8 сакавіка — свята ці фармальнасць?

Напярэдадні Міжнароднага жаночага дня “Новы Час” распытаў вядомых беларусаў і беларусак, ці адзначаюць 8 сакавіка ў іх сем’ях, і ці варта святкаваць гэты дзень на дзяржаўным узроўні.



Палітык Анатоль Лябедзька прызнаўся, што ўжо сёння, 7 сакавіка, адзначае Міжнародны жаночы дзень з сям’ёй:

— У нашай сям’і гэтае свята ўспрымаецца як мажлівасць сустрэцца з роднымі і блізкімі. Таму мы ўжо сёння збіраемся ў вузкім сямейным коле. Натуральна, што заўтра таксама павіншую жонку. Ці адзначаць гэты дзень на дзяржаўным узроўні — гэта ўжо іншая справа. Я разумею, што карнявой сістэмы ў гэтага свята на Беларусі няма, але на ўзроўні традыцыі гэты дзень ужо стаў неад’емнай часткай для велізарнай колькасці людзей. Хоць 8 сакавіка і мае палітызаванае мінулае, але цяпер гэты дзень пераўтварыўся ў знак увагі, пашаны да таго, каго мы любім.

Маці палітвязня Эдуарда Лобава, Марына Лобава распавяла, што сын заўсёды віншуе яе з 8 сакавіка, але сама яна ставіцца да гэтага свята неадзначна:

 — Хоць Дзень жанчын адзначаецца ва ўсім свеце, у мяне ён асацыюецца з СССР, таму не ўспрымаю гэты дзень станоўча. Цяпер мне святы наогул патолькі-паколькі… Эдуард мяне заўсёды віншуе, дасылае паштоўкі, але ён таксама не лічыць гэта вялікім святам, для яго ўлюбёнае свята — гэта Раство. Што тычыцца святкавання на дзяржаўным узроўні — калі б у нас была нармалёвая дэмакратычная ўлада, чаму б і не зрабіць асобнае жаночае свята? Калі б у нас была свабодная краіна, і правы жанчын не ўшчамляліся, было б добра мець такі дзень для жанчын, але ў нашай сітуацыі, калі поўнае бяспраўе ды рабства, дык ці можна гэта лічыць святам?...

 

Вядомую грамадскую актывістку Насту Дашкевіч заўтра будуць віншаваць бацька і брат, бо муж дзяўчыны, Зміцер Дашкевіч адбывае адміністрацыйнае пакаранне за акцыю ў падтрымку Украіны. Наста Дашкевіч кажа, што 8 сакавіка — гэта свята яе дзяцінства:

 

 

— Раней мы заўсёды адзначалі гэты дзень, але без пафасу, ціха, па-сямейнаму. Але з часам я пачала ставіцца да гэтага дня ўсё спакайней, апошнія годы збольшага і не адзначала. Хаця, памятаю, Зьміцер і кветкі дарыў, і падаруначкі рабіў.  Сама я не імкнуся выдзяляць гэты дзень з іншых дзён, але і не крыўдую, як многія з майго асяродку, калі мяне з 8 сакавіка віншуюць. Калі некаму хочацца ў гэты дзень зрабіць блізкім прыемна — калі ласка. Усё адное з тых людзей, якія сёння масава скупляюць тульпаны ды мімозы, мала хто памятае асобаў, якія запачаткавалі гэтае свята.

На дзяржаўным узроўні, думаю, лепш адзначаць Дзень матулі — 14 кастрычніка. А 8 сакавіка можна было б пакінуць на ўзроўні 14 лютага, Дня закаханых — без дзяржаўных ушанаванняў, без афіцыйнага выходнага дня.

Вядомы беларускі мастак Алесь Пушкін таксама лічыць, што Дзень маці — больш удалы дзень для віншавання беларускіх жанчын:

— У сям’і мы 8 сакавіка не адзначаем, для нас гэтае свята савецкае. Але ўсё ж гэта традыцыя… Памятаю, мая старэйшая сястра, калегі па працы, настаўнікі — усе гэты дзень святкуюць, таму нігілістычна да гэтага свята ставіцца нельга. Нашыя бедныя жанчынкі і так маюць мала святаў, радасных нагодаў, асабліва сталае пакаленне — дык няхай адзначаюць. Я ж большы прыхільнік новага свята, абвешчанага некалькі гадоў таму — Дня маці.

 

Але, паводле словаў мастака, заўтрашні дзень для іх сям’і ўсё адно будзе святочным — Пушкіны будуць адзначаць вяртанне жонкі ды сына з 21-дзённага адпачынку ў гарадзенскім санаторыі.

 

Сусветна вядомы беларускамоўны кікбаксёр, 9-разовы чэмпіён свету па тайскім боксе Віталь Гуркоў, які цяпер знаходзіцца на спаборніцтвах у Лас-Вегасе, кажа, што для яго сям’і Міжнародны жаночы дзень — фармальнасць:

 

 

— Нас так выхоўвалі ў школе: дзяўчаты дораць хлопчыкам падарункі на 23 лютага, а хлопчыкі дзяўчатам — на 8 сакавіка. Абедзьве гэтыя даты для мяне не святы, а адбіткі мінулага. У маёй сям’і гэтыя дні толькі фармальнасць і штампы, накладзеныя цягам мінулых гадоў. Я б пакінуў толькі  8 сакавіка, каб мець магчымасць лішні раз выказаць павагу любімым жанчынам, але не на дзяржаўным узроўні.

 

Рэдакцыя “Новага Часу” віншуе ўсіх беларускіх жанчын ды дзяўчат з Міжнародным жаночым днём і зычыць кахання, радасці ды шчасця!

 

Фотаздымкі "Радыё Свабода", "Еўрарадыё"

Каментаваць