Мясцовае самакіраванне без сродкаў і паўнамоцтваў

Палата прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі на восеньскай сесіі плануе разгледзець у другім чытанні праект закона «Аб мясцовым кіраванні і самакіраванні». Тым часам прадстаўнікі грамадзянскай супольнасці заклікаюць улады спачатку вызначыцца з канцэпцыяй мясцовага самакіравання. Эксперты ўпэўненыя, што заканадаўства павінна адпавядаць Еўрапейскай хартыі. Але наша краіна, у адрозненне ад суседзяў, яе яшчэ не ратыфікавала.

Палата прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі на восеньскай сесіі плануе разгледзець у другім чытанні праект закона «Аб мясцовым кіраванні і самакіраванні». Тым часам прадстаўнікі грамадзянскай супольнасці заклікаюць улады спачатку вызначыцца з канцэпцыяй мясцовага самакіравання. Эксперты ўпэўненыя, што заканадаўства павінна адпавядаць Еўрапейскай хартыі. Але наша краіна, у адрозненне ад суседзяў, яе яшчэ не ратыфікавала.

Асветніцкае грамадскае аб’яднанне «Фонд імя Льва Сапегі» спецыялізуецца на пытаннях мясцовага самакіравання. Яго прадстаўнікі раяць уладам даверыць аналіз беларускага заканадаўства спецыялістам Рады Еўропы і на падставе іх высноў распрацаваць новую нацыянальную канцэпцыю мясцовага самакіравання.

Фонд накіраваў зварот са сваімі прапановамі ў абедзве палаты Нацыянальнага сходу, у Адміністрацыю прэзідэнта, Канстытуцыйны суд, Міністэрства юстыцыі і іншыя зацікаўленыя міністэрствы і ведамствы, дыпламатычныя прадстаўніцтвы і міжнародныя структуры.

Старшыня праўлення «Фонду імя Льва Сапегі» Міраслаў Кобаса спадзяецца, што парламентарыі прыслухаюцца да меркавання прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасці.

— Мы не бачым ніякага сэнсу ў прыняцці парламентам дакумента ў такім выглядзе, у якім ён знаходзіцца цяпер. Праект закона быў распрацаваны ў 2007 годзе ў цалкам іншай палітычнай сітуацыі. Цяпер адбываецца больш кантактаў і з Еўракамісіяй, і з Еўрасаюзам, і з Радай Еўропы, — падкрэслівае Міраслаў Кобаса. — Да таго ж, Адміністрацыя прэзідэнта ўнесла гэты законапраект на разгляд парламента з мэтай уніфікацыі заканадаўства. Гэта ў большай ступені тэхнічная працэдура, чым даўно наспелая рэформа сістэмы, якая дазволіла б на справе прымаць рашэнні на мясцовым узроўні і максімальна задзейнічаць у гэтым працэсе шараговых грамадзян.

— Якія асноўныя прэтэнзіі экспертаў да праекту новага закона аб мясцовым самакіраванні?

— У праекце новага закона аб мясцовым самакіраванні захоўваецца самая галоўная з супярэчнасцяў, якія існавалі дагэтуль, — органы мясцовага кіравання на самай справе такімі ў Беларусі не з’яўляюцца. Яны не маюць ні паўнамоцтваў, ні фінансаў. Яны не валодаюць прыкметамі юрыдычнай асобы і абавязаныя абараняць агульнадзяржаўныя інтарэсы.

Формы ўдзелу грамадзян у мясцовым самакіраванні таксама застаюцца досыць абмежаванымі. У Канстытуцыі Беларусі прапісана, напрыклад, што грамадзяне ажыццяўляюць мясцовае самакіраванне таксама праз органы тэрытарыяльнага грамадскага самакіравання — мясцовыя рэферэндумы, выбары, мясцовыя сходы, праватворчую ініцыятыву. Але для таго, каб сёння правесці мясцовы рэферэндум, трэба сабраць не менш за 10 працэнтаў подпісаў ад колькасці грамадзян, якія пражываюць на дадзенай тэрыторыі. Гэта вельмі высокая планка.

Яшчэ адзін хітрык: рэферэндум праводзіцца па «пытаннях, якія маюць важнейшае значэнне». А хто вызначае важнасць? Міністэрства юстыцыі або яго структуры. Ці можна тады наогул назваць мясцовы рэферэндум формай прамога народаўладдзя, калі грамадзяне не могуць правесці яго без дазволу ўладаў? На маю думку, ужо сам факт збору подпісаў даказвае важнасць для грамадзян таго або іншага пытання.

Да таго ж, законам прадугледжана, што калі грамадзяне ініцыююць рэферэндум, то і праводзіцца ён павінен за іх кошт. Пры такіх складаных працэдурах і фінансавых выдатках грамадзяне сто разоў падумаюць, перш чым адважацца ініцыяваць рэферэндум.

У праекце новага закона нямала таго, што выразна сведчыць: заканадавец па-ранейшаму пабойваецца пашыраць магчымасці мясцовага самакіравання.

— Можаце прывесці пэўныя прыклады?


— Адзін з прынцыпаў мясцовага самакіравання — галоснасць. Але калі дакумент будзе прыняты ў цяперашнім выглядзе, то, на наш погляд, доступ да інфармацыі наконт працы мясцовых саветаў толькі ўскладніцца. У законе, які дзейнічае зараз, адзначаецца, што кожны грамадзянін мае магчымасць атрымаць дакументы, якія «непасрэдна закранаюць яго інтарэсы». У праекце новага закона гэтага ўжо няма. Другі нюанс — раней пра дзейнасць савета інфармавалі грамадскія арганізацыі, працоўныя калектывы, грамадзян. Цяпер загадана «інфармаваць арганізацыі і грамадзян». Кіруючыся такой фармулёўкай, саветы могуць інфармаваць выключна дзяржаўныя арганізацыі, а грамадскія — не.

— А ці ёсць у праекце новага закона станоўчыя змены?


— Так. Прынята палітычнае рашэнне пра стварэнне асацыяцый мясцовых органаў улады. Гэта пашырае магчымасці прадстаўлення інтарэсаў тэрытарыяльнага самакіравання перад цэнтральнымі органамі ўлады, урадам, Адміністрацыяй прэзідэнта. Ва ўсіх краінах — чальцах Рады Еўропы, напрыклад, любы закон, які датычыць мясцовага самакіравання, абавязкова падлягае ўзгадненню з асацыяцыяй мясцовых органаў улады.

Другі станоўчы момант — заканадавец зрабіў спробу раскласці паўнамоцтвы па ўзроўню кіравання, каб было зразумела, чым займаецца і за што адказвае сельскі савет. Гэта дазволіць пазбегнуць дублявання.

— У чым перавагі канцэпцыі мясцовага самакіравання, якая вызначана ў Еўрапейскай хартыі?

— Беларуская канцэпцыя развіцця мясцовага самакіравання грунтуецца на тым, што ўсе справы ў краіне — знізу да верху — з’яўляюцца дзяржаўнымі. Адсюль, саветы ў нас — дзяржаўныя органы, выканкамы таксама. Еўрапейская ж хартыя пабудавана на прынцыпе дуалізму — гэта значыць, мясцовае самакіраванне спалучае інтарэсы і дзяржавы, і мясцовай супольнасці. Бо мясцовае самакіраванне неабходна для абароны правоў грамадзян, таму што структур, якія адстойваюць дзяржаўныя інтарэсы, хапае.

Напрыклад, ці павінна дзяржава вырашаць, стаяць або не стаяць на вуліцах кіёскам? Ці патрэбны ў нейкі вёсцы аквапарк, або для яе жыхароў важней пабудаваць мост праз раку ці школу адрамантаваць? Гэтыя пытанні павінны знаходзіцца ў кампетэнцыі мясцовай супольнасці, якая лепш ведае свае праблемы. І мае права прэтэндаваць на тое, каб у яе распараджэнні заставалася хаця б частка грошай, якія адпраўляюцца наверх, а потым цэнтралізавана размяркоўваюцца так, што да мясцовага ўзроўню даходзяць дробязі — меней за два працэнты.

— А ёсць у шараговага грамадзяніна спосаб высветліць, куды сышлі сплачаныя ім падаткі?

— У нейкі ступені адказ на гэта пытанне дае закон аб бюджэце. Але гэта агульныя пазіцыі. Значна складаней даведацца, што канкрэтна зроблена каля майго дому і колькі гэта каштавала, колькі грошай было вылучана і колькі засвоена.

— Што рэальна можа сёння мясцовае самакіраванне?

— Калі прааналізаваць паўнамоцтвы саветаў, то з 25 пунктаў, прапісаных у законе, рэальнымі можна назваць 2–3. Сакрэт хаваецца ў тым, што савет прадстаўляе грамадзян, а бюджэтам распараджаецца адміністрацыйна-тэрытарыяльная адзінка. Па законе, савет — юрыдычная асоба, але не мае прыкметаў юрыдычнай асобы — у яго няма свайго рахунку, няма ўласнасці.

— Чаму так адбываецца?


— Таму што ў нас няма суб’ектаў самакіравання — таго, што на Захадзе называюць «абшчынай», «камунай», «гмінай», а па-беларуску можна было б назваць «грамадой». Тэрытарыяльная супольнасць грамадзян і павінна быць уласнікам.

— Як у цяперашніх умовах грамадзяне могуць праявіць сваю ініцыятыву?

— Могуць напісаць калектыўны зварот, могуць прапанаваць праект рашэння савета — але пра падобны прэцэдэнт я ні разу не чуў. Могуць сход правесці, але для гэтага трэба мець шмат трывання, выдаткаваць нямала сіл і ўкласці свае грошы. Але які сэнс у гэтых сходах, калі на іх не будуць прысутнічаць прадстаўнікі мясцовых органаў улады? А яны наведваць такія мерапрыемствы не абавязаныя.

— А ці гатовыя грамадзяне браць у свае рукі кіраванне на месцах і падзяляць адказнасць нароўні з дзяржаўнымі органамі?

— Такі падыход у грамадзян трэба выхоўваць. Але на самай справе, калі б у чалавека была рэальная магчымасць уплываць на тое, што адбываецца там, дзе ён жыве, я думаю, ніхто б не адмовіўся. Але пакуль людзі разумеюць: гэта гульня — выдаткуеш сілы і час, нажывеш ворагаў.

— Чаму дзяржава павінна быць зацікаўленая ў тым, каб абудзіць мясцовую ініцыятыву?

— Таму што тады, умоўна кажучы, прэзідэнту не трэба будзе дахі рамантаваць. У дзяржавы ёсць шмат іншых праблем, якія можа вырашыць толькі яна — на цэнтральным, на рэгіянальным узроўні. А на месцах людзі самі могуць зрабіць тое, што датычыць іх штодзённага існавання.

Гэта выгодна дзяржаве, у тым ліку і ў фінансавым плане. Калі ў Польшчы правялі рэформу самакіравання, то паслугі патаннелі на траціну. Калі ты пачуваешся гаспадаром, то ашчадней ставішся да сродкаў, якія выдаткоўваюцца. А сістэма вертыкалі не дае чалавеку магчымасці праявіць ініцыятыву.

— Што павінна зрабіць дзяржаву, калі яна зацікаўлена ў тым, каб развіваліся мясцовыя супольнасці?

— Добраахвотна адмовіцца ад часткі сваіх паўнамоцтваў. Вельмі моцна цэнтралізаваную ўладу і шараговых грамадзян сёння падзяляе велізарная прорва. Чыноўнік залежыць толькі ад вышэйшага начальства, і яму абыякавая рэакцыя людзей на яго дзеяння. У той жа час у Канстытуцыі запісана, што крыніцай улады з’яўляецца народ, што народ ажыццяўляе ўладу праз саветы. А мясцовае самакіраванне, у адпаведнасці з патрабаваннямі Еўрапейскай хартыі, не можа ўваходзіць у сістэму дзяржаўнай улады.

— Хто або што, на ваш погляд, можа падштурхнуць беларускую ўладу да дэцэнтралізацыі кіравання?

— Гэта пытанне палітычнае. Магчыма, нашу ўладу падштурхне да разумення гэтага жаданне ўвайсці ў еўрапейскія структуры. Я спадзяюся, што на самім высокім узроўні дзяржаўнага кіравання ёсць людзі, якія глядзяць на перспектыву і ўсведамляюць, што дзяржаве трэба развівацца, а «вертыкаль» на дадзеным этапе тармозіць гэта развіццё.

— Калі хуткім часам будзе прынята палітычнае рашэнне пра змену канцэпцыі ў адпаведнасці з Еўрапейскай хартыяй, то колькі яшчэ часу спатрэбіцца, каб мясцовае самакіраванне ў Беларусі атрымала такое ж развіццё, як, напрыклад, у Польшчы?

— Польшча — адзін з самых удалых прыкладаў укаранення сістэмы мясцовага самакіравання сярод краін былога сацлагеру. 20 гадоў мінула з тых часоў, як у гэтай краіне была зменена канцэпцыя мясцовага самакіравання, але нельга сказаць, што ўсе праблемы ўжо вырашаныя. Шараговыя беларускія грамадзяне адчуюць вынікі не менш чым праз 5–7 гадоў. На некаторыя рэчы, у тым ліку і на падвышэнне прававой культуры — як з боку грамадзян, так і з боку чыноўнікаў, — трэба час. Пачынаць варта цяпер. Калі, вядома, зыходзіць з таго, што Беларусь — частка Еўропы.
 

Марына Загорская, рэдактар сайта «Заўтра тваёй краіны»

Каментаваць