Мядзел. Паставы. Мір. Лельчыцы. Астравец.

Мядзел. Лідэр чартаў

Мядзел. Лідэр чартаў

Гурт «Dа! Бл…» з вёскі Нарач пасля перамогі на полацкім рок-фэсце «Ноч ваўкалака–2008» паабяцаў даць у «Тузін хітоў» адну з сваіх галоўных песень. Нарачанцы абяцанне стрымалі — у новым туры на «Тузіне хітоў» бярэ ўдзел іх песня «Паранойя», запісаная сёлета на Першамай у горадзе Вілейка. Музыкі прызнаюцца: самі не чакалі, што атрымаецца настолькі эмацыйна і прафесійна. «Гэта песня падабаецца абсалютна ўсім!» — кажа лідэр гурта Віктар Мароз. Гурт «Dа! Бл…» быў заснаваны шэсць гадоў таму ў вёсцы Нарач Мядзельскага раёна Мінскай вобласці сябрамі-аднакласнікамі Віктарам Марозам і Віталем Ананько. Яны неаднойчы змянялі склад амаль што цалкам, гублялі ўсе магчымыя і немагчымыя рэпетыцыйныя кропкі, прадзіраліся праз дэпрэсію ды адсутнасць хоць нейкіх перспектываў, але захоўваліся як творчая адзінка і няспынна канцэртавалі. У асноўным у бліжэйшых райцэнтрах — Паставах, Мядзеле. Апошнім часам музыкі актыўна выступаюць у Вілейцы і Глыбокім. Акрамя згаданай перамогі на фэсце «Ноч ваўкалака», яны бралі ўдзел у «Рок-Калядах–2008» у Горках, запісалі дэбютны альбом пад назвай «Пачвара», а цяпер працуюць над першым паўнавартасным дыскам, які плануюць выдаць на пачатку наступнага года.


Паставы. Дыпламаты знаёмяцца з Беларуссю

Адкрыць для замежных дыпламатаў невядомую ім Беларусь — такую мэту ставіла Галоўнае ўпраўленне па абслугоўванню дыпкорпуса і афіцыйных дэлегацый Беларусі, арганізуючы для іх днямі паездку ў Пастаўскі раён. Сюды пажадалі прыехаць нават чатыры паслы з жонкамі, а таксама супрацоўнікі пасольстваў Эстоніі, Швейцарыі, Галандыі, Румыніі, Кітая, В’етнама, КНДР, Венесуэлы, Індыі, Расіі, Ірака, Венгрыі, прадстаўнікі Еўрапейскага банка рэканструкцыі і развіцця, МВФ і Міжнароднай фінансавай карпарацыі — усяго 67 чалавек. Знаёмства з Паазер’ем яны пачалі з аграгарадка Камаі, дзе ў касцёле пабывалі на канцэрце арганнай музыкі. Вельмі насычанай на працягу 6 гадзін была праграма іх знаходжання ў Паставах. Гасцей прыняло кіраўніцтва раёна, правяло прэзентацыю сваіх інвестыцыйных магчымасцей. Удзельнікі паездкі агледзелі ўсе славутасці райцэнтра, прагуляліся па Палацу Тызенгаўза, наберажнай, Пастаўскім гарадскім парку, агледзелі рыначную плошчу, забудаваную ў ХVIII стагоддзі, храмы, музей, Дом рамёстваў «Стары млын».


Мір. У чаканні Крыса Нормана


Выступ сусветна знакамітага англійскага спевака адбудзецца ў мурах Мірскага замка апоўначы 21 чэрвеня і пройдзе ў межах серыі унікальных канцэртаў, якія адбудуцца тут з 19 па 21 чэрвеня згодна праекту «Музычныя вечарыны ў Мірскім замку». Культурная праграма разнастайная. «Опер-Мадэрн» прадставяць салісты і аркестр Нацыянальнага тэатра оперы і балета РБ: сусветная класіка ў сучаснай інтэрпрэтацыі. У гэтыя дні адбудзецца выступ Анжалікі Агурбаш з дачкою, украінскіх гуртоў «Воплі Відапласава» і «Акеан Эльзы» і шведскага «Ace of Bose». Мерапрыемствы завершацца феерверкам.


Лельчыцы. Шчэбень даў працу

На шчэбеневы завод «Глушкавічы» паступіла пяць новых «БелАЗаў», і цяпер агулам тут налічваецца 16 адзінак гэтай айчыннай тэхнікі, з дапамогаю якой здзяйсняецца вываз горнай масы. Акрамя таго, з Германіі былі пастаўлены 2 экскаватары. Гэта паспрыяла аднаўленню працы прадпрыемства, на якім яшчэ год таму зношанасць абсталявання складала 90 працэнтаў, а рабочыя звальняліся, бо заробкі былі малыя.

Аснова прадпрыемства — кар’ер «Сялянская ніва». На дадзены момант запасы кар’ера складаюць 350 мільёнаў кубаметраў. Спецыялісты гарантуюць, што ёсць дадатковыя плошчы здабычы парод яшчэ на 216 гектараў і ў глыбіню 130 метраў.

Прадукцыя завода запатрабавана не толькі ў дарожнай, але і ў будаўнічай сферы.


Астравец. Дапамаглі дзецям

«Зрабі крок — дапамажы нам, дапамагчы іншым». Пад такім дэвізам прайшла моладзевая акцыя «50 крокаў». У гандлёвы павільён «Мілена» людзі прыходзілі па розных прычынах: каго зацікавілі незвычайныя белыя сляды, што вялі ў краму, хто адгукнуўся на заклікі валанцёраў у майках з эмблемай Чырвонага Крыжа, якія запрашалі прыняць удзел у акцыі, а хтосьці проста зайшоў сюды за пакупкамі. Абыякавых не засталося: кожны прыняў удзел у акцыі — купіў сродак асабістай гігіены ці ахвяраваў грошы для хворых і малазабяспечаных дзетак. І сваім учынкам зрабіў кагосьці крыху шчаслівейшым. Па агульных выніках, у акцыі прынялі ўдзел больш за 300 чалавек. Сабрана 108 адзінак сродкаў асабістай гігіены і 355500 рублёў. Рэчы ўжо адправіліся дзецям, а на грошы закуплены памперсы.

Падрыхтаваў Язэп Палубятка

Каментаваць