гэтыя скарбонкі людзі абсалютна не царкоўныя. Гэта ёсць і ў Мінску, гэта ёсць і ў месцах, дзе я нёс паслушэнства, таму мы вырашылі на нашым Епархіяльным Савеце ўпарадкаваць вядзенне гэтых скарбонак.

Вы ўсе можаце звярнуцца да любога, хто сёння працуе ў царкоўных крамах, або ходзіць са скарбонкаю, вы можаце падыйсці да іх і спытаць: ці ёсць у вас благаслаўленне? Калі няма благаслаўлення епахіяльнага архіерэя, выклікайце міліцыю, гэта прайдзісвет! Не давайце грошы прайдзісвету. А калі ён сапраўды збірае грошы на храм, ён будзе мець благаслаўленне, і мой подпіс і маю пячатку.

Што тычыцца распаўсюду святой вады, то, ну, ведаеце, гэта нонсенс — прадаваць святую ваду. Гэта проста глупства. Калі вы сапраўды хочаце дапамагчы людзям, ну вы прапаноўвайце, забароны няма. Але святую ваду прадаваць, калі толькі я даведаюся, гандляроў буду наказваць. Гэта няправільна. Іншая справа, вы можаце патлумачыць, сказаць, сябры, мы выдаткавалі на набыццё бутэлек, на тое каб прывезці. Калі хочаце, вы можаце ахвяраваць. Але прадаваць святую ваду, недапушчальна.

Каментаваць