Мясцовыя выбары: пакуль што без апазіцыі

Мы і не заўважылі, што літаральна пасля Новага года скончыўся першы этап кампаніі па выбарах у мясцовыя Саветы. Зараз ужо сфармаваныя тэрытарыяльныя і акруговыя выбарчыя камісіі. 



З 12 студзеня пачынаецца праца па вылучэнні кандыдатаў у дэпутаты гэтых саветаў. Але пакуль што выбары праходзяць у звыклым рэжыме — практычна без апазіцыі.

Кампанія па назіранні «Права выбару» якраз падвяла папярэднія вынікі першага этапу выбараў. Як заўсёды, было канстатавана, што выбары праходзяць па звыклым сцэнары, «абкатаным» ужо шмат гадоў: улады па-ранейшаму не дапускаюць прадстаўнікоў апазіцыі да кантролю за падлікам галасоў. Нават нягледзячы на тое, што акруговыя і тэрытарыяльныя камісіі непасрэдна галасы грамадзян не лічаць, а толькі падсумоўваюць вынікі па галасаванні на ўчастках.

Каардынатар «Права выбару» Ігар Лялькоў адзначыў, што, нягледзячы на ўсе змены ў Выбарчы кодэкс, працэдура фармавання акруговых і тэрытарыяльных камісій засталася не тое што ранейшай — значна пагоршала. «Як заўсёды, у абсалютнай большасці выпадкаў,  пасяджэнні органаў, якія фармуюць камісіі, адбываліся без абмеркавання вылучаных кандыдатураў, а праз зацвярджэнне загадзя падрыхтаваных спісаў», — паведаміў Лялькоў. Так што не дзіва, што ў склад камісій, як звычайна, патрапалі, прадстаўнікі, па ягоных словах, «праўладных квазіпартыяў і псеўдаграмадзянскіх аб’яднанняў».

Просты прыклад: арганізацыямі — удзельніцамі «Права выбару» было вылучана 9 прэтэндэнтаў на ўваходжанне ў Берасцейскую, Віцебскую і Мінскую абласныя, і Берасцейскую, Гродзенскую і Мінскую гарадскія камісіі. З іх толькі Сяргей Алексяевіч (Партыя БНФ) патрапіў у склад Берасцейскай абласной выбарчай камісіі. У той самы час працэнт уключэння асноўных праўладных арганізацый у склад гэтых самых камісій ад лічбы вылучаных уражвае. «Белая Русь» — 96,7%, БРСМ — 97,4%, Беларускі саюз жанчын — 98,3%, Беларускае грамадскае аб’яднанне ветэранаў — 96,2%, праўладная Камуністычная партыя Беларусі — 95,9%, Рэспубліканская партыя працы і справядлівасці — 88,9%, Беларуская аграрная партыя — 100%, Беларуская патрыятычная партыя — 100%, Беларуская сацыяльна-спартыўная партыя — 100%.

У склад акруговых выбарчых камісій «Права выбару» вылучыла 56 прэтэндэнтаў. Патрапілі ў іх толькі трое — Ігар Меншыкаў у склад Бярозаўскай АВК №24, Лера Сом — у Полацкую цэнтральную АВК №25, Аляксей Чарняеў — у Сенненскую АВК №19.

Пры гэтым нельга сказаць, што апазіцыя неяк неактыўна і абыякава паставілася да вылучэння сваіх прадстаўнікоў у тэрытарыяльныя і акруговыя камісіі. Па словах Лялькова, актыўнасць у вылучэнні была амаль такая ж, як і на мясцовых выбарах 2010 года.

Тады апазіцыя вылучыла ў ТВК і АВК агулам 229 чалавек, зараз — 227. Але ж лічбы ўключаных уражваюць: калі ў 2010 годзе сябрамі ТВК і АВК сталі 87 чалавек, то сёлета — толькі 16! То бок, у параўнанні з мясцовымі выбарамі 2010 года колькасць прадстаўнікоў апазіцыі ў акруговых і тэрытарыяльных камісіях знізілася ў шэсць з паловай разоў!

Адмовы ва ўключэнні ў склад ТВК і АВК сваіх прадстаўнікоў у судовым парадку абскардзілі толькі дзве партыі — Беларуская партыя левых «Справядлівы свет» і Партыя БНФ. Ніводная са скаргаў задаволеная не была.

Такім чынам, «Права выбару» канстатавала: ужо на першым этапе выбарчай кампаніі ўлады груба парушылі прынцып роўнасці правоў палітычных партый і арганізацый, незалежна ад іх палітычнай скіраванасці на ўдзел у арганізацыі і правядзенні выбараў. Сфармаваныя ў снежні 2013 — студзені 2014 года ТВК і АВК па выбарах дэпутатў мясцовых Саветаў амаль выключна складаюцца з максімальна лаяльных да ўлады асобаў, гатовых выканаць любы яе загад. У гэтых умовах магчымасць забеспячэння празрыстасці і дэмакратычнасці выбарчых працэдураў камісіямі ў такім складзе, а таксама ўвогуле правядзення свабодных і справядлівых выбараў пры захаванні роўнасці правоў усіх кандыдатаў у дэпутаты выклікае вялікія сумневы.

Затое можна паразважаць, чаму ўлада спужалася мясцовых выбараў. Мясцовыя выбары, як вядома, не карыстаюцца папулярнасцю ў насельніцтва. Па новых зменах у Выбарчы кодэкс, на іх нават адменены парог яўкі. Шмат нараканняў было і на тое, што мясцовыя дэпутаты насамрэч нічога не вырашаюць, і не распараджаюцца нават бюджэтам той адміністрацыйнай адзінкі, дзе яны абраныя. Паўнамоцтваў у іх — амаль ніякіх, за выключэннем, можа быць, права накіраваць некаму дэпутацкі запыт, ад якога проста так не адмахнешся. І тым не менш, улада звыкла запусціла механізм кантролю над камісіямі нават у такіх выбарах.

Падаецца на тое, што тактыка апазіцыі па працы «ад народа» ўрэшце дала свой плён. Ад часу прэзідэнцкіх выбараў 2010 года і парламенцкіх выбараў 2012-га, падаецца, не было аніводнай апазіцыйнай структуры, якая б не агучыла свае планы па «вырашэнні праблемаў людзей на месцах». Найбольш плённа на гэтай ніве папрацавалі «народныя дэпутаты» «Грамадзянскай дамовы» кампаніі «Гавары праўду!» і сябры БХД з Рады народных дэпутатаў. Шмат кампаніяў па вырашэнні мясцовых праблемаў правялі і іншыя апазіцыйныя структуры, займеўшы някепскія напрацоўкі і аўтарытэт менавіта сярод жыхароў сваіх гарадскіх раёнаў і вёсак.

Пэўна, гэтая праца была заўважаная, і не толькі тымі, каму «народныя дэпутаты» дапамаглі вырашыць свае праблемы — уладай таксама. Пры поўнай адсутнасці працы ад «афіцыйных» мясцовых дэпутатаў, «народныя дэпутаты» набіралі аўтарытэт і вядомасць. І зараз у іх вельмі складана адабраць гэтую вядомасць і падтрымку. Да таго ж кожны з іх можа сказаць: «Вось гэта я зрабіў, не будучы дэпутатам. А як я разгарнуся, калі атрымаю афіцыйны статус!»

І справа нават не ў тым, што «разгарнуцца». Дзяржаўныя чыноўнікі, бадай, былі бы рады, каб у гэты складаны час хоць нехта прыйшоў бы ім на дапамогу па вырашэнні надзённых праблемаў, кшталту асфальтавання дарогаў і ўкручвання лямпачак у пад’ездах. Быў бы час заняцца разгрузкай складоў і іншымі больш глабальнымі рэчамі.

Але ж справа ў тым, што, калі даць гэтым «народным», афіцыйны статус мясцовага дэпутата, то на мясцовым дэпутацтве яны не спыняцца. Яны дапамогуць у вырашэнні надзённых праблемаў, але атрымаюць яшчэ большую падтрымку і наступным разам палезуць у Палату прадстаўнікоў. А вось гэта ўжо больш небяспечна.

Таму нават пры ўсёй «няважнасці» выбараў у мясцовыя саветы, выгляд якой будуць старанна рабіць улады, пры ўсёй нібыта «непатрэбнасці» Саветаў і іх «нічоганевырашальнасці», улада будзе трымаць гэтыя выбары ў жорсткім кантролі. І мясцовая кампанія, да якой так скептычна ставіцца апазіцыя, таксама наўрад ці будзе лёгкай. І не толькі для патэнцыйных кандыдатаў — для ўлады таксама. Асабліва, калі супрацьстаяць ёй будзе «народны дэпутат», які ўсур’ёз разлічвае на перамогу.

Каментаваць