Мясцовыя улады вернуць шыльду ў гонар паўстанцаў 1863 года толькі праз суд

На Мілавідскай сярэдняй школе ў Баранавіцкім раёне знікла шыльда ў гонар кіраўніка Мілавідскай бітвы 1863 года Аляксандра Лянкевіча. Улады яе вяртаць адмаўляюцца, ігнаруючы меркаванне сотняў жыхароў рэгіёна.



20 гадоў таму, падчас святкавання 130-х угодкаў Мілавідскай бітвы касінераў Кастуся Каліноўскага з царскім войскам, Мілавідскай сярэдняй школе было нададзена імя Аляксандра Лянкевіча. На будынку школы з’явілася адпаведная шыльда, але, як заўважылі мясцовыя актывісты, цяпер яе там няма.

Грамадскія актывісты звярнуліся да мясцовых уладаў з просьбай вярнуць шыльду на месца. У падтрымку сваё ініцыятывы яны сабралі 214 подпісаў.

Але на свой зварот атрымалі даволі дзіўны адказ. У лісце за подпісам в.а. старшыні Мілавідскага сельскага выканаўчага камітэта Давідовіч Н.В. сцвярджаецца, што рашэнне аб прысваенні школе імя Аляксандра Лянкевіча ніколі не прымалася і што вяртаць шыльду сельвыканкам не будзе.

— Гэта няпраўда, бо каб павесіць металічную шыльду на дзяржаўным будынку заўсёды патрэбен быў дазвол уладаў. Многія мясцовыя чыноўнікі мне казалі, што на свае вочы бачылі рашэнне аб наданні Мілавідскай СШ імя Аляксандра Лянкевіча, і, больш таго, асабіста прысутнічалі пры ўрачыстым адкрыцці шыльды ў 1993 годзе, — адзначыў адзін з ініцыятараў вяртання шыльды Віктар Сырыца.

Грамадскі актывіст не выключае, што вырашаць праблему прыйдзецца праз суд.

gazetaby.com

Каментаваць