Мёры. Вілейка. Глыбокае. Наваполацк. Масты.

Мёры. Даўніну — з аўкцыёну

Мёры. Даўніну — з аўкцыёну

Мясцовыя ўлады ўжо запланавалі прадаць з аўкцыёну сядзібу Рудніцкіх у вёсцы Асада-Дзедзіна. Гэта пабудова пачатку ХІХ стагоддзя доўгі час стаіць закінутая. У савецкія часы тут знаходзілася калгасная кантора, затым — клуб. З 1985 года былы маёнтак пустуе, будынак разбураецца. Да 2003 года сядзіба нікому ўвогуле не належала. Раённыя ўлады мелі намер правесці рэстаўрацыю будынка, але не знайшлі сродкаў нават на праектную дакументацыю, таму і прынялі такое рашэнне. Першапачатковы кошт пабудовы складае каля 200 мільёнаў беларускіх рублёў. Пакупнік яшчэ павінен узяць на сябе ўсе клопаты і выдаткі па рэстаўрацыі. Надзеі, што пры такіх умовах хтосьці купіць сядзібу, няма. Як і на тое, што знойдуцца багатыя нашчадкі Рудніцкіх і захочуць набыць помнік як памяць пра продкаў. Між іншым, апошні Рудніцкі вымушаны быў прадаць сядзібу за даўгі.


Вілейка. Гісторыя і сучаснасць у фотаздымках

У гарадскім цэнтры мастацкай творчасці навучэнцаў адкрылася фотавыстава, прысвечаная гісторыі і сучаснасці горада пад назвай «Вілейка ад старажытнасці да сучаснасці». Выставу арганізаваў мясцовы краязнаўчы музей (дырэктар Ганчар С. Н.) і Вілейскі цэнтр мастацкай творчасці навучэнцаў (дырэктар Захарыч Т. М.). Дзейнічаць яна будзе на працягу лютага. Паглядзець здымкі можна наведаўшы выставу ці на сайце www.vialejka.org.
 

Глыбокае. Усё пра камяні

Вядомая даследчыца Людміла Дучыц, якая шмат высілкаў прыклала, каб вывучыць дахрысціянскую спадчыну рэгіёна, вынайшла спосаб пазнаёміць прыхільнікаў даўніны са сваёй апошняй працай. На сайце www.kryuja.org з’явіўся яе артыкул. Ён прысвечаны культавым камяням, якія ўсё яшчэ сустракаюцца дзе-нідзе ў гэтых краях. Напрыклад, так званы «чортаў камень» ёсць ля вёскі Вялец. У прыватнасці, пра такія камяні Дучыц піша: «Паданні пра чортавы камяні ў Беларусі, Літве і Латвіі тоесныя ды зводзяцца ў асноўным да шасці сюжэтаў. Паводле першага сюжэта, камень — гэта дом чорта (чорта-краўца або чорта-шаўца). Другі сюжэт паданняў звязаны з чортам, які змагаўся з хрысціянствам. Звычайна кажуць, што чорт нёс камень, каб заваліць дзверы бажніцы, але прапеў певень, і чорт выпусціў камень. Трэці сюжэт падобны да другога: у ім чорт хацеў засыпаць раку (возера), але прапеў певень. Паводле чацвёртага, каля каменя ўначы збіраюцца чэрці — яны скачуць або гуляюць у карты. У пятым чорт каля каменя здзекаваўся з падарожнікаў — прымушаў іх танчыць або распранаў ды клаў спаць на камяні. Шосты сюжэт звязаны са слядамі чорта. Даследчыкі лічаць, што гэтыя паданні чымсьці перакрыжоўваюцца з паданнямі пра старажытнага бога Вялеса.


Наваполацк. Творчыя сустрэчы працягваюцца

Па запрашэнні суполкі «Рубон» гарадской арганізацыі Таварыства беларускай мовы і ініцыятывы «Будзьма» адбылася творчая сустрэча з Андрэем Хадановічам. З-за дрэннага надвор’я машына з А. Хадановічам, І. Логвінавым і маладымі паэтамі ледзьве даехала да горада. У выніку снег і сумёты перашкодзілі паэтычнаму дэсанту паспець на выступ у адну са школ горада. Але аматары беларускай паэзіі ўсе ж дачакаліся выступоўцаў у бібліятэцы імя Я. Коласа. Першым выступаў Віталь Рыжкоў, які прачытаў нізку сваіх твораў і перакладаў амерыканскіх паэтаў. Верш пра «настаўнікаў і юрыстаў» не пакінуў абыякавай аўдыторыю, значную частку з якой якраз гэтыя студэнты-юрысты і гісторыкі складалі. Анка Упала эпатажавала ўсіх сваімі вершамі, «жэншчынай з вядром на галаве», расчаравала некаторых слухачоў сваёй здрадай родным мясцінам і пераездам у сталіцу.

Цікавыя творы чыталі «першы рускамоўны літаратар «Будзьмы» Павал Анціпаў, перакладчыца Алена Пятровіч. Напрыканцы цэлую гадзіну трымаў цікаўнасць публікі сам Андрэй Хадановіч. Вершы ён перамяжоўваў успамінамі з дзяцінства, цікавымі гісторыямі, хваласпевамі і рэкламай на карысць І. Логвінава і яго выдавецтва.


Масты. Эканомія на дзецях


У мастоўскім дзіцячым яслях-садку №4 тэмпература нават падчас пацяплення надвор’я не падымалася вышэй за 18 градусаў. У лютыя маразы ў асобных памяшканнях тэмпература апускалася да ўзроўню 12–15 градусаў. Згодна з санітарнымі нормамі Беларусі, тэмпература паветра ў зоне адпачынку садовай групы павінна быць на ўзроўні +19–21, у спальнай ясельнай групы +20–22, у прыёмнай ясельнай групы +21–23 градусы.

На працягу ўсяго зімовага перыяду бацькі звярталіся да кіраўніцтва садка з просьбай вырашыць гэту праблему. У сваю чаргу загадчыца прыцягвала ўвагу да гэтай праблемы кіраўніцтва аддзела адукацыі райвыканкама, а таксама камунальшчыкаў. Санэпідэмстанцыя таксама праводзіла замеры тэмпературы ў памяшканні і выпісвала прадпісанні па парушэнні тэмпературнага рэжыму. Аднак ніякіх зрухаў. Зіма заканчваецца, а дзеці працягваюць мерзнуць, хварэць. Як да апошняй інстанцыі, каб вырашыць гэтую праблему, бацькі звярнуліся да дэпутата райсавета Дзмітрыя Кухлея, які адправіў дэпутацкі запыт да загадчыка аддзела адукацыі райвыканкама з патрабаваннем прыняць меры давядзенні тэмпературы ў памяшканні да нормы.

Падрыхтаваў Язэп Палубятка

Каментаваць