Медыяландшафт краінаў Усходняй Еўропы

На прэс-канферэнцыі кіраўнікоў Беларускай асацыяцыі журналістаў (БАЖ) 18 красавіка адбылася прэзентацыя дакладу “Свабода медыя ў краінах Усходняга Партнёрства–2013”, маніторынгу канфліктаў у сферы СМІ ў Беларусі за 2013 год, а таксама электроннага бюлетэня “СМІ ў Беларусі” за першы квартал 2014 года.



Як паведаміў намеснік старшыні БАЖ Андрэй Бастунец, даклад “Свабода медыя ў краінах Усходняга Партнёрства–2013” быў падрыхтаваны міжнароднай грамадскай арганізацыяй “Internews-Україна” на падставе апытання медыяэкспертаў у кожнай з шасці краінаў-удзельніц Усходняга партнёрства — Азербайджане, Арменіі, Беларусі, Грузіі, Малдове ды Украіне. Даклад ахоплівае перыяд з сакавіка па снежань 2013 года і з'яўляецца аналітычным прадуктам праекта “Маніторынг свабоды медыя краінаў Усходняга партнёрства”, які ажыццяўляецца пры падтрымцы Еўрапейскага Саюза.

Мэты і задачы праекта

Мэтаю праекта ёсць падтрымка свабоды медыя ў азначаных вышэй краінах шляхам інфармавання іх грамадзянаў, а таксама міжнароднае супольнасці пра сітуацыю з выкананнем правоў і свабодаў журналістаў.

Як адзначаюць аўтары дакумента, усе пазначаныя краіны маюць шмат агульнага ў гісторыі і шляхах развіцця, а таксама падобныя праблемы ў галіне медыя. Індэкс свабоды медыя вымярае ўзровень іх свабоды ў рэгіёнах Усходняга партнёрства, адлюстроўвае, у якой ступені і медыя, і журналісты маюць магчымасць рэалізаваць свае правы і свабоды без кантролю і ціску з боку ўладаў, уласнікаў альбо блізкіх да іх структураў. Метадалогія даследвання грунтуецца на штоквартальным экспертным апытанні, яна ўвабрала ў сябе лепшыя падыходы тых індэксаў свабоды слова, якія ўжо напрацаваныя міжнароднай супольнасцю.

У якасці экспертаў былі запрошаныя 60 адмыслоўцаў (па 10 ад кожнай краіны) — мясцовых журналістаў, праваабаронцаў, юрыстаў, сацыёлагаў, грамадскіх дзеячоў, што маюць не менш як пяцігадовы досвед працы ў сваёй галіне і падтрымліваюць цесныя прафесійныя стасункі з медыя-сферай. Праўстаўнікі ўлады і палітычных партыяў дзеля аб’ектыўнасці вызначэння медыяландшафта рэгіёна не прыцягваліся.

Беларусь — на апошнім месцы

Даклад падзяляецца на чатыры асноўныя раздзелы — “Палітыка”, “Практыка”, “Тэлерадыёвяшчанне” і “Інтэрнет і новыя медыя”. Па ўсіх параметрах Беларусь у 2013 годзе істотна саступіла ўсім астатнім краінам-удзельніцам Усходняга партнёрства (глядзі інфаграму БАЖ). 

«Свабода медыя ў краінах Усходняга Партнёрства-2013» (Інфаграфіка)

Сітуацыя не радуе

Як адзначыў намеснік старшыні БАЖ Аляксандр Старыкевіч, такая сітуацыя не можа радаваць. Паводле ягоных словаў, гэта звязана з адпаведным стаўленнем кіраўніка дзяржавы і ўсёй улады да незалежных медыя як да інстытута. Стаўленне гэта стабільна кепскае цягам ужо амаль дваццаці гадоў, таму не варта чакаць на змены да лепшага. “Хутчэй, з улікам таго, што наперадзе кампанія па выбарах кіраўніка дзяржавы ў 2015 годзе, гэта зазвычай вядзе да ўзмацнення рэпрэсіяў супраць незалежных медыя”, — мяркуе Старкевіч.

Прамоўца звярнуў увагу на такую цікавую акалічнасць: сёння, нічога не змяняючы па сутнасці, беларускія ўлады выглядаюць крыху інакш на тле таго, што адбываецца ў Расіі ды Украіне. “Аднак гэта не ёсць сведчаннем таго, што беларускія ўлады сталі лепшымі. Але ў нас на дадзены момант няма ніякага палітычнага крызісу, які б выплёскваўся на вуліцы, таму няма ніякіх патрэбаў у дадатковым заціскванні шрубаў у дачыненні да незалежных СМІ. Такія факты ёсць і зараз, але ўсё адбываецца ў больш-менш павольным рэжыме, да якога мы ўжо ў значнай ступені прызвычаіліся”, — адзначыў намеснік кіраўніка БАЖ.

Прафесійнае выгаранне

Аляксандр Старыкевіч звярнуў увагу яшчэ на ажну важную акалічнасць. “Мы досыць часта і шмат кажам пра праблемы, якія стварае нам улада. Аднак сёння, можа быць, варта памятаць пра наступнае: хуткасць і аб’ёмы інфармацыйнага патоку ўвесь час нарастаюць. За пяць гадоў колькасць загалоўкаў, тэкстаў, кантэнту значна пабольшала, прытым што людзей у рэдакцыях пераважна больш не стала. Аднаму журналісту з прычыны частай недаўкамплектаванасці рэдакцыяў даводзіцца працаваць за двух, а то і за трох. Канешне, усе нашы прафесійныя подзвігі — гэта справа пачэсная, але яны маюць і свае негатыўныя наступствы: гэта хранічная стомленасць і прафесійнае выгаранне. Гэта таксама адзін з выклікаў, які, незалежна ад таго, якая будзе ўлада ў Беларусі, паўстане перад журналістыкай. І гэта тое, пра што таксама трэба памятаць і спрабаваць вырашаць гэтую праблему часткова ўжо сёння”, — падкрэсліў Старыкевіч.

Год 2014 — новыя негатывы

Па словах Андрэя Бастунца, які прэзентаваў ужо згаданы вышэй штоквартальны бюлетэнь “СМІ ў Беларусі”, пра адсутнасць сістэмных зрухаў да лепшага сведчаць як негатыўныя тэндэнцыі мінулага года, так і непрыемныя для незалежных СМІ падзеі пачатку года бягучага. 

Пры канцы мінулага года мы бачылі, як дзяржава, фактычна ўрэгуляваўшы традыцыйныя медыя, імкнецца распаўсюдзіць кантроль на інтэрнэт, на кнігавыдавецтва і нават на кніжны распаўсюд. Апошнім часам у зону асаблівай увагі трапілі блогеры і інтэрнэт-актывісты”, — канстатуе юрыст.

Усё больш шырока практыкуецца распаўсюд фальшывак у інтэрнэце, прычым як ад імя журналістаў, так і на іх адрас. У красавіку адбыўся “накат” на калег, якія супрацоўнічаюць з замежнымі медыя, а таксама на распаўсюднікаў маланакладных СМІ. Прычым шмат у якіх выпадках міліцыя складае пратаколы за “незаконны выраб і распаўсюд прадукцыі СМІ” (частка 2 артыкула 22.9  Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях).

Самае абуральнае, што пад “незаконным вырабам” міліцыя разумее, напрыклад, здымкі тэлесюжэта. Гэта зусім недарэчная трактоўка закона, бо журналіст толькі збірае і рыхтуе інфармацыю, а “вырабляе прадукцыю СМІ” рэдакцыя”. Зразумела, судовыя рашэнні будуць абскраджвацца. Але цікава, чаму менавіта ў красавіку пачаліся такія выпадкі ў рэгіёнах?” — задаецца пытаннем намеснік старшыні БАЖ.

Калі рабіць агульную выснову, то лёгкага жыцця незалежным жерналістам і медыя ў Беларусі чакаць не даводзіцца. А вось новых падводных камянёў для іх працы і жыцця можа з’явіцца яшчэ больш.    

Каментаваць