Мясцовыя выбары па новым заканадаўстве

Улады Беларусі вырашылі прадэманстраваць Захаду імгненную гатоўнасць да дэмакратыі. У першым чытанні 104 дэпутаты Палаты прадстаўнікоў аднагалосна выказаліся за ўнясенне змяненняў і дапаўненняў у выбарчае заканадаўства Беларусі.



Улады Беларусі вырашылі прадэманстраваць Захаду імгненную гатоўнасць да дэмакратыі. У першым чытанні 104 дэпутаты Палаты прадстаўнікоў аднагалосна выказаліся за ўнясенне змяненняў і дапаўненняў у выбарчае заканадаўства Беларусі.

130 паправак у 45-ці артыкулах Выбарчага кодэкса закранаюць працэдуру выбараў ад фарміравання выбарчых камісій да вылучэння кандыдатаў. Па словах старшыні Цэнтрвыбаркама Лідзіі Ярмошынай, выбарчыя камісіі атрымаюць больш незалежнасці ад органаў улады. У прыватнасці, прапануецца забараніць мясцовым выканаўчым і распарадчым органам улады ўключаць сваіх прадстаўнікоў у склад выбарчых камісій. Чыноўнікі могуць складаць не больш адной траціны выбарчай камісіі, 30 працэнтаў сябраў выбарчай камісіі абавязкова павінны быць з палітычных партый і грамадскіх аб’яднанняў.

Лідзія Ярмошына адзначыла, што «істотны аб’ёмны блок» паправак закранае спрашчэнне парадку вылучэння і рэгістрацыі кандыдатаў у дэпутаты і прэзідэнты. Па яе словах, за апошнія гады значна скарацілася колькасць прэтэндэнтаў, якіх вылучаюць ад партый: у параўнанні з парламенцкімі выбарамі 2004-га і 2008 гадоў іх стала ў 6 раз менш. Таму плануецца спрасціць збор подпісаў, дазволіць вылучэнне кандыдатаў па ўсіх акругах, незалежна ад наяўнасці там структуры партыі. Збор подпісаў можна будзе ажыццяўляць у выглядзе пікету і без дазволу на гэта мясцовых уладаў. «Напярэдадні выбарчай кампаніі мясцовыя ўлады вызначаць месцы, дзе нельга будзе праводзіць пікеты», — паведаміла старшыня ЦВК. У астатніх месцах збіраць подпісы будзе дазволена.

Спросціць жыццё кандыдатам у дэпутаты і прэзідэнты норма пра тое, што яны не нясуць адказнасць за забеспячэнне грамадскага парадку на перадвыбарчых мерапрыемствах. Упершыню ў Беларусі кандыдатам у дэпутаты і прэзідэнты дазволяць фармаваць асабістыя выбарчыя фонды. Сродкі можна будзе накіроўваць на фінансаванне агітацыі. Для кандыдатаў у прэзідэнты вызначана мяжа агульнага аб’ёму фонду да 3 тысяч базавых велічынь (цяпер гэта 105 мільёнаў рублёў), для кандыдатаў у дэпутаты — 1 тысяча базавых велічынь (35 мільёнаў рублёў). Пералічваць сродкі ў фонды могуць толькі грамадзяне і юрыдычныя асобы Беларусі. Фінансавая дапамога з-за мяжы забаронена.

Прапануецца таксама змяніць падставы для адмовы ў рэгістрацыі кандыдатаў. У прыватнасці, памылкі ў біяграфічных звестках не будуць з’яўляцца падставай для адмовы. А памылкі ў дэкларацыі аб прыбытках і маёмасці могуць быць падставай для адмовы толькі ў выпадку, калі носяць істотны характар і інфармацыя была ўтоена наўмысна.

Лідзія Ярмошына лічыць, што «патрабаванні Еўрасаюза і АБСЕ максімальна ўлічаныя — на 85–90 працэнтаў». Аднак у Бюро па дэмакратычных інстытутах і правах чалавека (БДІПЧ) АБСЕ папраўкі ў Выбарчы кодэкс пакуль не накіраваныя, і зваротнага каментару на конт мяркуемых новаўвядзенняў не было. Чакаецца, што ў другім чытанні законапраект будзе разгледжаны Палатай прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу 10 снежня.

Нягледзячы на шэраг палёгкаў, у выбарчае заканадаўства так і не былі ўнесеныя змены, якія датычацца найперш адкрытага падліку галасоў для назіральнікаў. Ва ўмовах Беларусі гэта азначае, што на папярэдніх этапах бліжэйшых выбарчых кампаніях будзе мець месца пэўны лібералізм, але выніковыя і галоўныя працэдуры па-ранейшаму застануцца закрытымі для кантролю.

На хвалі дыялогу з Захадам бліжэйшая выбарчая кампанія ў мясцовыя саветы хутчэй за ўсё пройдзе адносна ліберальна. Аднак трэба ўлічваць, што ў апазіцыі наўрад ці хопіць рэсурсу, каб ахапіць усе выбарчыя акругі — праца, як звычайна, будзе кропкавай, і прарыву чакаць не варта. Еўропа, якая надзвычай зацікаўлена ў развіцці адносінаў з Беларуссю, прыме вынікі выбараў нават з парушэннямі, як тое было пасля апошняй парламенцкай кампаніі, што ў сваю чаргу будзе своеасаблівым заахвочваннем афіцыйнаму Мінску.

Зрэшты, ужо даўно бачна, што гульня ідзе па мясцовых, а не брусельскіх правілах. А апазіцыя паступова ўключаецца ў працэс легалізацыі ўлады. Істотны момант: каб змяніць цяперашнюю сітуацыю ў грамадска-палітычным сектары, адных паправак у выбарчае заканадаўства недастаткова. Палітычнай сістэме Беларусі гэтыя папраўкі як мёртваму прыпаркі. Але ж добра ўпісваюцца ў «павольныя крокі» насустрач дэмакратыі.

Каментаваць